Выпрабаванні (1930–1941 гг.)
Ажыццяўленне ідэі беларускага ўніверсітэта на ўсіх этапах яго існавання патрабавала матэрыяльнага забеспячэння. Арганізатарам БДУ перш за ўсё трэба было знайсці больш-менш прыстасаваныя будынкі. Іх вызначылі ўжо вясной 1919 г., але толькі ў красавіку 1921 г. яны былі афіцыйна перададзены ўніверсітэту.
Універсітэцкі дворык. 1930 г. |
Старыя будынкі ўніверсітэт мог выкарыстоўваць пэўны час. Але карпусы галоўнай вышэйшай навучальнай установы былі раскіданы амаль па ўсім Мінску, і гэта вельмі перашкаджала вучыцца і працаваць. БДУ павінен быў стаць адукацыйным, навуковым і культурным цэнтрам з захаваннем лепшых традыцый і правіл, якія сфарміраваліся яшчэ ў глыбокай еўрапейскай мінуўшчыне і былі заснаваны на канцэпцыі адзінства дзейнасці ўніверсітэта і разнастайнай атрыбутыкі, знешніх зрокавых і слыхавых успрыняццях і вобразах. Сярод іх галоўная роля адведзена архітэктуры, афармленню ўніверсітэцкай прасторы. Гэта вуліцы і плошчы, якія прылягаюць да тэрыторыі, і ўбранне двароў, пакояў, аўдыторый, калідораў і інш.
У разбураным Мінску арганізатары БДУ намагаліся стварыць універсітэт, падобны да «сапраўднага» еўрапейскага. Тое, што было выдзелена савецкімі ўладамі для матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння дзейнасці першых трох факультэтаў, яны штучна з’ядналі: некалькі вучэбных і адміністрацыйных карпусоў — будынкі прыватнай гімназіі, фабрыкі, рэальнага і духоўнага вучылішчаў, Духоўнай семінарыі, вайсковага шпіталя і г. д. — звязалі простымі, але вельмі трапнымі афіцыйнымі назвамі — «Дом № 1 БДУ», «Дом № 2 БДУ», «Дом № 3 БДУ»... Такім чынам было адзначана існаванне Універсітэцкага гарадка. Акрамя таго, вуліцу, дзе больш за ўсё было вучэбных будынкаў БДУ, назвалі ў 1922 г. Універсітэцкай (былая Магазінная вуліца, сучасная — імя Кірава), а тую, дзе размясціліся інтэрнаты (іх было няшмат і са «спартанскімі» ўмовамі пражывання), — вуліцай Студэнцкай.
Між тым неабходнасць будаўніцтва сапраўднага, адзінага па сваёй архітэктуры і месцазнаходжанні Універсітэцкага гарадка была зразумелай і Праўленню БДУ на чале з рэктарам У. I. Пічэтам, і партыйнаму кіраўніцтву рэспублікі. Рэалізацыя ж ідэі патрабавала велізарных для таго часу і стану эканомікі грошай. Таму некалькі гадоў універсітэт пашыраў свае плошчы за кошт тых будынкаў, якія яму перадавалі ўлады (зразумела, спачатку іх у кагосьці забіралі), і шляхам спецыяльнага будаўніцтва для патрэб БДУ. Але немагчыма было дасягнуць успрыняцця БДУ як цэлага арганізма. Ды і як гэта можна было сабе ўявіць, калі вучэбныя карпусы, адміністрацыя, інтэрнаты, сталовыя, базы навучання і практыкі для студэнтаў мелі такі шырокі спектр адрасоў: вуліцы Універсітэцкая, Шырокая, Савецкая, Валадарскага, Нова-Маскоўская, Чырвонаармейская, завулкі Земляробчы, Лагерны. Вельмі зневажальным для ўніверсітэта было тое, што заняткі праходзілі ў зусім не прыстасаваных памяшканнях, без элементарнага вучэбнага абсталявання, прылад, дапаможнікаў. Медыцынскія кафедры, напрыклад, размяшчаліся ў студэнцкім інтэрнаце, студэнты ж факультэта грамадскіх навук і педфака займаліся побач з вучнямі ў будынках 14 мінскіх школ, а пад анатамічны тэатр была прыстасавана былая фабрыка «Вікторыя». Але ўжо для фізічнага інстытута на чале з прафесарам Я. Е. Сіроціным быў пабудаваны спецыяльны корпус. Інстытуту закупілі дарагое навуковае абсталяванне для магнітаздымак і вывучэння радыеактыўнасці, устанавілі радыёстанцыю з 45-метровай антэнай.
