На франтах Вялiкай Айчыннай вайны
Выкладчыкі, супрацоўнікі і студэнты БДУ добра ўсведамлялі свой грамадзянскі абавязак перад Радзімай. Яны самаахвярна змагаліся з ворагам на франтах Вялікай Айчыннай вайны, у партызанскіх атрадах і патрыятычным падполлі. Кожны разумеў, што ад яго асабістага ўдзелу ў барацьбе з фашыстамі залежыць вызваленне Радзімы.
Адразу ж пасля выступлення В. М. Молатава па радыё 22 чэрвеня 1941 г. у БДУ пачаліся стыхійныя мітынгі асуджэння агрэсара. Не чакаючы павестак, студэнты і выкладчыкі ішлі ў ваенкаматы, партыйныя і камсамольскія камітэты, каб запісацца ў дзеючую армію. Толькі ў першыя дні вайны ў Чырвоную Армію мабілізавалася 450 студэнтаў і выкладчыкаў БДУ.
На фронт пайшоў амаль увесь «вогненны выпуск» 1941 г. юрыдычнага факультэта, які тады называўся Беларускім дзяржаўным юрыдычным інстытутам. Кожны трэці з гэтага выпуску загінуў на франтах Вялікай Айчыннай.
Т. Л. Мартынюк |
Увосень 1941 г. разгарнулася самая галоўная бітва пачатковага перыяду Вялікай Айчыннай вайны – бітва за Маскву. Яна працягвалася да 1942 г. У выніку контрнаступлення савецкіх войск праціўнік быў адкінуты на 150–400 км. Свой уклад у гэтую перамогу ўнеслі і выхаванцы БДУ: Т. Л. Мартынюк, М. А. Майракаў, П. П. Сіліванчык і інш. Усе яны ўзнагароджаны медалямі «За абарону Масквы».
Пасля правалу тактыкі «маланкавай вайны» і паражэння пад Масквой галоўны ўдар у 1942 г. нямецкае камандаванне вырашыла нанесці на поўдні, каб выйсці да Волгі і Каўказа.
Летам 1942 г. пачалася Сталінградская бітва, у якой немцы страцілі 1,5 млн чалавек. У бітве ўдзельнічалі Сталінградскі, Паўднёва-Усходні, Данскі, Варонежскі франты. У жніўні гітлераўцы ўсё-такі прарваліся да Волгі, а ў лістападзе ўжо ішлі жорсткія баі ў горадзе, які быў у руінах. Там таксама змагаліся выпускнікі і выкладчыкі БДУ: Г. Д. Сінека, М. А. Майракаў, М. П. Іваноўскі і інш. Апошні быў узнагароджаны медалём «За абарону Сталінграда».
У Сталінградскай бітве ўдзельнічалі і іншыя студэнты і выкладчыкі БДУ. Н. І. Жолудзеў, будучы студэнт юрыдычнага інстытута, камандзір мінамётнага разліку, вызначыўся ў Курскай бітве. 29 верасня 1943 г. ён адзін з першых у палку пераправіўся праз Днепр у раёне с. Келебярда Крамянчугскага раёна Палтаўскай вобласці і мінамётным агнём прыкрываў пераправу падраздзяленняў палка. За гэты подзвіг Н. І. Жолудзеву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У 1946 г. Н. І. Жолудзеў стаў студэнтам Мінскага юрыдычнага інстытута і скончыў яго ў 1950 г. з адзнакай.
М. А. Майракаў |
М. П. Катлавец, выпускнік БДУ 1937 г., удзельнічаў не толькі ў Сталінградскай бітве, ён вызваляў Украіну, Малдавію, Румынію і Балгарыю. 10 кастрычніка 1944 г. на румынска-венгерскай мяжы пасля гібелі камандзіра танкавага батальёна капітан М. П. Катлавец прыняў камандаванне на сябе і працягваў выконваць баявую задачу. Батальён знішчыў пяць гармат, больш за сто павозак з боепрыпасамі і іншую ваенную тэхніку праціўніка, але ў тым баі загінуў і сам капітан. 24 сакавіка 1945 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР М. П. Катлаўцу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза (пасмяротна). Яго імем названы вуліцы ў Мазыры і Ціраспалі, а таксама на радзіме героя – у вёсцы Лешня Мазырскага раёна Гомельскай вобласці.
