Кароткая гісторыя БДУ
Рашэнне аб стварэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта было прынята Цэнтральным Выканаўчым Камітэтам Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі 25 лютага 1919 года. Аднак арганізацыйныя работы па яго адкрыцці зацягнуліся ў сувязі з часовай акупацыяй Мінска. У маі 1921 года быў аб’яўлены прыём на рабочы факультэт, а 11 ліпеня на ўрачыстым пасяджэнні ў гарадскім тэатры быў абнародаваны тэкст Дэкрэта аб адкрыцці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. 30 кастрычніка адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны пачатку заняткаў.
Першым рэктарам універсітэта Народны камісарыят асветы БССР прызначыў выдатнага гісторыка-славіста, выпускніка гісторыка-філалагічнага факультэта МДУ, прафесара Уладзіміра Іванавіча Пічэту. Ён узначальваў БДУ на працягу 8 гадоў і ўнёс значны ўклад не толькі ў справу развіцця факультэта, але і вышэйшай школы і навукі ў цэлым у рэспубліцы. Прафесарска-выкладчыцкі склад у асноўным быў сфарміраваны кадрамі Маскоўскага, Казанскага і Кіеўскага ўніверсітэтаў. Першымі прафесарамі ўніверсітэта Дзяржаўны вучоны савет прызначыў В. Г. Кнорына (палітэканамія), У. М. Ігнатоўскага (гісторыя Беларусі), У. М. Іваноўскага (філасофія і педагогіка), І. М. Салаўёва (педагогіка); Д. П. Канчалоўскага, У. М. Перцава, М. М. Нікольскага, У. І. Пічэту, Д. А. Жарынава, С. З. Кацэнбогена, Ф. Ф. Турука, А. А. Савіча (гісторыя), М. А. Янчука (этнаграфія), С. Я. Вальфсона, В. В. Якуніна (эканоміка), Е. Е. Святаслаўскага (статыстыка), М. М. Андрэева (фізіка), Б. М. Беркенгейма (хімія), М. Б. Кроля (медыцына), П. І. Карузіна (анатомія), А. Ф. Фядзюшына (заалогія) і інш.
1 лістапада 1921 г. на трох факультэтах – рабочым, медыцынскім і грамадскіх навук – пачаліся рэгулярныя заняткі для 1390 студэнтаў. На ўсіх факультэтах БДУ ў 1921 1922 гг. працавалі 14 прафесараў, 49 выкладчыкаў, 10 асістэнтаў, 5 лабарантаў і загадчыкаў кабінетаў.
У 1922 годзе са складу факультэта грамадскіх навук быў утвораны педагагічны факультэт. У сярэдзіне 20-х гадоў ва ўніверсітэце было створана навуковае таварыства.
У лютым 1925 года ўніверсітэт выпусціў першых маладых спецыялістаў – 34 эканамісты і 26 юрыстаў. У кастрычніку 1927 года пры БДУ адкрылася аспірантура. Увосень гэтага ж года ў цэнтры Мінска пачалося будаўніцтва ўніверсітэцкага гарадка. Да 1930 года былі пабудаваны чатыры вучэбныя карпусы – для медыцынскага, анатамічнага, біялагічнага і хімічнага факультэтаў. Такім чынам, у складзе ўніверсітэта было ўжо 6 факультэтаў: рабочы, педагагічны, медыцынскі, народнай гаспадаркі, права і савецкага будаўніцтва, хіміка-тэхналагічны. Штат прафесараў і выкладчыкаў да гэтага часу значна павялічыўся: 49 прафесараў, 51 дацэнт, 44 выкладчыкі і больш за 300 навуковых супрацоўнікаў.
Да 1930 года выйшла 25 выпускаў навуковага выдання “Працы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта”, а таксама шэраг манаграфій яго вучоных. Былі наладжаны навуковыя кантакты вучоных універсітэта з калегамі з Польшчы, Чэхаславакіі, Літвы, Германіі, Францыі, Англіі, ЗША і Японіі.
У маі 1931 года Калегія Наркамасветы БССР прыняла пастанову аб стварэнні на базе БДУ пяці самастойных інстытутаў. За кароткі час пры актыўным удзеле БДУ ў беларускай сталіцы былі адкрыты новыя вышэйшыя навучальныя ўстановы: Мінскі медыцынскі інстытут, Вышэйшы педагагічны інстытут, Мінскі юрыдычны інстытут. ЦВК і СНК БССР канстатаваў, што за 10 гадоў свайго існавання БДУ стаў базай для стварэння ў рэспубліцы 12-ці ВНУ і шэрага НДІ.