I толькі на пачатку 1927 г. пытанне аб неабходнасці будаўніцтва Універсітэцкага гарадка (у той час некаторыя не зусім дасведчаныя журналісты «ахрысцілі» яго «студэнцкім пасёлкам») улады вырашылі станоўча: у лютым III сесія ЦВК БССР прыняла па дакладзе ўрада спецыяльную пастанову і вызначыла пад гэта маштабнае будаўніцтва раён вуліц Савецкай, Ленінградскай, Бабруйскай, некалькіх завулкаў (там было шмат прыватных дамоў, якія падлягалі зносу). Цікава, што Праўленне настойвала на будаўніцтве гарадка на свабодных плошчах за Свіслаччу, за гарадскім садам (сучасны парк імя М. Горкага).
Будоўля ўніверсітэта. 1930 г. |
Але такая перспектыўная ва ўсіх адносінах прапанова не была падтрымана з-за супраціўлення вайскоўцаў, якія мелі на гэту тэрыторыю свае планы. Архітэктары I. Запарожац і Г. Лаўроў падрыхтавалі праект гарадка, які прадугледжваў узвядзенне 12 карпусоў, у тым ліку трохпавярховага галоўнага, з каштарысам у 6,4 млн руб. Гэты план павінен быў задаволіць патрэбы ўніверсітэта, які на той час ужо меў 2900 студэнтаў, 292 выкладчыкаў (у тым ліку і навуковых работнікаў), 142 кафедры і 12 клінік.
Будаўніцтва такіх маштабаў, бадай, было адным з першых за гады існавання Савецкай Беларусі. Для надання яшчэ большай значнасці гэтаму ўрадаваму рашэнню закладку першай цагліны ў падмурак Універсітэцкага гарадка прызначылі на 6 лістапада 1927 г. — якраз напярэдадні 10-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Былі запраектаваны наступныя будынкі: галоўны, прыродазнаўчы, хімічны, анатамічны карпусы, корпус для «пазавучальнага жыцця студэнтаў», інтэрнаты для студэнтаў і рабфакаўцаў, два дамы пад кватэры выкладчыкаў, два — для іншых універсітэцкіх работнікаў, лазня, пральня, гараж.
У святочнай атмасферы перад выкладчыкамі, студэнтамі і гараджанамі выступілі нарком асветы БССР А. В. Баліцкі, рэктар У. I. Пічэта, а таксама савецка-партыйныя кіраўнікі Беларусі М. М. Галадзед і В. Г. Кнорын, якія ў сваіх прамовах правялі паралель паміж сутнасцю ўніверсітэта і задачамі Савецкай улады. Праз год, аглядаючы панараму будаўніцтва, пра тое ж гаварыў і наркам асветы СССР А. В. Луначарскі, які спецыяльна прыехаў у Мінск і 23 лістапада 1928 г. прыняў удзел у пасяджэнні Праўлення БДУ, дзе заслухалі даклад архітэктара Лаўрова аб ходзе будаўніцтва гарадка.
Знамянальнай падзеяй стала і рашэнне Мінскага гарсавета аб перадачы БДУ тэрыторыі на перакрыжаванні вуліц Універсітэцкай і Чырвонаармейскай пад будаўніцтва ўніверсітэцкай бібліятэкі. Трэба нагадаць, што бібліятэка БДУ мела статус і дзяржаўнай. Аднак больш за 400 тыс. кніг не было дзе размясціць.
