Пачатак (1921–1925 гг.)
Стварыць з нуля ў Беларусі ўніверсітэт было па сіле толькі кампетэнтным людзям. А з улікам абставін гэта азначала, што імі маглі быць у большасці сваёй вопытныя і аўтарытэтныя прафесары былых імператарскіх расійскіх універсітэтаў і іншых ВНУ. У стварэнні Беларускага ўніверсітэта ў першую чаргу былі зацікаўлены мясцовыя нацыянальна арыентаваныя кадры, невялікая, але вельмі энергічная група беларускай інтэлігенцыі. Нельга не прыняць пад увагу і «актуальнасць палітычнага моманту» — Савецкая ўлада і Масквы, і Мінска, а асабліва партыйныя органы рабілі шмат для таго, каб праз стварэнне ўніверсітэта ўвасобіць сацыяльна-культурную праграму новага дзяржаўнага кіравання, тым больш у рэгіёне былой царскай Расіі, дзе пытанне аб універсітэце шмат разоў «клалася пад сукно» ўладай старой, звергнутай.
Такім чынам, стварэнне БДУ у тыя гады абумоўлена аб’ектыўнымі прычынамі — гэта было вострае палітычнае пытанне, ад вырашэння якога залежала магчымасць культурна-цывілізацыйнага ўздзеяння на беларускае грамадства, стварэнне ядра беларускай інтэлігенцыі, кадраў высокапрафесійных работнікаў. А галоўнае — магчымасць адукацыі і выхавання кадраў новай савецка-бальшавіцкай генерацыі.
Першыя студэнты БДУ. 1923 г. |
Універсітэт у Мінску з’явіўся, разгарнуў сваю дзейнасць, стаў адпавядаць асноўным канонам класічных універсітэтаў у многім дзякуючы фактару суб’ектыўнаму, менавіта таму, што тут працавалі выдатныя вучоныя, педагогі, арганізатары, проста апантаныя сваёй справай людзі, розныя па паходжанні, нацыянальнасці і палітычных поглядах.
Ёсць усе падставы сцвярджаць, што толькі праз неверагодна цяжкую, падзвіжніцкую працу тых, хто ў 20-30-я гг. XX ст. уваходзіў ва ўніверсітэцкія кабінеты і аўдыторыі, і быў створаны БДУ як асобная, універсітэцкая сфера жыццядзейнасці грамадства і праяўлення яго агульнакультурнага развіцця. Прафесары і выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, увесь яго калектыў з самага пачатку сваёй дзейнасці па разгортванні ўніверсітэцкай адукацыі і навукі былі прасякнуты імкненнем да паглыбленага вывучэння, захавання і практычнага выкарыстання ў розных сферах грамадскага і дзяржаўнага існавання ўсіх кампанентаў гістарычнай і агульнасацыяльнай памяці, накопленай продкамі. Было натуральным не толькі рабіць яе элементы прадметам навуковага даследавання, але непасрэдна ўводзіць у навучальны працэс, выкарыстоўваць для выхавання адметных рыс характару, грамадскіх і прафесіянальных якасцей студэнтаў як будучых савецкіх спецыялістаў.
Час патрабаваў ад «старой» універсітэцкай прафесуры амаль немагчымага – яна павінна была сумясціць у сваіх падыходах і дзеяннях новае ўспрыняцце рэчаіснасці ў яе размытых рэвалюцыяй нацыянальных межах (адначасова ўлічваючы ўзмацнелую ідэалогію «пралетарскага інтэрнацыяналізму») з неабходнасцю працягваць намаганні папярэднікаў па замацаванні і пашырэнні межаў нацыянальнага беларускага адраджэння. У першым выпадку і меркавалася прадставіць доказы гістарычнай правамернасці і неабходнасці рэвалюцыйных пераўтварэнняў на беларускай зямлі. А тым болыш у цеснай сувязі з савецкай Расіяй і пры яе безумоўным вяршэнстве «ў перабудове старога свету». Аднак адрадзіць як нацыянальную свядомасць, так і нацыянальную дзяржаўнасць, новыя магчымасці для якіх з’явіліся пасля 1917 г., па сутнасці, нельга было без апоры на духоўныя і матэрыяльныя здабыткі ўсіх пакаленняў, якія жылі на беларускай зямлі.
М.А. Янчук |
I тут нельга было дапускаць нават дробных выключэнняў з мінуўшчыны, усё багацце якой па-свойму працавала на адраджэнне і рэвалюцыйныя пераўтварэнні: як пазітыўнае, адметнае і жыццесцвярджальнае, так і негатыўнае, прыкрае для ўсведамлення ў рэаліях тагачасных узаемаадносін.
Таму «беларускі кампанент» у розных яго праявах быў амаль абавязковым у працы не толькі гуманітарыяў, але і ўніверсітэцкіх медыкаў, фізікаў, матэматыкаў і ўвогуле ўсіх навукоўцаў. Пра тое, чым кіраваліся першыя выкладчыкі БДУ, распачынаючы сваю дзейнасць не толькі ў кабінетах, лабараторыях ці аўдыторыях, але і ў розных навуковых таварыствах, гавораць радкі з біяграфіі аднаго з аўтарытэтных прафесараў – Мікалая Андрэевіча Янчука. Выхаваны на лепшых традыцыях дарэвалюцыйнай навукі, ён пагадзіўся прыехаць у Мінск і працаваць ва ўніверсітэце дзеля садзейнічання рэалізацыі даўняга імкнення беларусаў да вяршынь адукацыі і культуры.
М.А. Янчук задаў імпульс разгортванню стваральнай працы ў розных кірунках па захаванні ўсяго таго, што адлюстроўвала ўзровень беларускіх гістарычных здабыткаў.