Б. М. Рубенчык усю вайну прайшоў радавым зенітнай артылерыі, браў удзел у Сталiнградскай бiтве; яго полк стаяў у станіцы Бекетаўка, потым ваяваў пад Астраханню, вызваляў Гомель.
А. Дз. Крукоўскі пад Сталінградам камандаваў узводам знішчальнай супрацьтанкавай батарэі 45-міліметровых гармат. Ён браў удзел у вызваленні Севастопаля, узяцці Кёнігсберга і многіх іншых гарадоў. Быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны II ступені, шматлікімі медалямі.
У баях пад Сталінградам удзельнічаў выпускнік гістарычнага факультэта, а потым яго дацэнт і дэкан П. З. Савачкін. Служыў камандзірам разведкі дывізіі, удзельнічаў у фарсіраванні Дняпра, дайшоў да Берліна. За баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны І і ІІ ступені.
Г. М. Трухноў |
У Сталінградскай бітве вызначыўся і аспірант універсітэта Г. М. Трухноў, кавалер ордэнаў Айчыннай вайны, Чырвонай Зоркі і іншых узнагарод. Ён браў удзел у вызваленні Украіны, Беларусі, Польшчы. У складзе 14-й кавалерыйскай дывізіі вызваляў вязняў з жудаснага лагера смерці Майданак. У лютым 1942 г. ён пісаў у дывізіённай газеце: «Даю клятву аддаць усе сілы, усяго сябе для канчатковай перамогі над ворагам».
Вынікам перамог пад Сталінградам і на Каўказе стаў пераход стратэгічнай ініцыятывы да савецкіх войск. Пачалося вызваленне акупіраваных тэрыторый. Адной з найбольш буйных аперацый была аперацыя «Баграціён», якая пачалася 23 чэрвеня 1944 г. і мела выключна важны вынік. Як вядома, менавіта праз тэрыторыю Беларусі праходзіў самы кароткі шлях на Берлін. Аперацыя праводзілася сіламі 1-га Прыбалтыйскага, 1, 2 і 3-га Беларускіх франтоў. Ім супрацьстаяла нямецкая група арміі «Цэнтр». У вызваленні Беларусі ўдзельнічалі студэнты і выкладчыкі БДУ: М. Я. Цікоцкі, П. І. Дабрыцкі, С. Р. Драбязка. У вызваленні Мінска прымалі ўдзел А. К. Артамонаў, М. А. Майракаў. За гэтую аперацыю ўсе яны ўзнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі.
Шлях да Берліна праходзіў праз важны марскі порт – Кёнігсберг ва Усходняй Прусіі. Гэты горад меў важнае стратэгічнае значэнне, таму што праз яго падтрымлівалася сувязь з групоўкай немцаў у Курляндыі. Ён быў ператвораны ў сапраўдную крэпасць, якую абараняў гарнізон у 130 тыс. чалавек. У склад штурмавых часцей уваходзілі А. А. Лабуда, А. А. Галаўко, І. І. Палешчучэнка – будучыя выкладчыкі БДУ. Дапамогу раненым аказвала медсястра А. Г. Сташонак. Усе яны ўзнагароджаны медалямі «За ўзяцце Кёнігсберга».
М. Я. Цікоцкі |
Галоўнай аперацыяй 1945 г. з’яўлялася бітва за Берлін. Кожны савецкі салдат меў надзею ўзняць Сцяг Перамогі над рэйхстагам. Немцы ўпарта абаранялі сваю сталіцу. Бітва ішла за кожную вуліцу, за кожны дом. Сярод тых, хто змагаўся за ўзяцце Берліна, былі і будучыя супрацоўнікі ўніверсітэта: Г. Р. Аляксееў, А. Н. Нікіфараў, М. І. Прышчэпа, С. К. Карпенка.
На рацэ Эльба сустрэў Дзень Перамогі выпускнік юрыдычнага інстытута БДУ А. Л. Каленік. У снежні 1944 г. ён з’яўляўся ваенным пракурорам 3-й арміі, якая ўваходзіла ў склад 1-га Беларускага фронту і вяла баявыя дзеянні за Берлін.