Будоўля ўніверсітэта. |
Праўленне БДУ штораз звярталася да будаўнікоў з просьбай паскорыць работу, бо з пачаткам узвядзення гарадка мінскія арганізацыі імкнуліся вярнуць сабе занятыя ўніверсітэтам памяшканні. Зразумела, што для ўніверсітэта гады ўзвядзення гарадка былі вельмі складанымі. У пачатку 1930-х гг. будаўніцтва было далёка ад ідэалу, запраектаванага архітэктарамі: эканамічна-фінансавыя рэаліі вымушалі не раз уносіць карэктывы ў задуманае праз адмаўленне ад сучасных, але затратных рашэнняў, і адбываўся пераход да прагматычных і найбольш танных. Каласальныя затраты прымусілі беларускі ўрад шукаць саюзнай падтрымкі, і ў чэрвені 1930 г. будаўніцтва Універсітэцкага гарадка і медыцынскіх клінік было ўключана ў саюзны бюджэт. Завяршэнне ўсіх работ прымяркоўвалася да чарговай гадавіны рэвалюцыі, да 7 лістапада 1930 г. Дзверы новых карпусоў адчыніліся ўжо ў пачатку верасня.
Гарадок БДУ стаў рэальнасцю. Але ён адразу ператварыўся ў гарадок амаль усёй беларускай вышэйшай школы: рэарганізацыя ўніверсітэта ў адпаведнасці з пастановай СНК БССР ад 7 ліпеня 1931 г. вылучыла з яго сцен некалькі самастойных інстытутаў. Іх размяшчэнне ў гарадку зрабіла ўніверсітэт толькі адным з саўладальнікаў новых будынкаў, тым больш што кіраванне гарадком па рашэнні СНК ад 13 жніўня 1931 г. было даручана асобнай самастойнай адміністрацыі.
Таму праблем з размяшчэннем трох факультэтаў БДУ, якія засталіся ў яго складзе, не паменшылася, а, наадварот, пабольшылася. Напрыклад, у 1939 г. канстатавалася, што студэнты-гуманітарыі зусім не маюць лекцыйных залаў і аўдыторый для семінарскіх заняткаў. Амаль палова студэнтаў БДУ па-ранейшаму, як і ў 1920-я гг., жыла ў бараках на Студэнцкай вуліцы, у прыватным сектары за чыгуначным вакзалам.
Існавала паняцце «ўніверсітэцкі гарадок», было створана і давала плён універсітэцкае асяроддзе, але не было асобнай, прыналежнай толькі БДУ прасторы. Ён, Універсітэцкі гарадок, быў расцягнуты паміж БДУ, медінстытутам, педінстытутам, наргасам.
Будынкі Універсітэцкага гарадка. 1933 г. |
У пачатку 1930-х гг. універсітэт адыграў значную ролю ў стварэнні сістэмы вышэйшай адукацыі Беларусі. На базе яго факультэтаў былі створаны Мінскі медыцынскі інстытут, Мінскі юрыдычны інстытут, Беларускі інстытут народнай гаспадаркі, Мінскі хіміка-тэхналагічны інстытут, які ўвайшоў у склад Беларускага політэхнічнага інстытута, і шэраг іншых. Клінічны гарадок БДУ стаў 1-й гарадской бальніцай, а першы бібліятэчны збор БДУ у 1922—1926 гг. быў пераўтвораны ў Дзяржаўную бібліятэку Беларусі. Навукоўцы БДУ удзельнічалі ў стварэнні Інбелкульта — Акадэміі навук, найбуйнейшых навукова-даследчых устаноў. Вехі ў дзейнасці ўніверсітэта — гэта ліквідацыя непісьменнасці, фарміраванне нацыянальнай сістэмы вышэйшай адукацыі і навукі, аднаўленне айчыннай і засваенне сусветнай культурнай спадчыны. Больш за тое, універсітэт як асяродак адукацыі і навукі пераўтварыўся ў цэнтр грамадскага і палітычнага жыцця Беларусі. Яго ўплыў распаўсюджваўся амаль на ўсе сферы дзейнасці маладой беларускай дзяржаўнасці.