Таму натуральна, што «старая» прафесура адразу ж паклапацілася пра «навуковае выхаванне» беларускай інтэлігенцыі. Ствараліся навуковыя таварыствы, праводзілася карпатлівая праца па зборы ўніверсітэцкай бібліятэкі, арганізоўваліся не толькі вучэбныя, але і навуковыя музеі, кабінеты, ладзіліся навуковыя экспедыцыі ў розныя куткі Беларусі і нават за яе межы. Усё спрыяла выхаванню моладзі: і апантаны пошук, і паглыбленае вывучэнне тых крыніц, у якіх спадчына Беларусі тым ці іншым чынам магла быць прадстаўлена, і правядзенне маштабных (усебеларускіх!) і акадэмічна абмежаваных канферэнцый, і арганізацыя шматлікіх публічных лекцый па нацыянальнай тэматыцы перад рознымі па складзе і падрыхтоўцы аўдыторыямі і г. д.
Навуковыя традыцыі, носьбітамі якіх былі ў БДУ «старыя» прафесары і выкладчыкі, найболыш яскрава адлюстроўвалі першыя вучэбныя планы. Яны былі складзены не толькі для таго, каб падрыхтаваць спецыялістаў па пэўных кірунках ведаў і прафесійных навыках, але і дзеля іх выхавання як беларускіх інтэлігентаў. Нават хуткі прагляд гэтых планаў, якія былі распрацаваны якраз у БДУ (у пачатку 20-х гг. XX ст. Масква яшчэ была вымушана дазваляць у пэўных межах праяўленне мясцовай ініцыятывы ў справе ўніверсітэцкага будаўніцтва), дае магчымасць зразумець, чым кіраваліся іх стваральнікі.
Ф.Ф. Турук |
Пра гэта пісаў адзін з іх, член першага Праўлення БДУ Ф.Ф. Турук: «Программа этнолого-лингвистического отделения [...] построена применительно к местным этнографическим особенностям края [...].
В программу общественно-педагогического отделения [...] включено несколько курсов, имеющих исключительно местное значение и ставящих своей задачей познакомить общественного работника с той местной историко-культурной обстановкой, в которой последнему приходится работать». Так, вучэбны план секцыі беларускай мовы этнолага-лінгвістычнага аддзялення факультэта грамадскіх навук, які хоць і знаходзіўся пад асаблівым кантролем Масквы, амаль палову асноўных курсаў прафесійнай падрыхтоўкі (9 з 22) адводзіў вывучэнню прадметаў беларускай арыентаванасці. Імі была насычана і падрыхтоўка студэнтаў іншых аддзяленняў гэтага факультэта. Болыш за тое, як адзначаў Ф.Ф. Турук, у «схему БДУ» і яго статут планавалася ўвесці асобны навукова-даследчы інстытут па вывучэнні беларусістыкі. А выкладанне некаторых прадметаў на медыцынскім факультэце (напрыклад, гісторыі медыцыны, гігіены, агульнай паталогіі і інш.) вялося на прыкладах, узятых з медыцынскай практыкі беларускіх урачоў, многія з якіх самі сталі ўніверсітэцкімі супрацоўнікамі.
Асяродкам захавання і распаўсюджвання агульнацывілізацыйнага інтэлектуальнага і культурнага багацця, створанага чалавецтвам, стала ўніверсітэцкая бібліятэка, стваральнікам якой быў Іосіф Бенцыянавіч Сіманоўскі, чалавек з шырокім кругаглядам і еўрапейскім узроўнем адукаванасці. Важна і тое, што бібліятэка БДУ амаль з самага пачатку сваёй дзейнасці набыла статус агульнанацыянальнай. Ужо ў 1922 г. у справаздачы БДУ канстатавалася, што «...пры ўніверсітэце маецца бібліятэка, якая з’яўляецца адначасова і Дзяржаўнай публічнай бібліятэкай». У ліпені таго ж года СНК ССРБ БССР прыняў рашэнне аб «пашырэнні функцый і правоў» бібліятэкі БДУ, што было яшчэ раз пацверджана майскай 1924 г. урадавай пастановай.
Калі паспрабаваць скласці больш-менш пэўны пералік імён людзей, якія ўнеслі свой важкі ўклад у нарошчванне патэнцыялу БДУ, размясціць іх у некаторым сістэмным парадку, то першымі, безумоўна, неабходна назваць «бацькоў-заснавальнікаў» універсітэта. Іх нямала, бо колькасць членаў дзвюх згаданых вышэй арганізацыйных камісій складала некалькі дзесяткаў чалавек. Сярод тых, каму БДУ абавязаны сваім існаваннем, асобнае месца займаюць Я.Ф. Карскі і М.В. Доўнар-Запольскі. Якраз яны распрацавалі першую канцэпцыю стварэння Беларускага ўніверсітэта пасля таго як кастрычніцкія падзеі 1917 г. захапілі Беларусь. Вядома, што ў снежні 1917 г. Усебеларускі з’езд побач з вострапалітычнымі пытаннямі дэталёва абмяркоўваў пытанне аб шляхах і магчымасцях адкрыцця «першага беларускага ўніверсітэта». Спецыяльны даклад на гэту тэму зрабіў Яўхім Фёдаравіч Карскі – акадэмік Расійскай акадэміі навук. Ён разам з М.В. Доўнар-Запольскім прадставіў сваё бачанне Беларускага ўніверсітэта. Праект статута быў надрукаваны ў 1918 г. Потым, ужо савецкімі ўладамі кандыдатура Я.Ф. Карскага вылучалася на пасаду першага рэктара БДУ, але з-за палітычных матываў была ў рэшце рэшт адхілена.
Я.Ф. Карскі |
Палітычныя погляды Мітрафана Віктаравіча Доўнар-Запольскага, якія ён сфармуляваў у сваім праекце, не дазволілі яму, у адрозненне ад Я.Ф. Карскага, прыняць непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы абвешчанага 25 лютага 1919 г. Пастановай ЦВК ССРБ БССР адкрыцця БДУ. Але калі Я.Ф. Карскі не змог выкладаць у БДУ, то М.В. Доўнар-Запольскі хоць і на кароткі час, з кастрычніка 1925 да лета 1926 г., чытаў лекцыі студэнтам Беларускага ўніверсітэта.
