Жмуроўскі Дзмітрый Пятровіч
Нарадзіўся 10 студзеня 1918 г. у в. Барысавічы Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і селяніна. Вучыўся ў Магілёўскім педагагічным інстытуце. У Чырвоную Армію прызваны ў ліпені 1941 г. Са жніўня 1941 г. на Бранскім, Калінінскім, 2-м Украінскім франтах. Удзельнік Курскай бітвы, Корсунь-Шаўчэнкаўскай і Яска-Кішынёўскай аперацый.
26 сакавіка 1944 г. узвод, у якім знаходзіўся кулямётчык 936-га стралковага палка (254-я стралковая дывізія, 52-я армія, 2-і Украінскі фронт) Дз. П. Жмуроўскі, у ліку першых пераправіўся цераз р. Прут і ў баях за плацдарм за трое сутак адбіў 20 варожых контратак. 31 сакавіка ў баях за вёску Кырпіцы (14 км на поўнач ад г. Ясы) Жмуроўскі асабіста знішчыў ці не цэлы ўзвод варожых салдат і афіцэраў, быў паранены, але поле бою не пакінуў.
Званне Героя Савецкага Саюза Дзмітрыю Пятровічу Жмуроўскаму прысвоена 13 верасня 1944 г.
Пасля вайны закончыў Маскоўскі дзяржаўны педагагічны інстытут, затым аспірантуру, стаў доктарам гістарычных навук (1973), прафесарам (1974). З 1950 г. на выкладчыцкай працы ў ВНУ Вільнюса, Масквы, Мінска, з 1960 г. – у БДУ. Дз. П. Жмуроўскі – аўтар шэрага манаграфічных даследаванняў.