Удзел у партызанскiх i падпольных фармiраваннях

Фашысты занялі Мінск 28 чэрвеня 1941 г. Студэнты і выкладчыкі універсітэта, якія не паспелі эвакуіравацца ў тыл ці пайсці на фронт, засталіся ў акупіраваным горадзе. Пад свой шпіталь фашысты адвялі будынак біялагічнага факультэта, пачаўшы выкідваць адтуль экспанаты заалагічнага музея. Выкладчыкі біяфака дацэнт Я. М. Зубковіч, асістэнт А. В. Вязовіч, аспірантка З. І. Завістовіч, прэпаратар А. К. Ціток з рызыкай для жыцця перанеслі экспанаты на Віцебскую вуліцу і схавалі іх. Потым гэта група наладзіла сувязь з гарадскім падпольным антыфашысцкім цэнтрам. Літаральна за некалькі дзён да вызвалення Мінска, у канцы чэрвеня 1944 г., фашысты арыштавалі Я. М. Зубковіча, А. В. Вязовіча і З. І. Завістовіч і забілі іх. Як вядома, мінскае антыфашысцкае падполле пачало стварацца з першых жа дзён акупацыі горада нацыстамі. Сярод шматлікіх яго ўдзельнікаў былі студэнты і выкладчыкі універсітэта.

У гарадскую падпольную камсамольскую арганізацыю «Андруша», якую ўзначальваў будучы Герой Савецкага Саюза М. А. Кедышка, уваходзіў студэнт універсітэта В. В. Міхневіч. Пазней ён сам узначаліў групу «Віктар», якая актыўна дзейнічала на Мінскім заводзе імя К. Варашылава.

Студэнтка 2-га курса геаграфічнага факультэта Н. А. Абрамовіч стварыла падпольную групу са сваіх аднакурснікаў. Уладкаваўшыся працаваць на нафтабазу, яны збіралі важныя звесткі і перадавалі іх партызанам і падпольшчыкам. Аднак фашысты выкрылі групу і арыштавалі яе членаў. Жыццё кіраўніка групы абарвалася ў лагеры смерці Асвенцім.

Студэнт хімічнага факультэта Г. Г. Фалевіч кіраваў падпольнай групай камсамольцаў, якая мела канспіратыўную кватэру пад выглядам аптэкі, забяспечвала падпольшчыкаў і партызн медыкаментамі, шрыфтамі, а таксама інфармацыяй пра дзеянні фашыстаў. У групу Г. Г. Фалевіча ўваходзілі студэнты універсітэта С. Гуляеў, Н. Ярмоленка, Дз. Майсееў і А. Сума. У маі 1942 г. гестапаўцы схапілі членаў групы Г. Г. Фалевіча. Перад смерцю Г. Г. Фалевіч на шматку паперы напісаў: «Вельмі не хочацца паміраць, але здраднікам не стану».

Удзельнікамі падполля сталі загадчык кафедры фізіялогіі жывёл прафесар І. А. Вятохін і кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт І. Р. Некрашэвіч, якія не паспелі выехаць з Мінска. Апошні ў ліпені 1941 г. увайшоў у склад гарадской падпольнай групы, якой кіравала будучы Герой Савецкага Саюза М. Б. Осіпава. І. Р. Некрашэвіч выконваў заданні Мінскага падпольнага партыйнага камітэта: збіраў звесткі аб ваенных аб’ектах, дыслакацыі і перамяшчэнні гітлераўскіх войскаў у Мінску і яго раёне, займаўся пошукам боепрыпасаў, медыкаментаў для партызанскіх атрадаў. З 1943 г. і да вызвалення Мінска І. Р. Некрашэвіч знаходзіўся ў партызанскім атрадзе Другой Мінскай Чырвонапартызанскай брыгады. За выкананне баявых даручэнняў быў узнагароджаны медалём «Партызану Айчыннай вайны» І ступені.