Яны абодва шмат зрабілі для таго, каб на выкладчыцкую працу ў Мінск былі запрошаны лепшыя прадстаўнікі ўніверсітэцкай адукацыі і навукі. М.В. Доўнар-Запольскі гэтую агітацыю праводзіў, знаходзячыся ў Кіеве, а потым – у Баку, Я.Ф. Карскі – непасрэдна праз свой удзел у рабоце камісій па стварэнні БДУ (старшынёй Маскоўскай камісіі ён быў разам з рэктарам МДУ Вячаславам Пятровічам Волгіным, а сам кіраваў працай Мінскай камісіі). Такім чынам, і Я.Ф. Карскі, і М.В. Доўнар-Запольскі рэалізоўвалі свае тэарэтычныя распрацоўкі праз канкрэтную стваральную дзейнасць.
З шэрагу выдатных дзеячаў універсітэта вылучаецца асоба чалавека, які першым увайшоў у студэнцкую аўдыторыю і тым самым пачаў на Беларусі ўніверсітэцкую адукацыю. Першая лекцыя для студэнтаў БДУ прагучала 31 кастрычніка 1921 г. – на тэму «Аб культуры Міжземнамор’я ў эпоху панавання Рыма». Яе прачытаў прафесар Дзмітрый Пятровіч Канчалоўскі.
Дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь сведчаць, што нарадзіўся Дзмітрый Пятровіч 15 сакавіка 1873 г. у сяле Светавы Луч Купянскага павета Харкаўскай губерні. Скончыў у 1903 г. гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, пасля чаго застаўся на кафедры агульнай гісторыі. У 1904-1906 гг. у якасці студэнта Берлінскага ўніверсітэта слухаў лекцыі па рымскай гісторыі, гісторыі Грэцыі, сацыялогіі, этналогіі, эпіграфіцы, гісторыі хрысціянства, а з восені 1906 г. пачаў выкладанне рымскай гісторыі ў Маскоўскім універсітэце. У 1911 г. ён быў вымушаны пакінуць кафедру ў сувязі з адстаўкай рэктара Мануйлава і групы прафесараў: гэты дэмарш групы вядомых вучоных МДУ, да якога далучыўся і Дз.П. Канчалоўскі, меў палітычную афарбоўку...
Дзмітрый Пятровіч быў чалавекам шырокай эрудыцыі, валодаў нямецкай, французскай, англійскай і італьянскай мовамі. Прафесарам БДУ па кафедры агульнай гісторыі факультэта грамадскіх навук Дзмітрый Пятровіч працаваў з 9 верасня 1921 да 1 верасня 1923 г. Ён быў персанальна запрошаны ва ўніверсітэт рэктарам У.I. Пічэтам.
Напэўна, паміж імі існавалі сяброўскія адносіны яшчэ з часоў сумеснай працы ў МДУ.
I менавіта Уладзімір Іванавіч Пічэта з’яўляецца для БДУ і ўсёй Беларусі выключна знакавай фігурай. Гэта ён 9 ліпеня 1921 г. узяў на сябе неймаверна цяжкую ношу, пагадзіўшыся стаць рэктарам БДУ.
Станаўленне ўніверсітэта было складаным. У дзяржавы не хапала сродкаў на забеспячэнне яго самым простым, але неабходным абсталяваннем, прыладамі і г. д. Рахункі, якія ў 1921–1922 гг. зацвердзіў урад на падтрымку дзейнасці ўніверсітэта, шмат разоў скарачаліся, у той час, як толькі медфак патрабаваў многіх дзесяткаў мільёнаў рублёў. Па прапанове рэктара ва ўрадзе ўсур’ёз абмяркоўвалася пытанне аб стварэнні прадпрыемстваў, даход ад якіх ішоў бы выключна на закупку абсталявання для лабараторый, клінік, вучэбных аўдыторый менавіта медыцынскага факультэта. У.I. Пічэта ў гэты нялёгкі час з вядомага вучонага-прафесара пераўтварыўся ледзь не ў забеспячэнца-«выбівалу», бо кожная дробязь, ад якой залежала болыш-менш эфектыўная дзейнасць трох факультэтаў БДУ, была звязана з велізарнымі цяжкасцямі. Ва ўсе інстанцыі Мінска і Масквы У.I. Пічэта адсылаў незлічоную колькасць запісак, прашэнняў, дакладных з прапановамі, просьбамі, патрабаваннямі ў адносінах стварэння і развіцця універсітэцкай матэрыяльна-тэхнічнай базы. Дакладная запіска ў адрас Наркамасветы РСФСР, якую адправіў Уладзімір Іванавіч у пачатку 1922 г. (перш да Я.А. Адамовіча, а потым да А.Р. Чарвякова), пакуль дайшла да адрасата «абрасла» рэзалюцыямі. Але хадайніцтва аб выдзяленні БДУ аднаго экземпляра ўсіх выданняў, якія выходзілі ў Расіі, было задаволена.
Запрашальны білет на святкаванне |
Праца рэктара універсітэта вельмі станоўча была адзначана старшынёй ЦВК Беларусі А.Р. Чарвяковым. У тэлеграме з выпадку «дня гадавіны першага акадэмічнага года», дасланай у БДУ, ён паставіў Уладзіміра Іванавіча ў прыклад усім, ахарактарызаваў яго як «цалкам адданага адказнай і цяжкай справе...» – справе стварэння Беларускага ўніверсітэта, які «прызваны да жыцця патрабаваннямі савецкага дзяржаўнага будаўніцтва», першы год дзейнасці якога «канчаткова замацаваў яго велізарнае эканамічнае, палітычнае і культурнае значэнне для краю». Між тым у сваёй першай справаздачы ў Маскву ад 14 студзеня 1922 г. рэктар падкрэсліў, што «з дзяржаўнага пункту гледжання» БДУ «для Зарубежнай Беларусі з’яўляецца свайго рода Цэнтрам адраджэння Беларусі», што ён «для суседніх палякаў, беларусаў і літоўцаў з’яўляецца наглядным паказчыкам таго курсу пытанняў асветы, якога трымаецца Савецкая ўлада». Праўда, рэктару вельмі цяжка было пераадолець нежаданне кіраўніцтва Смаленскай, Віцебскай і Гомельскай губерняў фінансава дапамагаць станаўленню БДУ.