Мужна змагаўся на франтах вайны выпускнік фізіка-матэматычнага факультэта Л. С. Нахмановіч. Свой баявы шлях ён пачаў байцом 183-га пяхотнага палка. У 1943 г. быў цяжка паранены ў баях пад Ржэвам і адпраўлены ў Сярэднюю Азію, дзе да канца вайны працаваў настаўнікам у школе.
Студэнт фізіка-матэматычнага факультэта Ю. І. Мендражыцкі яшчэ ў самым пачатку вайны змог эвакуіравацца з Мінска. Скончыў курсы малодшых лейтэнантаў у кулямётнай школе, якая знаходзілася пад Смаленскам. Ваяваў на Заходнім, 1-м і 3-м Беларускіх франтах. Камандаваў кулямётным узводам, потым быў прызначаны намеснікам начальніка разведкі 42-й стралковай дывізіі. Вайну скончыў у званні маёра на пасадзе намесніка начальніка разведкі корпуса. Быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступені.
Студэнт 3-га курса хімічнага факультэта Я. С. Рубінчык са жніўня 1941 г. служыў у Чырвонай Арміі. Змагаўся на Паўднёвым, Паўночна-Каўказскім, 4-м Украінскім, 1-м Беларускім франтах. Служыў у сапёрным батальёне 328-й стралковай дывізіі ў званні капітана. Быў удзельнікам баявых дзеянняў на Каўказе ў складзе 18-й дэсантнай арміі, удзельнічаў у вызваленні Кубані, Данбаса, Кіева, Заходняй Украіны, ва ўзяцці Патсдама, Брандэнбурга.
Студэнт 4-га курса фізіка-матэматычнага факультэта М. М. Сідарэнка з 1943 г. пачаў ваяваць у якасці стралка. Удзельнічаў у баях пад Петрыкавам, Туравам. Быў паранены, пасля шпіталя ваяваў ва ўзводзе тапаграфічнай разведкі. Прымаў актыўны ўдзел у баях за Варшаву, у штурме Данцыга.
Пры фарсіраванні Дняпра вылучыўся будучы студэнт юрыдычнага інстытута П. А. Гарошак. Ён вынес з поля бою 32 параненыя таварышы. За мужнасць і гераізм П. А. Гарошку прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Б. А. Сасноўскага вайна застала ў час экзамену па педагогіцы на 4-м курсе біялагічнага факультэта. У 1942 г. ён добраахвотнікам пайшоў у армію, скончыў 1-е Маскоўскае пяхотнае вучылішча і ў сакавіку 1944 г. прыбыў камандзірам мінамётнага ўзвода на 1-ы Беларускі фронт. Ён удзельнічаў у аперацыі «Баграціён». Быў цяжка паранены. Пасля шпіталя прымаў удзел у баях у Маньчжурыі супраць японскіх войскаў.
У першы дзень вайны ў нямецкім акружэнні пад г. Уладзімір-Валынскі ў складзе брыгады з 38 лёгкіх танкаў 41-га мотастралковага палка аказаўся выпускнік гістарычнага факультэта К. К. Герман. Пасля выхаду з акружэння ён быў накіраваны на курсы прапагандыстаў, потым – на фронт. Удзельнічаў у Курскай бітве, фарсіраванні Дняпра і Прыпяці, вызваленні Кіева і Роўна. Завяршыў свой баявы шлях К. К. Герман пад Прагай у маі 1945 г., узнагароджаны 5 ордэнамі і 6 баявымі медалямі.
Як стралок-радыст ваеннага бамбардзіроўшчыка 8-га дальнеразведвальнага авіяпалка змагаўся з ворагам студэнт гістарычнага факультэта С.Г. Скапцоў. Удзельнічаў у вызваленні Украіны і Крыма, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
І. С. Лушчыцкі, студэнт, а потым прафесар універсітэта, быў старшым інструктарам палітаддзела дывізіі, затым корпуса, лектарам палітаддзела арміі. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў баях, узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі.
А. І. Сідарэнка |
Студэнт, а пазней дэкан гістарычнага факультэта А. І. Сідарэнка ваяваў пад Ленінградам як намеснік камандзіра танкавага батальёна па палітычнай частцы. Быў цяжка паранены, камісаваны ў жніўні 1944 г. Баявыя подзвігі А. І. Сідарэнкі адзначаны ордэнамі Айчыннай вайны і Чырвонай Зоркі, медалямі «За адвагу», «За абарону Ленінграда», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.».