Акрамя таго, БДУ аказаў усялякую дапамогу ў стварэнні ў гор. Мінску Дзяржаўнай бібліятэкі БССР, Інстытута беларускай культуры, пераўтворанага ў кастрычніку 1928 года ў Акадэмію навук.
Пасля рэарганізацыі ў 1930 годзе ў складзе ўніверсітэта захаваліся факультэты (фізіка-матэматычны, хімічны, біялагічны), якія рыхтавалі малодшых навуковых супрацоўнікаў і выкладчыкаў рабфакаў, тэхнікумаў і старэйшых класаў сярэдняй школы. Тэрмін навучання павялічыўся да 5 гадоў.
У 1934 годзе пасля пераўтварэння факультэта грамадскіх навук ва ўніверсітэце з’явіліся новыя факультэты – гістарычны і геаграфічны, а ў 1939 годзе – філалагічны з аддзяленнямі рускай і беларускай мовы і літаратуры. Вялікай падзеяй у жыцці БДУ стала стварэнне заалагічнага, геалагічнага і гісторыка-археалагічнага музеяў, аранжарэі з батанічным участкам.
У сакавіку 1937 года Вучоны савет універсітэта атрымаў права прыёму да абароны доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый і прысуджэння вучоных ступеняў.
Адкрыццё Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фактычна з’яўляецца пачаткам станаўлення беларускай навукі і зараджэння беларускіх навуковых школ. У. І. Пічэта, з’яўляючыся сам буйным вучоным, усяляк спрыяў таму, каб БДУ фарміраваўся як навукова-адукацыйны цэнтр, у якім павінны стварацца навуковыя школы. Ён жа стварыў першую навуковую школу па даследаванні сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі, укараніў у БДУ традыцыю навучання праз даследаванне. Не выпадкова выпускнікі ўніверсітэта склалі кадравую аснову створанай Акадэміі навук. Першы яе кіраўнік – У. І. Ігнатоўскі – з дня заснавання ўніверсітэта з’яўляўся дэканам факультэта грамадскіх навук.
З пачатку 1930-х гг. для ўніверсітэта, як і для ўсёй краіны, пачаўся складаны і супярэчлівы перыяд. БДУ былі вымушаны пакінуць многія вядомыя прафесары, дацэнты і выкладчыкі. Некаторыя з іх былі арыштаваныя, у тым ліку і першы рэктар БДУ У. І. Пічэта. Такі ж лёс напаткаў і двух наступных кіраўнікоў ВНУ – Я. П. Каранеўскага (1929 1931) і І. Ф. Ермакова (1931 1933).
Нягледзячы на складанасці гэтага гістарычнага перыяду, менавіта ў гэтыя гады канчаткова склалася асноўная факультэцкая структура: у БДУ функцыянавалі біялагічны, хімічны, фізіка-матэматычны, гістарычны, геаграфічны, філалагічны факультэты.
Напярэдадні 20-гадовага юбілея БДУ складаўся з 6 факультэтаў і 33 кафедраў, на якіх працавалі 17 прафесараў, 41 дацэнт, больш за 90 выкладчыкаў і асістэнтаў. У аспірантуры займалася 60 чалавек, на ўсіх факультэтах навучалася 1337 студэнтаў. Працавалі разнастайныя вучэбна-дапаможныя падраздзяленні: музеі, біястанцыі, лабараторыі, фундаментальная бібліятэка, аранжарэя і інш. За 20 гадоў універсітэт падрыхтаваў 5240 гісторыкаў, юрыстаў, эканамістаў, філолагаў, матэматыкаў, хімікаў, біёлагаў, географаў. У розныя гады БДУ скончылі вядомыя беларускія пісьменнікі: П. Глебка, К. Крапіва, П. Броўка і інш. Тут выкладалі народны пісьменнік Беларусі Я. Колас, вядомы вучань А. Эйнштэйна Я. Громер.