Арганізацыйныя пытанні можна было вырашаць пераважна не ў Мінску, а ў Маскве, і Уладзімір Іванавіч першы год сваёй працы правёў па графіку – 10 дзён у Мінску, а тыдзень у Маскве. Нягледзячы на мноства гаспадарчых спраў, рэктар галоўную ўвагу звярнуў на стварэнне ўніверсітэцкага статута. I ён з’явіўся ўжо ў першыя месяцы дзейнасці БДУ. Уладзімір Іванавіч адразу азнаёміў з яго зместам прафесараў і выкладчыкаў, потым – усіх студэнтаў, якія сабраліся ва ўніверсітэцкіх залах. Рэктар зачытваў артыкулы «Канстытуцыі БДУ». Новы ўніверсітэцкі статут быў уведзены пасля зацвярджэння ў кастрычніку 1921 г. палажэння аб вышэйшых навучальных установах РСФСР.
У адпаведнасці ж з палажэннем аб ВНУ ад 3 ліпеня 1922 г., паводле якога да будаўніцтва вышэйшай савецкай школы трэба было далучыць «шырокую пралетарскую грамадскасць» і студэнцтва, адбыліся змены ў арганізацыйных справах БДУ. Так, больш прадстаўнічым стаў склад прадметных камісій і саветаў факультэтаў. Былі замацаваны функцыі і паўнамоцтвы Савета ўніверсітэта, у які ўвайшлі члены Праўлення БДУ, дэканы, прафесары, студэнты, а таксама прадстаўнікі СНК, Саўпрафбела, зацікаўленых наркаматаў і інш. Гэта яшчэ болыш пашырыла паўнамоцтвы і павысіла адказнасць самога рэктара, які ўзначальваў усе калектыўныя органы кіравання. А напружанасць у рабоце ўсё ўзрастала. Праўленне БДУ толькі за 1922/23 навучальны год правяло 53 пасяджэнні, на якіх было разгледжана 930 пытанняў.
Праўленне БДУ працавала ў вельмі жорсткім рэжыме – пасяджэнні праходзілі не радзей аднаго разу на тыдзень. З правам дарадчага голасу тут прысутнічалі дэканы факультэтаў і іншыя работнікі ўніверсітэта, калі патрабавалася вырашэнне канкрэтных пытанняў.
А найболыш вострымі былі пытанні набыцця абсталявання для клінік і лабараторый, кніг, рамонту тых будынкаў, якія гарадскія ўлады перадалі БДУ пад вучэбныя карпусы. Іх стан не вытрымліваў аніякай крытыкі. I тым не менш у кароткі тэрмін дзякуючы падтрымцы старшыні СНК БССР А.Р. Чарвякова было зроблена нямала: праведзены рамонт цэнтральнага ацяплення ў «Доме № 1 БДУ», на базе фабрыкі «Вікторыя» абсталяваны анатамічны тэатр для медфака, у значнай частцы вучэбных карпусоў праведзена ці адрамантавана электраасвятленне і інш. Аднойчы рэктар адзначыў, што яго работа і работа ўсяго ўніверсітэцкага Праўлення праходзіла «ў поўным кантакце з усімі мясцовымі дзяржаўнымі органамі» і ніколі не ўзнікала ніякіх непаразуменняў.
Мінскі гарвыканкам з 6 мая 1922 г. узяў на сябе ўсе выдаткі БДУ за ваду і электрычнасць. Акрамя таго, у пачатку 1923 г. гарадскія ўлады выдзелілі БДУ 10 млрд рублёў на пакрыццё кошту камунальных паслуг. Такім чынам, стала складвацца пэўная сістэма фінансавага забеспячэння дзейнасці БДУ, тады як з 1921 г., паводле слоў У.I. Пічэты, «...існаванне ўніверсітэта падтрымлівалася выпадковымі асігнаваннямі». Так, лабараторыі і кабінеты медфака абсталёўваліся за кошт то прэзідыума ЦВК, то Наркамздрава, то дабрачыннай арганізацыі АРА. Напрыклад, па хадайніцтве Праўлення БДУ прэзідыум ЦВК у лістападзе 1922 г. выдзеліў на ўніверсітэцкія патрэбы 7 млн руб. (хоць запрошвалася ўдвая больш). У 1924/25 навучальным годзе з’явіўся сталы бюджэт БДУ.
М.М. Андрэеў |
У.I. Пічэта як рэктар прымаў самы актыўны ўдзел у абмеркаванні і вырашэннні вострых пытанняў матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і стварэння адпаведнай навукова-метадычнай базы для дзейнасці вельмі затратнага, дарагога для разбуранай краіны, але вельмі патрэбнага медыцынскага факультэта. Ён клапаціўся аб вырашэнні праблем універсітэцкіх фізікаў, хімікаў, біёлагаў. Напрыклад, Уладзімір Іванавіч падтрымаў ідэю прафесара М.М. Андрэева аб стварэнні пры БДУ Фізічнага інстытута, хоць дзеля гэтага давялося звезці ва ўніверсітэт з усіх навучальных устаноў Мінска больш ці менш прыдатныя фізічныя прыборы. Такім жа шляхам у кароткі тэрмін адбылося абсталяванне анатамічнага тэатра, хімічнай лабараторыі прафесара Б.М. Беркенгейма, пачала рэалізоўвацца ідэя стварэння Заалагічнага інстытута.
