Жукаў Георгій Канстанцінавіч

Ваенны і дзяржаўны дзеяч. Маршал Савецкага Саюза, чатыры разы ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза (1939, 1944, 1945, 1956).

Нарадзіўся 1 снежня 1896 г. у в. Стралкоўка Калужскай вобласці, у сям’і селяніна. Удзельнік Першай сусветнай вайны, малодшы унтэр-афіцэр, узнагароджаны двума Георгіеўскімі крыжамі. У Чырвонай Арміі з 1918 г. У гады Грамадзянскай вайны камандаваў узводам і эскадронам, а пасля вайны – эскадронам, кавалерыйскім палком і брыгадай.

У 1930 г. паспяхова скончыў курсы вышэйшага камсаставу. У 1926–1931 гг. выкладаў у БДУ курс «Вышэйшая дапрызыўная ваенная падрыхтоўка студэнтаў». У 1938–1939 гг. Служыў намеснікам камандуючага Беларускай Асобай ваеннай акругі. Выдатна вызначыўся ў баях з японцамі на р. Халхін-Гол. 28 верасня 1939 г. яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У студзені – ліпені 1941 г. – начальнік Генштаба, намеснік наркома абароны СССР. Са жніўня 1942 г. – першы намеснік наркома і намеснік Вярхоўнага Галоўнакамандуючага.

У гады Вялікай Айчыннай вайны вызначыўся як таленавіты военачальнік, адыграў важнейшую ролю ў разгроме нямецка-фашысцкіх войскаў у Ленінградскай і Маскоўскай бітвах (1941–1942), у час прарыву блакады Ленінграда, у Сталінградскай і Курскай бітвах (1942–1943), у час наступу на Праваўзбярэжнай Украіне і ў Беларускай аперацыі «Баграціён» (1943–1944), у Вісла-Одэрскай і Берлінскай аперацыях (1944–1945). 8 мая 1945 г. Г. К. Жукаў ад імя Вярхоўнага Галоўнакамандуючага прыняў капітуляцыю фашысцкай Германіі. За паспяховае кіраўніцтва аперацыямі франтоў 29 ліпеня 1944 г. узнагароджаны другім, а 1 чэрвеня 1945 г. – трэцім медалём «Залатая Зорка». За выдатныя заслугі перад народам і ў сувязі з 60-годдзем з дня нараджэння 1 снежня 1956 г. узнагароджаны чацвёртым медалём «Залатая Зорка». Двойчы ўзнагароджаны ордэнам «Перамога», а таксама многімі іншымі савецкімі і замежнымі ордэнамі і медалямі.

У 1945–1946 гг. з’яўляўся галоўнакамандуючым Групай савецкіх войскаў і кіраўніком Савецкай ваеннай адміністрацыі ў Германіі. З сакавіка 1946 г. – галоўнакамандуючы Сухапутнымі войскамі і намеснік міністра Узброеных Сіл СССР. У тым жа годзе адхілены ад пасады І. В. Сталіным. З чэрвеня 1946 г. камандаваў войскамі Адэскай, з 1948 – Уральскай ваенных акруг. З 1953 г. служыў першым намеснікам міністра, з 1955 – міністрам абароны СССР. У кастрычніку 1957 г. загадам М. С. Хрушчова вызвалены ад абавязкаў міністра і ў 1958 г. звольнены з Узброеных Сіл.

Памёр Г. К. Жукаў 18 чэрвеня 1974 г. Пахаваны на Краснай плошчы ля Крамлёўскай сцяны. Бронзавы бюст устаноўлены на радзіме героя. Яго імем названы вуліцы ў многіх гарадах, у тым ліку ў Мінску, Гомелі, Слуцку.

FaLang translation system by Faboba