Юбілейны 20-ы год дзейнасці БДУ стаў годам самага суровага для яго выпрабавання. 21 чэрвеня 1941 года адкрылася юбілейная навуковая сесія, была разгорнута святочная выстава, а на наступны дзень пачалася Вялікая Айчынная вайна. У першыя ж дні вайны 450 добраахвотнікаў з ліку выкладчыкаў і студэнтаў пайшлі на фронт. За мужнасць і храбрасць, праяўленыя ў барацьбе з фашыстамі, 12 супрацоўнікаў і студэнтаў БДУ атрымалі высокае званне Героя Савецкага Саюза.
15 мая 1943 года Саўнаркам СССР прыняў пастанову “Аб узнаўленні работы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта”. Месца для яго было вызначана недалёка ад Масквы, на станцыі Сходня. Маскоўскі ўніверсітэт разам з іншымі ВНУ сталіцы перадаў БДУ вялікую колькасць вучэбнага і навуковага абсталявання, падручнікаў і наглядных дапаможнікаў, 18 тысяч тамоў навуковай літаратуры. У кастрычніку 1943 года за заняткі ўзяліся каля 300 чалавек.
Улетку 1944 года, пасля вызвалення Беларусі студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта вярнуліся з Падмаскоўя ў родны Мінск. Начальнікам эшалона прызначылі франтавіка, лейтэнанта І. Мележа – пазней вядомага пісьменніка. У 1945 1946 нав. г. з 895 студэнтаў 121 чал. быў дэмабілізаваны з арміі, 76 чал. з’яўляліся ўдзельнікамі партызанскага руху. Праз год ва ўніверсітэце навучаліся 300 былых франтавікоў і партызан. У 1975 годзе ў памяць аб тых, хто з універсітэцкіх аўдыторый і навуковых лабараторый пайшоў у бяссмерце, аддаўшы жыццё за Радзіму, быў устаноўлены абеліск у самым ажыўленым месцы ўніверсітэцкага гарадка – побач з уваходам у галоўны корпус універсітэта.
У пасляваенныя гады ў БДУ была арганізавана падрыхтоўка геолагаў, глебазнаўцаў, выкладчыкаў філасофіі. З’яўляліся і новыя спецыяльнасці, і новыя факультэты, працягвалі фарміравацца новыя навуковыя школы ў галіне прыродазнаўчых і гуманітарных навук.
Так, 1947 год можна лічыць годам заснавання навуковай школы ў галіне прадукцыйнай гідрабіялогіі пад кіраўніцтвам члена-карэспандэнта АН СССР Г. Г. Вінберга.
Важнай вяхой у развіцці БДУ стала прызнанне яго заслуг на ніве асветы і навукі і прысваенне яму ў азнаменаванне 30-годдзя Беларускай ССР у студзені 1949 года імя У. І. Леніна.
Даваенная вучэбна-навуковая і вытворчая база ўніверсітэта ў асноўным аднавілася да 1950 гада.
У 1955 годзе Мінскі юрыдычны інстытут быў рэарганізаваны ў юрыдычны факультэт універсітэта.
У 1957 годзе на 7 факультэтах БДУ (у 1944 годзе быў адкрыты факультэт журналістыкі) налічвалася 43 кафедры, на якіх працавала 339 супрацоўнікаў, з якіх 29 прафесараў і дактароў навук, 160 дацэнтаў, 150 выкладчыкаў і асістэнтаў.
У 1957 годзе рэктарам універсітэта стаў вядомы вучоны-фізік А. Н. Сеўчанка, з імем якога звязана цэлая эпоха грандыёзных пераўтварэнняў у БДУ. Універсітэт ператварыўся ў найбуйнейшы навукова-адукацыйны цэнтр СССР. У 1967 годзе БДУ быў удастоены высокай урадавай узнагароды – ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Акадэмік, Герой Сацыялістычнай працы А. Н. Сеўчанка стварыў у БДУ адну з найбуйнейшых школ у галіне спектраскапіі, люмінесцэнцыі і лазернай фізікі. Для ўвекавечвання памяці акадэмікаў У. І. Пічэты і А. Н. Сеўчанкі напярэдадні 90-годдзя БДУ на галоўным корпусе і корпусе гістарычнага факультэта адкрыты мемарыяльныя дошкі, штогод за навуковыя дасягненні супрацоўнікам універсітэта прысуджаюцца прэміі, якія носяць іх імёны.