Цікава, што паводле ацэнкі рэктара, толькі 1/3 неабходных сродкаў універсітэт атрымліваў ад Галоўпрафадукацыі РСФСР, 2/3 давала, як выказаўся Уладзімір Іванавіч, «шасціўездная Савецкая Беларусь». Але напружаныя пошукі вырашэння рэктарам самых цяжкіх арганізацыйных, фінансавых, кадравых і іншых пытанняў давалі плён. У.I. Пічэта падкрэсліў той факт, што ўжо праз тры гады БДУ стаў «буйной культурна-палітычнай установай, якая прыкоўвае да сябе ўвагу не толькі савецкай грамадскасці, рабоча-сялянскай Савецкай Беларусі, але і замежных беларусаў». А яго намеснік С.З. Кацэнбоген дадаў да гэтай характарыстыкі маленькі нюанс: «У сваім хуткім росце БДУ вылучыўся з шэрагу правінцыяльных ВНУ, набліжаючыся да тыпу сталічных». Таму «...кіраванне ім носіць асоба сур’ёзны і адказны характар». Сапраўдны, універсітэцкі ўзровень БДУ падштурхнуў Маскву перагледзець каштарысы расходаў на забеспячэнне яго дзейнасці: 21 мая 1924 г. старшыня Савета працы і абароны С.С. Каменеў падпісаў пастанову аб павелічэнні сродкаў на ўтрыманне Беларускага ўніверсітэта.
I далей рэктар працягваў «выпрошваць» у Наркамасветы Масквы і Мінска фінансавыя шматмільярдныя крэдыты для забеспячэння БДУ самым неабходным, хадайнічаў перад урадам аб хутчэйшым вызваленні «Дома № 3 БДУ» на Магазіннай вуліцы ад структур, якія не маюць да ўніверсітэта аніякага дачынення, ставіў на калегіі Наркамасветы пытанне аб выдзяленні 1200 пудоў паперы для падрыхтоўкі выдання «Вучоных запісак БДУ», «выбіваў» новыя штаты выкладчыцкіх кадраў, прымаў старшыню прэзідыума ЦВК А.Р. Чарвякова на пасяджэннях Праўлення БДУ і інш. Дарэчы, пратаколы пасяджэнняў Праўлення ўніверсітэта ў абавязковым парадку накіроўваліся для азнаямлення вышэйшым кіраўнікам рэспублікі. На некаторых з іх рукой А.Р. Чарвякова пазначана: «К свед. А.Ч .».
Між тым найбольшую ўвагу рэктар надаваў кадравым пытанням.
Ад таго, якія выкладчыкі прыходзілі ў аўдыторыі ўніверсітэта, залежала галоўнае – якасць падрыхтоўкі першых спецыялістаў для краіны. Мабыць, менавіта аўтарытэт і шырокая вядомасць У.I. Пічэты сярод вучоных і прафесараў універсітэтаў былой Расійскай імперыі былі адным з пераканальных аргументаў на карысць прызначэння яго рэктарам БДУ. У Мінск ехалі тыя, хто не толькі шукаў сродкі і магчымасць выжыць у страшэнныя часы рэвалюцыйнай і ваеннай галечы, але імкнуўся знайсці магчымасць для свайго творчага росту, рэалізацыі навуковых і педагагічных планаў. Імя У.I. Пічэты было гарантам здзяйснення гэтых планаў.
Рэктар не раз падкрэсліваў неабходнасць забеспячэння дзейнасці прыезджых прафесараў усім неабходным. Яго падтрымалі Я.Ф. Карскі і М.М. Андрэеў, якія настойвалі на такой арганізацыі ўніверсітэта, каб кожны прафесар меў умовы для правядзення навуковай работы, каб была прыстойная ўніверсітэцкая бібліятэка, каб аўдыторыі і лабараторыі, спецыяльнае вучэбнае абсталяванне былі зроблены па праектах і ўказаннях прафесараў. I такія рашэнні былі прыняты. Асаблівасцю першых гадоў гісторыі БДУ можна лічыць частыя замежныя камандзіроўкі прафесараў БДУ. Праўда, каб паехаць у Полышчу ці Германію нават У.I. Пічэту трэба было загадзя падрыхтаваць неабходны пакет дакументаў…
Праўда, каб паехаць у Полышчу ці Германію нават У. I. Пічэту трэба было загадзя падрыхтаваць неабходны пакет дакументаў з аргументамі на карысць магчымай прадукцыйнасці замежнага ваяжу, падмацаваць іх падтрымкай адпаведных органаў Беларусі, бо дазвол, як і грошы, магла даць толькі Масква. Але трэба прызнаць, што на працягу 20-х гг. XX ст. грошы, і вельмі вялікія, рэгулярна выдзяляліся якраз урадам рэспублікі дзеля падтрымкі высокага ўзроўню навуковай кампетэнтнасці універсітэцкіх выкладчыкаў.
Сярод сотняў імён, з якімі звязана станаўленне універсітэта, трэба нагадаць прозвішчы найболыш вядомых членаў Мінскай і Маскоўскай камісій. Побач з Я. Ф. Карскім і В. П. Волгіным працавалі Ф. Ф. Турук, Л. С. Мінор, С. Д. Камінскі, М. А. Янчук, Л. С. Таль, М. Б. Кроль, М. М. Кулагін, А. А. Барзоў, П. I. Каразін, Б. М. Беркенгейм, А. А. Калантар, Дз. М. Пранішнікаў і іншыя вядомыя на той час вучоныя.
Акрамя іх дзейсную працу вялі прадстаўнікі органаў улады: у складзе Камісіі знаходзіліся ў 1919 г. тагачасны старшыня ЦВК ССРБ А. Ф. Мяснікоў, член расійскай калегіі аддзела ВНУ В. Т. Тэр-Аганесаў, пазней рэальную дапамогу камісіям аказвалі старшыня СНК БССР А. Р. Чарвякоў, сакратар ЦБ КП(б)Б В. Г. Кнорын, нарком асветы БССР У. М. Ігнатоўскі і намеснік наркома асветы РСФСР М. М. Пакроўскі (абодва вядомыя гісторыкі) і многія іншыя.
Дз. П. Канчалоўскі |
Амаль за паўтара месяца да пачатку вучэбнага працэсу ў БДУ дзяржаўным Вучоным саветам была зацверджана першая кагорта універсітэцкіх прафесараў: па факультэце грамадскіх навук — В. Г. Кнорын, Г. С. Гурвіч, У. М. Дзякаў, У. М. Іваноўскі, Дз. А. Жарынаў, Дз. П. Канчалоўскі, С. Г. Лазінскі, М. М. Нікольскі, У. М. Перцаў, У. I. Пічэта, I. М. Салаўёў, Ф. Ф. Турук, М. А. Янчук і інш., па медфаку — М. М. Андрэеў, Б. М. Беркенгейм, А. А. Калужскі, М. Б. Кроль, У. В. Ляпёшкін і інш.
