Катлавец Міхаіл Паўлавіч
Нарадзіўся 25 кастрычніка 1914 г. у вёсцы Лешня Мазырскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і селяніна. У 1937 г. закончыў БДУ. У Чырвонай Арміі з 1938 г. У 1941 г. закончыў курсы малодшых лейтэнантаў пры Харкаўскім танкавым вучылішчы.
Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны з чэрвеня 1941 г. – на Заходнім, Сталінградскім і 2-м Украінскім франтах. Камандзір танкавага батальёна капітан М. П. Катлавец вызначыўся 7 студзеня 1944 г. у баі за чыгуначную станцыю Лялекаўка (на захад ад Кіраваграда), знішчыў 7 танкаў і адбіў 6 контратак праціўніка. У час прарыву варожай абароны на румына-венгерскай мяжы 5 кастрычніка 1944 г. яго батальён знішчыў 5 гармат, больш за 100 павозак з боепрыпасамі, узяў у палон 130 гітлераўцаў. М. П.
Катлавец загінуў у баі 6 кастрычніка 1944 г.
Званне Героя Савецкага Саюза Міхаілу Паўлавічу Катлаўцу прысвоена 24 сакавіка 1945 г.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, 2 ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Аляксандра Неўскага, Айчыннай вайны І ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі.
Пахаваны ў малдаўскім горадзе Ціраспаль у брацкай магіле. Яго імем названы вуліцы ў Ціраспалі, Мазыры, вёсцы Лешня Мазырскага раёна.