Асэнсаванне высокага прызначэння натхняла ўніверсітэт праз сімвалы і атрыбуты данесці да розуму і пачуццяў моладзі разуменне месца і ролі вышэйшай адукацыі.
Будаўніцтва гарадка завяршыла першы этап універсітэцкай гісторыі. Адкрытасць, энтузіязм, імкненне да новага, апантанасць і шчырасць у справе характарызавалі тагачасныя ўзаемаадносіны ва ўніверсітэцкім калектыве. Але ўжо з канца 1920-х гг. стала набіраць моц рэпрэсіўная машына, пачаліся арышты.
М. М. Краўчанка |
У 1928/29 навучальным годзе былі звольнены 32 выкладчыкі, з іх 7 прафесараў. Пачаўся наступ на чарговым фронце, калі перш-наперш была пастаўлена задача — «замена буржуазнай прафесуры». Тых, хто імкнуўся да навуковасці ў выкладанні і аб’ектыўнасці ў навуцы, абвінавацілі ў дагматыцы. Аднымі з першых былі звольнены з БДУ прафесары Дз. А. Жарынаў, I. I. Крыльцоў, I. С. Парменаў, В. М. Шыраеў як «праваднікі варожых поглядаў». У лістападзе 1930 г. Праўленнем БДУ, якое ўзначаліў новы рэктар Язэп Каранеўскі, было прынята рашэнне аб ліквідацыі адзінай для ўніверсітэта арганізацыйнай структуры — Навуковага таварыства. Яно было падзелена на асобныя таварыствы па розных кірунках ведаў з непасрэдным падпарадкаваннем Праўленню. Адзін за адным пакідалі ўніверсітэт выдатныя прафесары, дацэнты і выкладчыкі. Былі звольнены прафесары А. С. Шчапоццеў (за «проявление великодержавного шовинизма»), М. М. Экзэмплярскі (за «несоответствие занимаемой должности»), М. М. Краўчанка (без усялякіх аргументаў), А. I. Мрочак (ён «не отвечал на предупреждения»), дацэнт С. Л. Пеўзнер (за «вредное освоение преподаваемых дисциплин»). Некаторыя, не вытрымаўшы ціску, звальняліся самі, прафесары У. М. Ігнатоўскі і Б. В. Чрэдзін скончылі жыццё самагубствам. У. I. Пічэта — першы рэктар БДУ, сусветна вядомы гісторык, выдатны навуковец быў арыштаваны і абвінавачаны ў дзейнасці па «хутчэйшаму ажыццяўленню планаў інтэрвенцыі супраць СССР» і як «беларускі буржуазны нацыяналіст і вялікадзяржаўны шавініст».
М. М. Дурнаво |
Вялікі ўдар БДУ нанесла разгорнутая ў канцы 1920-х і ў 1930-я гг. барацьба з так званай «нацдэмаўшчынай» і «ўхіламі ў партыі». Многія навукоўцы і студэнты БДУ былі аб’яўлены «ворагамі партыі і народа» і рэпрэсіраваны: акадэмікі П. Я. Панкевіч і Ц. Л. Бурстын, відныя вучоныя Я. П. Каранеўскі, А. I. Дзякаў, I. Ф. Ермакоў, Н. М. Бладыка, У. С. Бабраўніцкі, прафесары У. К. Дыдырка, Я. К. Успенскі, В. Д. Дружчыц, А. А. Смоліч, М. М. Піятуховіч, I. I. Замоцін, М. М. Дурнаво і многія іншыя.
У змрочным 1937 г. загінуў першы дэкан гістфака БДУ акадэмік В. К. Шчарбакоў, абвінавачаны як «нацыянал-фашыст» і «шпіён».