Потым на кожным з пасяджэнняў Праўлення БДУ, якія рэгулярна праводзіліся, першым разглядалася пытанне аб кадравым папаўненні факультэтаў і кафедраў.
За 20-я гг. XX ст. архіўныя крыніцы называюць роўна 100 прозвішчаў прафесараў і 442 прозвішчы прадстаўнікоў так званага «навукова-выкладчыцкага саставу». Праўда, гэтыя лічбы дастаткова ўмоўныя, бо яны прыведзены ў вопісе спраў, які быў падрыхтаваны работнікамі універсітэцкай кадравай службы ўжо ў 1938 г., тады як за папярэднія гады ў кадравым становішчы універсітэта адбываліся значныя пературбацыі і далёка не ўсе змены знаходзілі адлюстраванне ў адпаведных паперах. Калі праз 17 гадоў спісы выкладчыкаў і навукоўцаў БДУ, якія працавалі ў даваенны перыяд, былі складзены для перадачы асабістых спраў у Дзяржаўны архіў, то ў іх адсутнічалі многія прозвішчы з папярэдняга спіса 1938 г., але было названа шмат новых — усяго 146 прозвішчаў прафесараў, дацэнтаў, выкладчыкаў, навукоўцаў.
Нават калі ўзгадаць тых, каго толькі універсітэцкія гісторыкі з поўным правам могуць назваць сваімі калегамі, то выклікае павагу грунтоўны пералік прозвішчаў: У. I. Пічэта, У. М. Перцаў, М. М. Нікольскі, У. М. Ігнатоўскі, М. М. Шчакаціхін, В. Д. Дружчыц, М. В. Доўнар- Запольскі, Дз. А. Жарынаў, Дз. П. Канчалоўскі, С. Г. Лазінскі, Ф. Ф. Турук, А. М. Ясінскі, М. А. Янчук, Д. I. Даўгяла, Ф. I. Забелла, К. I. Кернажыцкі, П. Д. Каляда, А. А. Савіч, В. А. Сербента, В. К. Шчарбакоў, I. Ф. Лочмель, А. П. П’янкоў і інш. 3 гонарам успрымаецца тое, што гісторыкі ў 20-я гг. XX ст. былі аднымі з самых актыўных арганізатараў БДУ і праваднікоў ідэі і практыкі універсітэта.
Здзіўляюць першыя спісы, як прынята цяпер скарочана пазначаць, ППС БДУ. Што ні прозвішча, то імя ў навуцы, аўтарытэт ва універсітэцкім асяроддзі. Нездарма кожны з прафесараў БДУ займаў пэўную кафедру ці на медфаку, ці на факультэце грамадскіх навук і сваімі рознабаковымі ведамі ўвасабляў саму кафедру: з-за недахопу выкладчыцкіх кадраў прафесары чыталі самыя разнастайныя курсы.
Між тым з 49 прафесараў, якія прыехалі на працу ў БДУ у 1921 г., 32 не вытрымалі цяжару ўмоў працы і побыту ў разбураным Мінску і пакінулі універсітэт. Засталіся толькі тыя, хто змог выстаяць, хто быў адданы ідэі стварэння Беларускага універсітэта. Да лекцыйнай работы былі далучаны сакратар ЦК КП(б)Б Вільгельм Кнорын, нарком асветы Усевалад Ігнатоўскі і яго намеснік Саламон Кацэнбоген. Больш за тое, У. М. Ігнатоўскі стаў старшынёй прэзідыума факультэта грамадскіх навук (ФГН). На гэтым факультэце адразу ж былі створаны 15 кафедраў і 10 кабінетаў для арганізацыі правядзення практычных заняткаў (цікава, што загадчыкамі кабінетаў былі самі ж прафесары і выкладчыкі) — сярод іх 4 гістарычныя кафедры і 3 кабінеты. Было арганізавана выкладанне чатырох замежных (англійскай, французскай, нямецкай і польскай) і дзвюх старажытных (лацінскай і старажытнагрэчаскай) моў.
3 самага пачатку ФГН стаў вельмі папулярным сярод беларускай моладзі. Тут на чатырох аддзяленнях (эканамічным, прававым, педагагічным, этналагічным) юнакі і дзяўчаты маглі набыць спецыяльнасці, найболыш запатрабаваныя грамадствам і дзяржавай, — эканамістаў, юрыстаў, педагогаў, работнікаў устаноў культуры. У гэтым сэнсе «канкурыраваць» з ФГН мог толькі медыцынскі факультэт.
Так, на ФГН у 1921 г. налічвалася 1157 студэнтаў і 46 выкладчыкаў (з іх 33 прафесары). Праз тры гады — 8 жніўня 1924 г. урад БССР зацвердзіў штатны расклад БДУ, па якім на медфаку працавалі 29 прафесараў, 52 асістэнты і празектары, 59 навуковых супрацоўнікаў, а на педфаку, які з 1922 г. як бы стаў падмяняць ФГН, — 45 прафесараў і 54 асістэнты і выкладчыкі.
У. М. Ігнатоўскі |
Цікавую заканамернасць можна прасачыць, гартаючы старонкі асабістых спраў прафесараў БДУ: у 1921 г. на працу ва універсітэт былі прыняты амаль 50 прафесараў і 59 выкладчыкаў, у 1922 г. — адпаведна 10 і 24, у 1923 г. — 19 і 58, у 1924 г. — 8 і 65, у 1925 г. — 4 і 52, у 1926 г . — 0 і 58, у 1927 г. 5 і 35, у 1928 г. — 2 і 8, у 1929 г. — 0 і 5.
Такое кадравае спусташэнне з цягам часу давала аб сабе знаць.
