АЎТАБІЯГРАФІЯ К. М. МІЦКЕВІЧА (ЯКУБА КОЛАСА)
8 лістапада 1923 г.
У Літаратурную прадметную камісію
Беларускага дзяржаўнага універсітэта
Члена Інстытута беларускай культуры
Канстанціна Міцкевіча (Якуба Коласа)
Я радзіўся ў засценку Акінчыцы Мінскай губ., Мінскага павета ў 1882 г. 22 кастрычніка. Айцец мой быў селянінам з сяла Мікалаеўшчыны таго ж павета і служыў лесніком у князя Радзівіла.
Скончыўшы Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (Мінскай губ., Слуцкага павета) у 1902 г., я быў настаўнікам у пачатковых школах Мінскай губ., Пінскага павета. Зімою, у пачатку 1906 г., мяне перамясцілі з Пінскага павета ў Ігуменскі за прапаганду між сялянамі. Летам таго ж года за настаўніцкі з’езд у сяле Мікалаеўшчына я быў зволен ад настаўніцтва і аддан пад суд. Следства вялося да 1908 г. У гэты час у першы раз пачаў друкаваць свае творы ў першай беларускай газеце «Наша Доля» і «Наша Ніва». У 1907 г. напісаў хрэстаматыю «Другое чытанне для дзяцей беларусаў». 15 верасня 1908 г. я судзіўся выяздною сесіяй Віленскай судовай палаты ў г. Мінску па палітычнай справе і быў прысуджан на тры гады заключэння ў крэпасці. Гэта заключэнне адбыў у мінскім астрозе. У часе майго заключэння выйшаў з друку першы зборнік маіх лірычных твораў «Песні жальбы». Адбыўшы крэпасць, займаўся прыватна-педагагічнаю працаю, а таксама літаратурнаю. У 1912 г. зноў паступіў на настаўніцкую службу ў г. Пінск. У 1915 г. разам з сям’ёй быў прымушан выехаць у Расію.
Быў у Маскоўскай, Пермскай і Курскай губ. Займаўся педагагічнай працай, быў школьным інструктарам. У 1921 г. вясною пераехаў у Мінск, быў членам тэрміналагічнай камісіі, а затым членам Інстытута беларускай культуры, дзе застаюся і на гэты час. У Мінску выкладаю методыку роднай мовы ў беларускім педагагічным тэхнікуме.
Да гэтага часу выйшлі з друку мае творы:
1. «Другое чытанне...», хрэстаматыя.
2. «Апавяданні», збор прозы.
3. «Тоўстае палена», «Нёманаў дар», апавяданні.
4. «Песні жальбы», збор вершаў.
5. «Родныя з’явы», зборнік прозы.
6. «Антось Лата, на дарозе жыцця», драматыч. творы.
7. «Сымон-музыка», паэма.
8. «Водгулле», збор вершаў.
9. «Казкі жыцця», проза.
10. «Новая зямля», паэма.
11. «У палескай глушы», апавяданне.
12. «Батрак» і другія вершаваныя апавяданні.
Прыгатаваны да друку:
1. «Збор народных казак для дзяцей».
2. «Методыка роднай мовы».
3. «3 віру жыцця», паэзія.
8 /Х 1923 г.
Якуб Колас (К. Міцкевіч)
НАРБ. Ф. 205. Воп. 3. Спр. 5663. Л. 3. Машынапіс. завер. коп.