Рэаліі канца 1920-х і ў 1930-я гг. у многім запаволілі развіццё ўніверсітэта, але не маглі яго спыніць. Менавіта ў 1930-я гг. канчаткова склалася факультэцкая структура, якая атрымала развіццё ў далейшым. У гэты перыяд пачалі працаваць біялагічны, хімічны, фізіка-матэматычны, гістарычны, геаграфічны, філалагічны факультэты. Напярэдадні 20-гадовага юбілею БДУ складаўся з 6 факультэтаў і 33 кафедраў, на якіх працавалі 17 прафесараў, 41 дацэнт, больш за 90 выкладчыкаў і асістэнтаў, займаліся 1337 студэнтаў і аспірантаў.
За першыя 20 гадоў работы БДУ падрыхтаваў для Беларусі 5240 высокакваліфікаваных спецыялістаў-гісторыкаў, юрыстаў, матэматыкаў, фізікаў і інш. Універсітэт стаў першым этапам творчага ўзлёту многіх вядомых вучоных, такіх як Т. В. Бірыч, Л. А. Арцымовіч, А. Н. Сеўчанка, М. М. Улашчык і інш. 3 універсітэтам звязана дзейнасць народнага пісьменніка Беларусі Якуба Коласа, паэта Змітрака Бядулі, выдатнага военачальніка Г. К. Жукава. У БДУ сфарміравалася цэлая плеяда выдатных беларускіх паэтаў і пісьменнікаў — гэта Кандрат Крапіва, Паўлюк Трус, Алесь Дудар, Тодар Кляшторны, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Алесь Салагуб, Максім Лужанін, Сяргей Дарожны, Нічыпар Чарнушэвіч, Мікола Хведаровіч і інш.
На мяжы 1920—30-х гг. актуалізаваліся праблемы пошуку новых арганізацыйных і метадычных характарыстык вучэбнага працэсу.
Вучэбная нагрузка студэнтаў была занадта вялікая. Так, студэнтам педфака неабходна было здаваць да 50 залікаў у год, у той час, як вывучэнне многіх вучэбных прадметаў адводзілася ад трох дзён да трох тыдняў. Такая колькасць дысцыплін узнікла з-за таго, што з’явіліся новыя «грамадска-палітычныя, беларусазнаўчыя і педагагічныя курсы».
Праходзілі навукова-метадычныя дыскусіі сярод выкладчыкаў і актыўных студэнтаў. Праўда, роля выкладчыка асобным чынам была замацавана ў інструкцыях у частцы іх адказнасці — за праверку ведаў студэнтаў. Выкладчык быў абавязаны ацэньваць студэнтаў індывідуальна, нават калі праводзіліся такія калектыўныя формы заняткаў, як «канферэнцыі завочнікаў».
Скарачэнне тэрміну навучання гуманітарыяў («працаўнікоў ідэалагічнага фронту» — такое вызначэнне дала ім яшчэ ў 1928 г. рэспубліканская цэнтральная прэса) было не вельмі прымальным. «Паскарэнне» вучэбнага працэсу мела негатыўныя вынікі пры падрыхтоўцы спецыялістаў для розных сфер вытворчасці (універсітэт якраз у гэты час пачалі прыстасоўваць для патрэб народнай гаспадаркі: дзейнічаў факультэт права і гаспадаркі, было прынята рашэнне аб адкрыцці хіміка-тэхналагічнага факультэта і інш.). Падобнае становішча было характэрна для ўсіх вышэйшых навучальных устаноў СССР.
«Гонкі» па вучэбным плане прывялі да зніжэння ўзроўню прафесійнай падрыхтаванасці выпускнікоў БДУ і, зразумела, самой сутнасці ўніверсітэцкай адукацыі. Даходзіла да таго, што студэнты абавязаны былі поўнасцю самастойна вывучаць некаторыя курсы ці засвойваць іх калектыўна. Напрыклад, нават пры падрыхтоўцы да здачы дзяржаўнага экзамену па гісторыі партыі выпускнікі літаратурнага аддзялення педфака слухалі тэзы, якія зачытваў не выкладчык, а іх таварыш па групе. I гэты метад навучання стаў амаль што звыклым.
