ЛIСТЫ СТУДЭНТАЎ I ВЫКЛАДЧЫКАЎ БДУ З ФРОНТУ (ЛІСТ Ю. К. МІЦКЕВІЧА)
Ліст з фронту Ю. К. Міцкевiча да бацькi 1941 г.
Дарагі тата!
Усё ж такі пасля доўгіх пошукаў мне ўдалося знайсці ваш адрас. Пісаў я табе ў Вярхоўны Савет БССР, на Саюз савецкіх пісьменнікаў СССР і потым дзядзю Мішу ў Клязьму. На днях атрымаў адказ ад дзядзі Мішы, у якім ён мяне супакоіў адносна вас. Я вельмі рад, што вы зараз усе разам у Ташкенце. Там табе можна спакойна працаваць на карысць Радзімы. Як жа тваё здароўе? Здароўе мамы? Што робяць Міхась і Данік? Як вы ўстроіліся на новым месцы? I як падабаецца сярэднеазіяцкі клімат? Пра сябе я скажу пару слоў. Прыйшоўшы ад Мікалая Фёдаравіча, я застаў наш дом дагараўшым. Гарэў увесь наш раён. Усё ж я дабраўся да ямаў, у якіх мы сядзелі, і выцягнуў адтуль кажух. Нікога з суседзяў я не сустрэў, усе пакінулі Мінск, апрача Пужэвіча, якому я адзеў кажух. Хадзіў я па Мінску да ночы, але нічога дабіцца не ўдалося і адносна вас нічога не ўзнаў. Наша машына стаяла на вуліцы з узарваным бокам. Пераначаваў у Доме пісьменніка і пайшоў назаўтра ў ваенкамат, але ён перамясціўся. Так я яго і не знайшоў. Я пайшоў шукаць якую-небудзь часць. Узялі мяне ў Корпусную артылерыю, у якой я знаходжуся і зараз. З першых дзён мы грамім фашысцкую сволач, і ўжо не адну сотню СС-скіх галоў мы палажылі ў помсту за Мінск і другія гарады і сёлы.
Самаадчуванне ў мяне добрае, зараз я зусім спакойны за вас усіх, а сам я ні ў чым не нуждаюсь. Па дарозе я заходзіў у Грабёнку к Сашу. Там спаткаў Эму Осіпаўну і Хадасоўскую з дзецьмі, там жа была і Валя ў адпуску. Ну, яны, канешне, не адпусцілі мяне так, а нагрузілі рознымі прадуктамі.
У маёй часці разам са мной служыць студэнт, закончыўшы ў адзін год са мною біялагічны факультэт. Яго прозвішча Варонін. Данік яго павінен ведаць, мы год таму назад ехалі разам у Ломжу. Аб астатніх сваіх таварышах нічога не ведаю. Пішыце, як вы жывяце. Што ў вас чуваць?
Мой адрас:
225-я полевая почтовая станция 49, КАП 3-й дивизион, 8-я батарея
Мицкевичу Юрию Константиновичу
Дзядзя Міша пісаў мне, што ён тэлеграфаваў вам мой адрас, зараз ён крыху змяніўся, але вашы пісьмы павінны дайсці і па таму адрасу.
Крэпка, крэпка цалую цябе, маму, Міхася і Даніка. Юрка.
Маладосць. 1985. № 5. С. 152–153.