Выкладчык А. Ш. Блох спаткаў вестку аб вайне на кансультацыі па тэорыі аналітычных функцый. У студзені 1943 г. ён пайшоў на фронт старшым метэаролагам. Яго абавязкам было сачыць за надвор’ем у раёне баявых дзеянняў і звесткі пра яго перадаваць авіяцыі. За час вайны А. Ш. Блох здолеў прайсці шлях ад радавога да лейтэнанта. Удзельнічаў у вызваленні Беларусі і ў баях ва Усходняй Прусіі.
У 1943 г. пайшоў на фронт студэнт фізіка-матэматычнага факультэта З. М. Дымент. Ён ваяваў у чыгуначным батальёне на розных франтах: Волхаўскім, Ленінградскім, 3-м Прыбалтыйскім і 3-м Украінскім.
22 чэрвеня здаваў апошні экзамен на фізіка-матэматычным факультэце Л. А. Толсцік. Ён быў эвакуіраваны ў Саратаўскую вобласць. 14 лютага 1942 г. прызваны ў армію, ваяваў на Сталінградскім, потым на Варонежскім, Паўднёва-Заходнім, Сцяпным, 2-м і 3-м Украінскіх франтах.
Студэнт гістфака М. Собаль сустрэў пачатак вайны пад Псковам, быў цяжка паранены, цудам пазбег смерці ў час налёту нямецкага дэсанта на калону медыцынскіх машын. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі «За адвагу», «За абарону Савецкага Запаляр’я», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.».
К. М. Станкевіч скончыў гістарычны факультэт у 1941 г., апошні экзамен здаваў, калі немцы бамбілі Мінск. У 1941 г., каб запісацца добраахвотнікам у армію, прайшоў пешшу ад Мінска да Клімавічаў, але яго не ўзялі, паколькі ён быў дапрызыўнікам. Воінскае званне «лейтэнант» ён атрымаў у Харкаўскай ваенна-інжынернай акадэміі. К. М. Станкевіч быў кіраўніком службы 25-га гвардзейскага паветрана-дэсантнага палка, прайшоў цяжкі шлях ад Масквы да Берліна, меў шэсць узнагарод.
А. А. Лабуда |
Актыўна змагаліся з акупантамі ў складзе дзеючай арміі прафесар І. А. Прусаў (мехмат), дацэнты Ф. Ф. Бяляеў, А. А. Будкевіч, А. І. Чырко, І. Р. Цішчанка (хімфак), старшы выкладчык М. С. Нікіценка (хім- фак), дацэнт А. А. Лабуда (радыёфізіка), дацэнты М. М. Драко, Г. В. Гладкі, А. Г. Сташонак (біяфак), дацэнты А. І. Ляўко, І. В. Марчанка (гістфак) і многія іншыя. Разам з імі змагаліся ўчарашнія студэнты-хімікі В. Ф. Бяляеў, А. Х. Клецкін, Ф. І. Аўрамчык, І. С. Старо- бінец, Б. М. Недзвінскі, П. Х. Самафалаеў; гісторыкі В. Баброўскі, Ю. І. Драгун, П. Назараў, Ц. Шчасны, Б. Даўгулевіч, І. Капелевіч.
І. Р. Цішчанка да вайны працаваў асістэнтам на кафедры арганічнай хіміі. У час вайны яму было прысвоена воінскае званне «тэхнік-лейтэнант». Ваяваў І. Р. Цішчанка на Бранскім, 1- м і 2-м Беларускіх франтах, удзельнічаў у штурме Берліна.
Р. Л. Старобінец у пачатку вайны працаваў на кафедры фізічнай хіміі як дацэнт. У 1943 г. пайшоў на фронт добраахвотнікам, ваяваў на 3-м Прыбалтыйскім фронце ў якасці хіміка-разведчыка асобнай хімічнай роты пры 30-й гвардзейскай стралковай дывізіі 10-й гвардзейскай арміі. Прымаў удзел у вызваленні Латвіі, у Рызе закончыў свой баявы шлях.
Толькі два курсы хімфака паспеў скончыць В. Ф. Бяляеў. Калі пачалася вайна, ён запісаўся добраахвотнікам у Чырвоную Армію. Ваяваў на 1-м Прыбалтыйскім і Заходнім франтах.