Студэнты геафака БДУ. 1930-я гг. |
Але, як пісаў аўтар газетнага артыкула, калі «чытка» дайшла да тэрміна «каўчук», то ніхто не змог даць яго вызначэння. I газета эмацыянальна канстатавала: «Ніводная з шасці прадстаўніц новай інтэлігенцыі не ведае!!!». Пытанні чыста метадычнага характару заўсёды набывалі палітычную афарбоўку, таму агульная карціна ва ўніверсітэце ў канцы 1920-х гг. была параўнальна з перыядам распачынання яго дзейнасці. Рэгулярныя «чысткі» шэрагаў выкладчыкаў і студэнтаў не садзейнічалі павышэнню якасці кадраў выпускнікоў. «Пралетарызацыя» сацыяльнага складу студэнтаў дапаўнялася ўстаноўленымі Наркамасветы «нормамі» прыёму ў БДУ у залежнасці ад паходжання. Такі шлях «надання высакароднасці» студэнцтву станавіўся звыклым.
Пастановай СНК БССР ад 7 ліпеня 1931 г. БДУ быў зведзены, па сутнасці, да ўзроўню спецшколы па падрыхтоўцы кадраў для сярэдніх вучэбных устаноў (тэхнікумаў, рабфакаў, ФЗВ), малодшых навуковых работнікаў, малодшых выкладчыкаў ВНУ (асістэнт, «групавод»), але таксама і «высокакваліфікаваных навуковых работнікаў для ВНУ і ВТВУ і навукова-даследчых інстытутаў» па фізіка-матэматычных і прыродазнаўчых дысцыплінах. Адзначалася, што «рабочы клас паставіў задачу прывесці сістэму адукацыі ў адпаведнасць з інтарэсамі дыктатуры пралетарыяту». Таму тэрмін навучання для першай катэгорыі студэнтаў універсітэта быў акрэслены 3 гадамі, а для другой — на 1—1,5 года больш. I ў каторы раз рэктарат БДУ і яго выкладчыкі вымушаны былі браць абавязкі па складанні новых варыянтаў вучэбных планаў, імкнучыся зрабіць іх «пастаяннымі»: з 1 кастрычніка 1932 г. быў уведзены новы «цвёрды» расклад заняткаў, зыходзячы з 50 вучэбных тыдняў у год і шасцідзённага рабочага тыдня.
Адначасова лепшыя сілы былі кінуты на «перабудову метадаў выкладання ў кірунку забеспячэння індывідуальнай і самастойнай работы студэнтаў», ажыццяўленне якіх праводзілася разам з пашырэннем «калектыўных форм працы студэнтаў» і разгортваннем сацыялістычнага спаборніцтва паміж студэнтамі. Гучна было заяўлена, што БДУ бярэ на сябе абавязак «знішчыць» пераходы студэнтаў з адной ВНУ у іншую. 3 1932/33 навучальнага года ўніверсітэт стаў ажыццяўляць пераход на так званы «уніфікаваны вучэбны год»: у залежнасці ад курса навучання дакладна ўстанаўліваўся час яго вывучэння, час канікулаў, сесій, абарон дыпломных работ і, галоўнае, двухсеместравы падзел вучэбнага года з дзвюма сесіямі. Гэтыя змены сталі адбывацца згодна з адпаведным рашэннем ЦВК СССР ад 19 верасня 1932 г. аб вучэбных праграмах і рэжыме ў вышэйшай школе і тэхнікумах. 3 гэтага моманту толькі нядзеля заставалася для выкладчыкаў і студэнтаў выхадным днём. Акрэсліваўся дакладны час для вырашэння «навуковых і метадычных пытанняў» для выкладчыкаў, а таксама «трохгадзінная штодзённая норма самастойнай работы» для студэнтаў.
