Выкладчыкi i студэнты БДУ у савецкiм тыле

Выкладчыкі і студэнты БДУ не толькі мужна змагаліся з ворагам на франтах, у партызанскіх атрадах, антыфашысцкім падполлі, але і набліжалі Перамогу сваёй самаадданай працай у савецкім тыле. Сканцэнтраваны ў БДУ вялікі навуковы патэнцыял быў накіраваны ў першую чаргу на вырашэнне праблем, звязаных з вайной, фронтам.

Акадэмікі і прафесары, выкладчыкі і лабаранты – усе жадалі скіраваць сваю прафесійную дзейнасць на павышэнне абараназдольнасці краіны: распрацоўвалі новыя віды ўзбраення, займаліся ўдасканаленнем гармат, самалётаў і танкаў, вывучалі і запускалі ў масавую вытворчасць новыя мінеральныя і лекавыя віды сыравіны, працавалі над інтэнсіфікацыяй тэхналагічных працэсаў у прамысловасці і сельскай гаспадарцы.

godnev 
 Ц. М. Годнеў

Некаторыя з супрацоўнікаў універсітэта здолелі эвакуіравацца ў савецкі тыл. Так, напрыклад, прафесар Ц. М. Годнеў узначальваў кафедру раслін у Свярдлоўскім сельскагаспадарчым інстытуце. Яго навуковая дзейнасць у дні вайны была накіравана на пошукі дадатковых рэсурсаў харчавання, на павышэнне прадуктыўнасці раслін. Акрамя гэтага, ён працаваў над праблемай уплыву бору, марганцу, медзі на рост, развіццё і выхад каўчуку з кок-сагызу. Дзякуючы даследаванням Ц. М. Годнева павялічылася вытворчасць гэтай сыравіны, вельмі важнай для патрэб вайны.

Выпускнік фізіка-матэматычнага факультэта БДУ 1932 г. А. Н. Сеўчанка, будучы акадэмік АН БССР і рэктар БДУ ў 1957–1972 гг., прафесар і загадчык кафедры атамнай і малекулярнай фізікі БДУ, працаваў у Ленінградскім дзяржаўным аптычным інстытуце. Дзякуючы яго намаганням былі вырашаны праблемы стварэння адзінай святломаскіроўкі грамадскіх і ваенных аб’ектаў, а таксама ўдасканалена сістэма люмінесцэнтнага асвятлення шкал ваенных аптычных прыбораў. А. Н. Сеўчанка ўжо ў 1943 г. быў узнагароджаны медалём «За працоўную доблесць», пазней – «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.»., а ў 1971 г. стаў Героем Сацыялістычнай Працы.

Sauchanka
А. Н. Сеўчанка

Дацэнт М. М. Паўлючэнка, які з 1938 г. працаваў загадчыкам кафедры фізічнай і калоіднай хіміі БДУ, знаходзячыся ў эвакуацыі ў Казані, распрацаваў спосаб выцягвання з костак тлушчу, які выкарыстоўваецца ў фотажэлацінавай вытворчасці, узначальваў навукова-даследчую лабараторыю, у якой вырашаліся пытанні ўмацавання абараназдольнасці нашай Радзімы.

Прафесар М. Ф. Ярмоленка, які яшчэ да вайны працаваў загадчыкам кафедры калоіднай хіміі БДУ, працягваў выкладчыцкую дзейнасць у Сталинградскім медыцынскім інстытуце (1941–1942) і ў Ташкенцкім тэкстыльным інстытуце, праводзіў даследаванні па ачыстцы бензіну з дапамогай глін і баксітаў. У 1947 г. ён быў абраны акадэмікам АН БССР.

Шэраг комплексных геолага-марфалагічных даследаванняў у Заходняй Сібіры, Казахстане і на Урале дацэнта БДУ В. А. Дзяменцьева дазволіў значна пашырыць сыравінную базу савецкай прамысловасці. Група геолагаў займалася разведкай карысных выкапняў у 1943–1945 гг. пад кіраўніцтвам дырэктара Інстытута геалогіі і гідралогіі АН БССР, загадчыка кафедры геалогіі БДУ А. М. Жырмунскага.

Былы аспірант, а потым начальнік вучэбнай часткі, загадчык аспірантуры, прарэктар БДУ А. Я. Малышаў у гады вайны працаваў начальнікам геолагаразведачных партый камбіната «Міясзолата» ў Чэлябінскай вобласці.

vejs
Ю. А. Вейс

Прафесар БДУ, акадэмік Ю. А. Вейс у першыя дні вайны эвакуіраваўся ў Варонеж, дзе ўзначаліў кафедру механізацыі сельскай гаспадаркі ў мясцовым сельскагаспадарчым інстытуце. Ён распрацаваў новую мадэль зернеўборачнага камбайна, якая значна змяншала патрэбнасць у жывой працоўнай сіле, што было вельмі важна ў час вялікага яе недахопу ў савецкім тыле. Перад тым як немцы ворагі акупіравалі Варонеж, Ю. А. Вейс эвакуіраваўся на Урал і працягваў свае даследаванні ў Свярдлоўскім інстытуце.