У галіне вылічальнай матэматыкі пачатак сістэматычных навуковых даследаванняў у БДУ, як і ў краіне ў цэлым, звязаны з адкрыццём ва ўніверсітэце ў 1957 годзе кафедры вылічальнай матэматыкі. Заснавальнікам кафедры і кіраўніком усіх навуковых работ з’яўляўся акадэмік АН БССР У. І. Крылоў.
Асновы навуковай школы па даследаванні тэорыі элементарных часціц, аптычных і акустычных уласцівасцей крышталёў былі закладзены акадэмікам АН БССР, Героем Сацыялістычнай працы Ф. І. Фёдаравым. З 1959 года пад кіраўніцтвам доктара юрыдычных навук, прафесара А. А. Галаўко пачала фарміравацца навуковая школа па тэарэтычных асновах дэмакратыі.
Паслядоўна змянялася структура ўніверсітэта. Адкрыўся факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі; матэматычны факультэт быў пераўтвораны ў механіка-матэматычны ў сувязі з адкрыццём падрыхтоўкі кадраў па спецыяльнасці “Механіка”. У 1976 годзе фізічны факультэт быў падзелены на фізічны факультэт і факультэт радыёфізікі і электронікі (цяпер факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій).
Навуковая думка канцэнтравалася ў НДІ: прыкладных фізічных праблем (адкрыты ў 1971 г.), фізіка-хімічных праблем (1978 г.), ядзерных праблем (1986 г.). У 2008 годзе ў БДУ быў створаны НДІ прыкладных праблем матэматыкі і інфарматыкі.
Найбольш бурны этап па стварэнні новых навуковых школ універсітэт перажыў у 60–90 гады мінулага стагоддзя. За гэты гістарычны перыяд ва ўніверсітэце быў створаны цэлы шэраг навуковых школ, многія з якіх да цяперашняга часу ўзначальваюць іх заснавальнікі. Гэта, у прыватнасці, навуковая школа па ядзернай оптыцы, якой кіруе яе заснавальнік – У. Р. Барышэўскі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, аўтар двух навуковых адкрыццяў; навуковая школа ў галіне фізічнай электронікі і радыяцыйнай фізікі цвёрдага цела, заснаваная ў 1982 годзе членам-карэспандэнтам НАН Беларусі Ф. Ф. Камаровым; навуковая школа па матэматычным мадэліраванні складаных сістэм, абароне інфармацыі і камп’ютарным аналізе даных пад кіраўніцтвам акадэміка НАН Беларусі Ю. С. Харына; навуковая школа па біяфізіцы пад кіраўніцтвам акадэміка НАН Беларусі С. М. Чаранкевіча; навуковая школа па радыёфізіцы і інфарматыцы пад кіраўніцтвам акадэміка НАН Беларусі А. Ф. Чарняўскага і члена-карэспандэнта НАН Беларусі П. Д. Кухарчыка; школа па функцыянальным аналізе і яго прымяненні пад кіраўніцтвам члена-карэспандэнта НАН Беларусі Я. В. Радыны; навуковая школа па лімналогіі пад кіраўніцтвам прафесара В. П. Якушка.
У 60 80 гадах мінулага стагоддзя на хімічным факультэце БДУ сфарміраваліся, а затым атрымалі далейшае развіццё навуковыя школы акадэмікаў НАН Беларусі В. В. Свірыдава па фотахіміі, хіміі цвёрдага цела і сінтэтычнай нанахіміі, Ф. М. Капуцкага па фізіка-хіміі полісахарыдаў, членаў-карэспандэнтаў АН БССР І. Р. Цішчанкі па арганічным сінтэзе і Р. Л. Старобінца па фізіка-хіміі экстракцыйных і сарбцыйных працэсаў. У цяперашні час на хімічным факультэце і ў НДІ ФХП БГУ плённа працуюць і развіваюць свае навуковыя напрамкі акадэмікі А. І. Лесніковіч і А. А. Івашкевіч.