Такое рэфармаванне вучэбнага працэсу ў БДУ, як і іншых бакоў яго дзейнасці (чаго каштавала толькі «разбуйненне» БДУ), у хуткім часе было ўспрынята як заганнае. Таму СНК БССР прыняў спецыяльную пастанову па дзейнасці ўніверсітэта, паставіў задачу зноў зрабіць яго вядучай вучэбнай і навуковай установай Беларусі. Тэрмін навучання на факультэтах БДУ быў павялічаны да пяці гадоў. I гэта было вельмі важна. Была таксама звернута ўвага на працягласць грамадскай работы, якой займаліся студэнты: яна не павінна была перашкаджаць іх непасрэднай дзейнасці па авалоданні ведамі. Праўда, унутры- і знешнепалітычная рэчаіснасць адбівалася на сутнасці падрыхтоўкі: напрыклад, у 1935/36 навучальным годзе вывучэнню ваеннай справы ў вучэбных планах адводзілася 140 гадзін, а замежнай мовы — толькі 120. Ва ўніверсітэце і ўсёй вышэйшай школе Беларусі разгарнуліся дыскусіі аб найбольш эфектыўных шляхах развіцця вучэбнага працэсу.
Абмяркоўвалася і тое, як зрабіць лекцыі выкладчыкаў цікавымі і карыснымі для студэнтаў, як падняць якасны ўзровень навучання.
Л. М. Шнеерсон |
У 1937 г. намеснік дырэктара БДУ па вучэбнай рабоце (прарэктар) Л. М. Шнеерсон у цэлым станоўча ацаніў вынікі вучэбнага працэсу, хоць пры гэтым падкрэсліў, што студэнтам не хапае ўмення прымяняць веды, атрыманыя на лекцыях і падчас практычных заняткаў.
Прычыну гэтага ён бачыў у адсутнасці сувязей паміж рознымі формамі навучання: тэорыяй і практыкай. Між тым прафесар хіміі М. Ф. Ярмоленка, які часова выконваў абавязкі рэктара, з гонарам адзначаў, што лекцыі і практычныя заняткі сталі выключнымі формамі вучэбнай работы. Для старшых курсаў быў устаноўлены адзін дзень для самастойнай работы, адменены «бягучы ўлік», які, на думку ўніверсітэцкага кіраўніка, толькі перашкаджаў студэнту «глыбока вывучаць прадмет», змянілі «калектыўную» форму засваення ведаў, семінарскую «прапрацоўку прадмета». Да такіх змен кіраўніцтва ўніверсітэта падштурхнулі студэнты. Іх аргументамі, растыражаванымі ў прэсе, было тое, што яны загружаны ўсялякімі заданнямі, справаздачамі, залікамі і г. д. У якасці «кампенсацыі» рэктарат і дэканаты раілі студэнтам (а часам і прымушалі) больш актыўна ўдзельнічаць у навукова-даследчай рабоце. Такая смеласць у рэарганізацыі вучэбнага працэсу абумоўлівалася адпаведнымі палажэннямі чарговай пастановы ЦК ВКП(б) і СНК СССР аб вышэйшай школе.
Трэба адзначыць, што самастойная работа студэнтаў як сродак і спосаб павышэння якасці навучання не адмаўлялася поўнасцю. Газета БДУ нават знайшла магчымым у некалькіх нумарах перадрукаваць з газеты «Ленинградский университет» вялікі артыкул «буржуазнага» прафесара эксперыментальнай педагогікі Мічыганскага ўніверсітэта (ЗША) Г. М. Уіпла «Як патрэбна займацца». У ім гаварылася аб сістэме арганізацыі эфектыўнай самастойнай работы студэнтаў. У канцы 1930-х гг. неаднойчы абгрунтоўвалася думка пра тое, што сярод «нашых» студэнтаў не можа быць «здольных» ці «няздольных», бо ўсе яны з’яўляюцца прадстаўнікамі «нашай энергічнай і здольнай савецкай моладзі». Таму толькі ад належных метадаў арганізацыі вучэбнага працэсу залежала грунтоўнасць падрыхтоўкі будучых спецыялістаў.