А спачатку «старыя» кадры няўхільна рабілі сваю прафесійную справу. На пасяджэнні Праўлення БДУ 26 верасня 1923 г. рэктар і дэканы медфака, ФГН, рабфака, педфака не толькі падвялі вынікі 1922/23 навучальнага года, але і на канкрэтных прыкладах зробленага даказалі, што БДУ адбыўся! І тое, што ён стаў жыццяздольным, «навукова-культурным цэнтрам усёй этнаграфічнай Беларусі», пачаў адыгрываць ролю «буйнога сацыяльнага фактару». Нарком асветы У. М. Ігнатоўскі звярнуў увагу, што запланаваная арганізацыйная і вучэбная работа выканана на 75 %. I гэта з’яўляецца падставай для руху наперад. Паводле меркавання рэктара, перспектывы гэтага руху залежаць ад стану беларускай эканомікі, якая, у сваю чаргу, павінна быць забяспечана інтэлектуальнай падтрымкай выпускнікоў універсітэта.
Гэта быў час, калі ўсё было першае: першая аўдыторыя і першая лекцыя, першыя факультэты і першыя выпускі спецыялістаў — юрыстаў і эканамістаў, першыя навуковыя часопісы («Шлях студэнцтва», «Працы БДУ»), першыя універсітэцкія газеты («Голас рабфакаўца», «Голас студэнта»), першыя кафедры і першыя выкладчыкі, сярод якіх быў і вядомы пісьменнік Якуб Колас, першыя калекцыі, што збіраліся ў музеі — заалагічныя і мінералагічныя, першы студэнцкі тэатр (1924), першыя замежныя кантакты (Лейпцыгскі універсітэт, 1923). Урэшце, быў закладзены першы камень у падмурак Універсітэцкага гарадка.
Варта прыгадаць, што ў архіўным спісе лекцыйных кніжак студэнтаў 1921 г. паступлення пазначана прозвішча Уладзіміра Міхайлавіча Каракулькі. Гэтаму студэнту выпаў гонар стаць першым, хто абароніць дыпломную працу і атрымае права звацца першым дыпламаваным спецыялістам новай Беларусі. Як сведчыла невялічкая заметка ў газеце «Звезда», дыпломная работа Уладзіміра Каракулькі была выканана на актуальную для таго часу тэму — «“Ножницы” (фабрично-заводская промышленность и сельскохозяйственный рынок СССР)». Апаніравалі яму на абароне рэктар і прафесар I. Я. Герцык.
Так адбылося і доўгачаканае, і неверагоднае — разам з У. М. Каракулькам дыпломы беларускіх савецкіх спецыялістаў атрымалі некалькі дзесяткаў выпуснікоў БДУ. Быццам не было таго, што прыходзілася адмяняць заняткі, бо з-за вялікага скаплення студэнтаў у аўдыторыях (адначасова збіралася да 1,5 тысячы студэнтаў), як адзначалася, «профессора изнемогают в буквальном смысле этого слова». 3 гэтай прычыны было правілам прымаць залікі на прафесарскіх кватэрах, хоць Праўленне ўніверсітэта ўвесь час шукала выйсце з такога становішча. Практыкавалася так званае «самааблажэнне» студэнтаў, калі з кожнага бралі пэўнуго суму грошай на карысць універсітэта.
Ішлі грошы і ад продажу студэнтам праграм універсітэцкіх курсаў і іншых вучэбных выданняў. Немалую матэрыяльную падтрымку меў БДУ ад дабрачынных дзеянняў: нават 50 харчовых пасылак, атрыманых ад АРА вясной 1922 г., дазволілі студэнтам хоць трохі падмацаваць свой рацыён. За кошт амерыканскай дабрачыннасці ў 1923 г. былі адкрыты для студэнтаў сталовыя [напрыклад, на вуліцы Багадзельнай (цяпер — Камсамольская), дзе знаходзіліся вучэбныя будынкі БДУ]. Крыху пазней, у 1925 г., універсітэцкія медыкі атрымалі ад арганізацыі «Джойнт» 5 тыс. долараў для клінікі нервовых хвароб, калекцыю табліц і інш. Праўленне БДУ выказала падзяку дырэктару амерыканскай арганізацыі «Джойнт» пану А. М. Брамсону. Такім чынам, шматлікія цяжкасці паступова пераадольваліся. БДУ стаў рэальна адпавядаць свайму высокаму прызначэнню.
Вялікія намаганні прыходзілася рабіць дзеля таго, каб вучэбны працэс быў насычаны не толькі высакаякаснымі тэарэтычнымі ведамі, але каб ён быў як мага больш прыбліжаны да практыкі, да тых сфер дзейнасці, дзе першыя выпускнікі БДУ павінны былі працаваць. Таму арганізацыя практыкі на медфаку, ФГН і педфаку адразу стала важным пытаннем для Праўлення і рэктара ўніверсітэта. Некалькі вельмі жорсткіх пастаноў на гэты конт прынялі ўрадавыя органы. Так, 28 мая 1924 г. пастановай СНК БССР былі акрэслены паўнамоцтвы ВНУ, з аднаго боку, і дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў і устаноў з другога — па правядзенні студэнцкай практыкі. Усе расходы павінен быў узяць на сябе прымаючы бок. На адным з пасяджэнняў Праўлення ўніверсітэта У. I. Пічэта ў гэтай сувязі адзначыў плённыя і добразычлівыя адносіны, якія склаліся паміж наркамам аховы здароўя Стакоўскім і педфакам, наркомам юстыцыі А. X. Гетнерам і ФГН.
Успрыняцце універсітэта беларускім грамадствам як інтэлектуальнага і культурнага цэнтра маладой краіны ішло пераважна праз асобу рэктара, які ва ўсіх сваіх выступленнях, пачынаючы з прамовы на III Усебеларускім з’ездзе Саветаў і канчаючы публічнымі лекцыямі перад насельніцтвам, прапагандаваў ідэю і сутнасць універсітэта ў Беларусі і для беларусаў. Ужо ў 1922 г. сярод 70 членаў ЦВК ССРБ знаходзіўся і беспартыйны рэктар БДУ. У снежні 1922 г. ён быў абраны дэлегатам на III Усебеларускі з’езд Саветаў ад Мінскага гарсавета.