Н. А. Лемельман у 1936 г. паступіў на фізмат БДУ. І вось, калі ўжо да атрымання запаветнага дыплома заставалася некалькі дзён (патрэбна было здаць апошні экзамен), пачалася вайна. Ён быў прызваны ў армію. Яго баявы шлях пачаўся на Бранскім фронце ў складзе мінамётнага батальёна, а скончыўся ў маі 1945 г. у Венгрыі. У 1945 г. нарэшце ён атрымаў свой дыплом аб сканчэнні БДУ.
Аспірант біялагічнага факультэта М. М. Драко пачаў свой баявы шлях пад Масквой, удзельнічаў у вызваленні Беларусі.
Выкладчык біяфака С. В. Калішэвіч удзельнічаў у Курскай бітве, фарсіраванні Дняпра, вызваленні Беларусі і Польшчы.
Выпускнік гістарычнага факультэта А. С. Сцепаненка служыў у 143-й Чырванасцяжнай Канатопска-Карасценьскай дывізіі камандзірам радыстаў. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені, ордэнам Айчыннай вайны І ступені, медалямі «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941– 1945 гг.».
Многія не дажылі да славутага Дня Перамогі. Сакратар камсамольскай арганізацыі, студэнт гістфака І. Рыбакоў у першы дзень вайны пайшоў на фронт добраахвотнікам. Разведчык І. Рыбакоў дзейнічаў на тэрыторыі Беларусі. 14 верасня 1943 г. І. Рыбакоў пасля паспяховага выканання баявога задання збіраўся вярнуцца ў Маскву. Але падчас вяртання ў сталіцу І. Рыбакоў загінуў. За праяўленую мужнасць савецкае камандаванне прадставіла яго да ўзнагароды.
Студэнт 4-га курса геаграфічнага факультэта К. Некрашэвіч знаходзіўся ў факультэцкай экспедыцыі на Піншчыне, калі яго застала вайна. У пісьме, якое паспелі атрымаць бацькі, ён пісаў, што добраахвотна пайшоў у ваенкамат і будзе ваяваць з фашыстамі. К. Некрашэвіч гераічна загінуў пад Гомелем.
Л. С. Абэцэдарскі |
Студэнт 4-га курса хімічнага факультэта І. І. Гарэлік, калі пачалася вайна, знаходзіўся на вытворчай практыцы ў Варонежы і не паспеў вярнуцца ў Мінск. І. І. Гарэлік вымушаны быў адначасова працягваць вучобу і працаваць на заводзе. Менавіта адсюль яго мабілізавалі на фронт, у хімічную роту. У сакавіку 1945 г., пры вызваленні Венгрыі, абарвалася яго жыццё. Пахаваны І. І. Гарэлік на могілках у маленькім венгерскім гарадку Верцешачы.
Не вярнуліся з вайны ў сцены роднага універсітэта дацэнт геафака У. Я. Зудзілін, дацэнт гістфака І. Ф. Лочмель, выкладчык фізмата В. Лісневіч, лабарант геафака Т. Сталярова, аспірант геафака І. Краснікаў, студэнты гістфака муж і жонка Г. Млоцін і Т. Залуцкая.
Студэнт гістарычнага факультэта, сакратар камсамольскай факультэцкай арганізацыі А. Фердэр загінуў пры абароне Масквы.
Пад Мажайскам забіты Л. Сокал.
Вызваляючы родную Беларусь, загінулі студэнты-гісторыкі – дэсантнікі М. Бобчынскі і А. Ф. Налівайка.
Студэнты і выкладчыкі універсітэта ўнеслі значны ўклад і ў вызваленне заходнееўрапейскіх краін. Змагаючыся ў складзе 3-га Украінскага фронту, У. А. Мельнікаў, І. П. Зяцькоў, А. Ц. Лейзераў вызвалялі Румынію, Венгрыю, Балгарыю, Аўстрыю. В. Г. Аляксееў і І. П. Краўчанка ўдзельнічалі ў вайне на Ціхім акіяне. У баях супраць японскіх мілітарыстаў прымаў ўдзел і студэнт гістфака БДУ з 1937 г. Л. С. Абэцэдарскі, які першым з вучоных універсітэта быў абраны членам-карэспандэнтам АПН СССР.