Намаганні лепшых прафесараў-гуманітарыяў былі накіраваны на падрыхтоўку новага пакалення савецкіх падручнікаў, сярод якіх асаблівае значэнне надавалася падручнікам для ВНУ па гісторыі СССР і ўсеагульнай гісторыі. Дзеля гэтага была створана спецыяльная партыйна-ўрадавая камісія (студзень 1936 г.).
П. П. Савіцкі |
Партыйна-ўрадавыя пастановы вызначалі неабходнасць «усямернага ўмацавання дысцыпліны» як сярод студэнтаў, так і прафесараў і выкладчыкаў. Рэктар Парфен Пятровіч Савіцкі ў лютым 1939 г. заклікаў калектыў БДУ прымяняць гэтыя пастановы як «выдатную зброю ў барацьбе з парушальнікамі працоўнай дысцыпліны, дэзарганізатарамі сацыялістычнага парадку...». Словы рэктара абгрунтаваў вучоны сакратар універсітэта М. М. Дудзінскі, які звярнуў увагу калектыва БДУ на неабходнасць разгортвання сацыялістычнага спаборніцтва сярод студэнтаў і выкладчыкаў. Разам з тым ён адзначыў, што «тормазам у рабоце студэнтаў, як і саміх выкладчыкаў», з’яўляецца тое, што ў БДУ так і не прыступілі да складання падручнікаў па асобных курсах, якія выкладаюцца.
Прафесура і кіраўніцтва ўніверсітэта, а разам з імі і студэнты, вялі спрэчкі пра суадносіны абавязковай аўдыторнай і самастойнай работы студэнтаў, вучэбна-метадычныя параметры лекцый, шляхi набліжэння акадэмічных заняткаў да практычных патрэб сацыялістычнай вытворчасці і г. д. Ужо ў красавіку 1941 г. прафесар хіміі Ф. Г. Асіпенка, які ў той час займаў пасаду прарэктара па «вучэбна-навучальнай частцы», выказаў свой вельмі разважлівы і трапны погляд на праблему: «лекцыя – асноўная форма выкладання».
Дарэчы, гэта праблема стала падставай для правядзення ва ўніверсітэце асобнай нарады выкладчыкаў.
Трэба дадаць, што пры ўсіх мяркуемых і рэальных навацыях у выкладанні калектыў БДУ зыходзіў з таго, што «расклад заняткаў і экзаменаў у вышэйшай школе, як і графік на вытворчасці, – непарушны закон». Гэты закон дзейнічаў з часу выхаду ў чэрвені 1936 г. Пастановы ЦК ВКП(б) і СНК СССР «Аб рабоце вышэйшых навучальных устаноў і кіраўніцтве вышэйшай школай», у якой адназначна было акрэслена, што можна, а чаго нельга рабіць. Асобныя раздзелы гэтай пастановы («Аб арганізацыі вучэбнага працэсу», «Аб арганізацыі вучэбнай работы») быццам ставілі ўсе кропкі над «і» ў разнастайных спрэчках і дыскусіях. Аднак універсітэцкае акадэмічнае супольніцтва хоць і прымала ўстаноўкі вышэйшых інстанцый, але працягвала свой самастойны пошук максімальна эфектыўных метадычных прыёмаў і сродкаў навучання ў ВНУ.
Відавочна, гэты пошук бясконцы, бо маштабы новага часу пастаянна змяняюцца і патрабуюць новага ўзроўню кваліфікацыі спецыялістаў. А іх падрыхтоўка магчыма пры наяўнасці не толькі сучасных адукацыйных устаноў і сістэм, але і пры ўмове выразнай мэтанакіраванасці навучэнцаў, высокім прафесіяналізме выкладчыцкага саставу. Так было заўсёды. I як паказвае сучаснасць, мадэрнізацыя вышэйшай адукацыі суверэннай Беларусі ў XXI ст. не толькі рэальнасць, але і неабходная ўмова для таго, каб не застацца на ўскраінах цывілізацыйных працэсаў. Зварот да гістарычнага вопыту беларускай вышэйшай школы толькі пацвярджае гэту выснову.