Прафесар М. М. Смірноў працаваў над вырашэннем праблем развіцця і размяшчэння прадпрыемстваў харчовай прамысловасці. Дацэнт І. М. Ілюшын загадваў кафедрай Ташкенцкага фінансава-эканамічнага інстытута. Выкладчык філасофіі У. І. Сцяпанаў займаў пасаду дацэнта ў Сталінградскім педагагічным інстытуце. М. Я. Рагозін у час вайны ўзначальваў кафедру, а потым быў намеснікам дэкана геаграфічнага факультэта Новасібірскага педагагічнага інстытута, ваенкомам шпіталя, з 1961 г. працаваў у БДУ, быў прарэктарам па навуковай рабоце, з’яўляўся загадчыкам кафедры эканамічнай геаграфіі.

Livshyc
Г. М. Ліўшыц

Кандыдат гістарычных навук, дацэнт Г. М. Ліўшыц выкладаў у Кзыл-Ардынскім педагагічным інстытуце, удзельнічаў у будаўніцтве гарадскога канала. Ён атрымаў падзяку Прэзідыума Вярхоўнага Савета Казахскай ССР з нагоды ўвядзення канала ў строй.

Рэктар універсітэта П. П. Савіцкі да студзеня 1943 г. працаваў дырэктарам Ніжнетагільскага педагагічнага інстытута, а прарэктар Л. М. Шнеерсон і ў эвакуацыі быў яго намеснікам.

У сакавіку 1942 г. у Казані на першай за гады вайны сесіі АН БССР з навуковым дакладам «Фашызм і сярэднявечча» выступіў прафесар У. М. Перцаў, які працаваў спачатку ў Курскім, а потым ва Удмурцкім педагагічных інстытутах. На другой сесіі АН БССР у Ташкенце ў лістападзе 1942 г. прафесары, акадэмікі АН БССР У. М. Перцаў і Ц. М. Годнеў дакладвалі аб выніках навукова-даследчай працы беларускіх вучоных – прыродазнаўцаў і гуманітарыяў ва ўмовах вайны.

Выбраны акадэмікам-сакратаром Аддзялення грамадскіх навук АН БССР, У. М. Перцаў надзвычай вялікую ўвагу ўдзяляў актывізацыі працы Аддзялення па гісторыі Беларусі, узмацненню антыфашысцкай прапаганды. Пра гэта ішла гаворка ў дакладной запісцы, накіраванай 1 лістапада 1943 г. у вышэйшы партыйны орган рэспублікі.

Percev
У. М. Перцаў

Першы рэктар БДУ прафесар У. І. Пічэта, які з 1937 г. працаваў загадчыкам сектара славяназнаўства Інстытута гісторыі АН СССР, выступіў у друку з артыкуламі «Гісторыя Беларусі ў савецкай гістарыяграфіі», «Стварэнне польскай дзяржавы», «Барацьба рускага народа з шведска-нямецкай агрэсіяй у ХІІ– ХІІІ ст.», «Барацьба славян з нямецкай агрэсіяй у Х–ХІ ст.».

У лісце на імя сакратара ЦК КП(б)Б Ц. С. Гарбунова, напісаным 3 снежня 1942 г. з Ташкента, вучоны паведамляў наконт падрыхтоўкі манаграфіі «Гісторыя Беларусі». Ён, у прыватнасці, пісаў: «При свете современных событий, на мой взгляд, в книге должны быть произведены следующие основные изменения: 1) усилить первоначальную общность славян; 2) поставить борьбу с германцами в связь с общеславянской борьбой и борьбой русского народа; 3) показать, что Белоруссия – авангард русского народа в борьбе против интервентов; 4) ослабить антипольский характер веков XVI–XVIII; 5) отметить более значительно борьбу за православие, как борьбу за народность, культуру, язык; 6) отметить более подробно культурные связи России и Белоруссии; 7) подчеркнуть отчетливее, что Киевская Русь продолжала свое политическое развитие в составе Великого княжества Литовского».

У. І. Пічэта прымаў актыўны ўдзел у працы Аддзялення грамадскіх навук АН БССР, неаднойчы выказваў заклапочанасць зніжэннем яго аўтарытэту.

Былыя студэнты і студэнткі БДУ ў гады вайны сталі настаўнікамі, дырэктарамі школ, камсамольскімі, прафсаюзнымі і партыйнымі работнікамі. Педагагічныя калектывы школ у савецкім тыле ўзначальвалі філолаг Л. І. Фіглоўская, гісторык М. П. Баранава, географ І. І. Трухан і інш. Выкладчык універсітэта М. І. Жыркевіч, працуючы ў Сібіры, напісаў падручнік для сярэдняй школы «Граматыка беларускай мовы».

Кожны на сваім месцы набліжаў як мог Дзень Перамогі.

FaLang translation system by Faboba