Рэктар штораз рабіў справаздачы аб дзейнасці БДУ перад членамі ўрада і заканадаўчых органаў.
Універсітэт пры У. I. Пічэту станавіўся сапраўды беларускім: у 1927 г. у сярэднім каля 50 % вучэбных гадзін чыталіся па-беларуску.
Я. Ю. Лёсік |
I гэта пры тым, што мовамі навучання, акрамя беларускай, былі ідыш, польская і руская; існавалі польскае і яўрэйскае аддзяленні. Уладзімір Іванавіч хоць і не быў беларусам, але рабіў усё магчымае, каб менавіта беларуская ідэя стала падмуркам у стварэнні сістэмы адукацыі ў Беларускім універсітэце. I паўсюль, нават у вядомых Рыжскіх перагаворах 1921 г., ён «оборонял белорусское культурное существование». Яго зацікаўленасць і павага да беларускай гісторыі былі не палітычнай кан’юнктурай, не сродкам выжывання ва ўмовах рэвалюцыйных узрушэнняў, а навукова абгрунтаваная пазіцыя вучонага, якая, аднак, далёка не заўсёды станоўча ўспрымалася тагачасным палітычным кіраўніцтвам. Яго навуковая інтуіцыя падказвала, якім шляхам раней ці пазней, але бясспрэчна пойдзе беларускі народ у паслярэвалюцыйны час.
Побач з Уладзімірам Іванавічам працавалі дзясяткі выдатных навукоўцаў. Падаецца надзвычай цікавым аналіз універсітэцкага жыцця ў кантэксце грамадска-палітычнай сітуацыі 1920-х гг. у Беларусі, дзе шырока, а дзе некалькімі словамі характарызуюцца найбольш вядомыя беларускія палітыкі, навукоўцы і выкладчыкі БДУ, грамадскія дзеячы і дзеячы культуры Беларусі. Сярод іх: Я. Ф. Карскі, М. В. Доўнар-Запольскі, С. М. Некрашэвіч, М. Я. Фрумкіна, Я. Ю. Лёсік, М. М. Піятуховіч, У. М. Ігнатоўскі, Я. Я. Кіпель, А. В. Баліцкі, I. I. Цвікевіч, М. В. Азбукін, А. А. Смоліч, В. Ю. Ластоўскі, А. Р. Чарвякоў, Я. К. Успенскі, В. Д. Дружчыц, М. I. Каспяровіч, І. І. Краскоўскі, Янка Купала, Якуб Колас, Алесь Дудар, Я. А. Адамовіч, А. I. Крыніцкі, I. В. Воўк-Левановіч, I. А. Сербаў, П. В. Трамповіч, З. X. Жылуновіч, А. М. Ляўданскі, Дз. Ф. Прышчэпаў, М. I. Гарэцкі, У. М. Пракулевіч, Л. I. Заяц, М. М. Галадзед, I. А. Віткоўскі, А. М. Вазнясенскі, Я. I. Васілевіч, В. Г. Кнорын, С. Я. Вальфсон, Б. А. Тарашкевіч, А. К. Галавінскі, К. Б. Езавітаў і інш.
Адной з форм уздзеяння ўніверсітэта на шырокія колы грамадства, па прапанове У. I. Пічэты, сталі публічныя лекцыі. Сам рэктар, нягледзячы на мноства спраў, рэгулярна ўдзельнічаў у іх правядзенні. Так, разам з прафесарамі Дз. П. Канчалоўскім, С. Я. Вальфсонам, А. М. Вазнясенскім, I. М. Салаўёвым ён прачытаў цыкл лекцый, усе зборы ад якіх пайшлі на карысць галадаючых. Ён выступаў з дакладамі на публічных пасяджэннях, прысвечаных памяці Ф. М. Дастаеўскага, М. А. Някрасава і іншых знакамітых дзеячаў літаратуры, навукі, культуры, палітыкі. Гэты кірунак дзейнасці ўніверсітэцкіх прафесараў натуральна прывёў іх да стварэння статута Навуковага таварыства БДУ як цэнтра, які павінен быў аб’яднаць духоўныя сілы Мінска і ўсёй Беларусі.
Уладзімір Іванавіч увесь час свайго знаходжання на пасадзе рэктара настойліва прасоўваў ідэю будаўніцтва сапраўднага Універсітэцкага гарадка, у якім бы кожны квадратны метр адпавядаў запатрабаванням выкладчыкаў і студэнтаў, быў тым асяродкам, дзе пануюць адукацыя, навука, культура. Ужо 6 снежня 1924 г. Саўнарком БССР прызнаў неабходнай пабудову першага асобнага корпуса для БДУ і вырашыў выдзеліць з рэзервовага фонду 100 тыс. руб. Рэктар адстаяў і ідэю будаўніцтва асобнага Універсітэцкага гарадка. Яго ўзвядзенне распачалі ў лістападзе 1927 г. На жаль, Уладзімір Іванавіч не дачакаўся завяршэння будаўніцтва — у 1930 г. ён замест таго, каб стаяць за кафедрай у новай аўдыторыі, сядзеў за кратамі.
Пэўныя вынікі дзейнасці БДУ былі падведзены на агульным універсітэцкім сходзе, прысвечаным пяцігадоваму юбілею — 31 кастрычніка 1926 г. Да гэтага юбілею быў далучаны яшчэ адзін, не менш сімвалічны і важкі, — не толькі калектыў універсітэта, а і ўся рэспубліка адзначылі 25-годдзе навуковай і педагагічнай дзейнасці свайго рэктара. Святкавалі пяцігоддзе рэктарства Уладзіміра Іванавіча. 3 усіх бакоў, ад самых высокіх інстанцый ішлі віншаванні, гучалі самыя высокія словы ацэнкі дзейнасці БДУ і арганізатарскай, педагагічнай, навуковай працы У. I. Пічэты на Беларусі і для Беларусі. Ганаровае званне «Заслужаны прафесар БССР» спецыяльна да юбілейнай даты зацвердзілі пастановай Наркамасветы і прысвоілі Уладзіміру Іванавічу.