У перыяд распаду Савецкага Саюза і далейшага станаўлення незалежнай Беларусі навука ў нашай рэспубліцы перажывала складаныя часы – назіраўся моцны адток кадраў з навуковай сферы, цікавасць да навукі змяншалася. Гэтыя працэсы закранулі і БДУ, аднак і ў гэты няпросты час навуковая дзейнасць ва ўніверсітэце працягвала развівацца. 90-я гады мінулага стагоддзя характарызуюцца стварэннем і развіццём навуковых школ у галіне гуманітарных навук. Плённа развіваюць свае навуковыя напрамкі лаўрэат прэміі імя У. І. Пічэты прафесар Т. І. Доўнар па гісторыі дзяржавы і права Беларусі, прафесары У. М. Хоміч і А. У. Баркоў у межах напрамку “Крымінальны закон і альтэрнатыўныя формы рэалізацыі крымінальнай адказнасці”, прафесар В. Ф. Чыгір па праблемах тэорыі і практыкі юрыдычных асоб і грамадзян як суб’ектаў грамадзянска-прававых зносін і інш. Развіваюцца навуковыя школы па праблемах функцыянавання рускай і беларускай моў у Беларусі (прафесар І. С. Роўда), палітычнай гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя і станаўленні дзяржаўнасці Рэспублікі Беларусь (прафесары У. К. Коршук і У. Ф. Ладысеў), гісторыі краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі ў кантэксце глабалізацыі сусветных працэсаў (прафесар У. С. Кошалеў) і інш.
Пры падтрымцы дзяржавы ў другой палове 90-х гадоў мінулага стагоддзя Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт значна ўмацаваў сваю матэрыяльна-тэхнічную базу, абнавіў асноўныя фонды, правёў рэарганізацыю вучэбна-адукацыйнага працэсу і навуковай сферы, стварыў развітую інфраструктуру.
Працягвала змяняцца і структура ўніверсітэта: у 1989 годзе быў адкрыты філасофска-эканамічны факультэт (праз дзесяць гадоў на яго базе былі створаныя факультэт філасофіі і сацыяльных навук і эканамічны факультэт), у 1995 годзе – факультэт міжнародных адносін, у 2003 годзе – Дзяржаўны інстытут кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ і ваенны факультэт, у 2004 годзе – Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ, гуманітарны факультэт (зараз факультэт сацыякультурных камунікацый); у 2006 годзе – Інстытут бізнесу і менеджменту тэхналогій, у 2007 годзе – Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя, у 2008 годзе – Інстытут журналістыкі, у 2009 годзе – факультэт даўніверсітэцкай адукацыі.
З мэтай арганізацыі перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў у БДУ былі адкрыты: Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, Інстытут перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі, Інстытута тэхналогій інфарматызацыі і кіравання БДУ, Інстытут бесперапыннай адукацыі БДУ.
Навуковая і навукова-вытворчая база БДУ значна пашырылася за кошт стварэння шэрага навукова-даследчых цэнтраў: фізікі часціц і высокіх энергій (1993 г.); маніторынгу азонасферы (1997 г.); прыкладных праблем матэматыкі і інфарматыкі (2000 г.), праблем чалавека (2000 г.), а таксама сеткі навукова-вытворчых унітарных прадпрыемстваў.
Ва ўніверсітэцкім дворыку быў створаны першы ў краіне своеасаблівы нацыянальны мемарыял – помнікі вядомым дзеячам беларускай навукі і культуры.
Акрамя названых вышэй кіраўнікоў, рэктарамі БДУ ў розныя гады з’яўляліся: Н. М. Бладыка (1937 г.), У. С. Баброўніцкі (1937 г.), П. П. Савіцкі (1938–1946 гг.), У. А. Тамашэвіч (1946–1949 гг.), І. С. Чымбург (1949–1952 гг.), К. І. Лукашоў (1952–1957 гг.), А. Н. Сеўчанка (1957–1972 гг.), У. М. Сікорскі (1972–1978 гг.), У. А. Белы (1978–1983 гг.), Л. І. Кісялеўскі (1983–1990 гг.), Ф. М. Капуцкі (1990–1995 гг.), А. У. Казулін (1996–2003), В. І. Стражаў (2003–2008 гг.).
31 кастрычніка 2008 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прызначаны прафесар, акадэмік С. У. Абламейка. Пад кіраўніцтвам Сяргея Абламейка БДУ нарошчваў адукацыйны і навуковы капітал, умацоўваў пазіцыі ў міжнародных рэйтынгах.
28 верасня 2017 года ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Д. Кароль прызначаны рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Андрэй Дзмітрыевіч прыхільнік дыялагічнага падыходу ў адукацыі і кіраванні. Актыўна ўкараняе ў БДУ канцэпцыю адкрытага і эўрыстычнага дыялогу.