Актыўнай удзельніцай Мінскага падполля была выкладчыца біялагічнага факультэта Г. А. Язубчык. Яна з’яўлялася адной з сувязных Мінскага гарадскога падпольнага камітэта КП(б)Б, выконвала даручэнні па адпраўцы мінчан у партызаны і аказанні ім дапамогі.

Г. І. Лобача вайна застала на 3-м курсе фізмата. Як неваеннаабавязаны, ён застаўся ў Мінску, уключыўшыся ў падпольную барацьбу. Па заданні падполля ён працаваў стрэлачнікам на станцыі «Мінск-таварная», збіраў звесткі аб перамяшчэнні эшалонаў з нямецкімі часцямі, тэхнікай.

Фашысты выкрылі, схапілі і расстралялі ўдзельніка мінскага падполля, выкладчыка фізіка-матэматычнага факультэта А. М. Сталярова.

Студэнты і выкладчыкі БДУ вялі падпольную барацьбу супраць акупантаў не толькі ў сталіцы рэспублікі, яны дзейнічалі і ў шэрагу абласных і раённых цэнтраў.

Так, сакратар камсамольскай арганізацыі студэнтаў юрыдычнага інстытута Дз. А. Рэпін у пачатку вайны выехаў у Магілёў, дзе стаў удзельнікам падпольнай групы «Камітэт садзейнічання Чырвонай Арміі». Затым, калі даведаўся, што яго шукаюць фашысты, пайшоў да партызан, узначаліў групу разведчыкаў. У час адной з аперацый трапіў у акружэнне пад пасёлкам Майскім Магілёўскага раёна. Калі ў Дз. А. Рэпіна скончыліся патроны, ён узарваў сябе гранатай.

Муж і жонка П. І. Савацееў і Л. Савацеева, студэнты юрыдычнага інстытута, былі актыўнымі ўдзельнікамі падполля ў Бабруйску, абодва загінулі ў нямецкіх засценках.

Выпускнік фізіка-матэматычнага факультэта А. С. Федарынчык у гады вайны працаваў загадчыкам пашпартнага стала ў Барысаве. Рызыкуючы жыццём, ён забяспечваў мясцовых партызан і падпольшчыкаў падробленымі дакументамі.

Будучы прафесар, загадчык кафедры гісторыі КПСС, рэктар БДУ У. М. Сікорскі ў час вайны з’яўляўся намеснікам камісара партызанскай брыгады «Чырвоны сцяг», якая дзейнічала на тэрыторыі Чэрвенскага, Смалявіцкага і Бярэзінскага раёнаў.

Адным з арганізатараў камсамольскага падполля на Віцебшчыне быў студэнт гістарычнага факультэта В. Н. Пазняк. Спачатку ён быў адказным арганізатарам камсамольскай працы ў Аршанскай партызанскай зоне, а з 1943 г. – сакратаром Віцебскага падпольнага абкома ЛКСМБ. В. Н. Пазняк прымаў актыўны ўдзел у партызанскім руху, у стварэнні, пашырэнні і ўмацаванні камсамольскага падполля.

Ён увесь час падтрымліваў сувязь з камсамольскімі арганізацыямі партызанскіх фарміраванняў і падполлем, а таксама кіраваў дзейнасцю камсамольскіх арганізацый у акупіраваных раёнах. У тыле ворага В. Н. Пазняк працаваў да 26 чэрвеня 1944 г., да поўнага выгнання акупантаў з Віцебскай вобласці.

3000 марак, 5 пудоў солі і зямельны надзел абяцаў камендант г. Добруша за «бандыта Кацю». Апошняй была студэнтка БДУ В. П. Вырвіч, якая з’яўлялася ўпаўнаважанай падпольнага Гомельскага абкома камсамола, сакратаром Добрушскага падпольнага райкома ЛКСМБ.

Студэнтка філалагічнага факультэта Л. Касцецкая ўваходзіла ў падпольную арганізацыю Полацка. Уладкаваўшыся на працу ў нямецкую камендатуру, яна забяспечвала партызан каштоўнай інфармацыяй. У кастрычніку 1942 г. яе схапілі, а калі яна спрабавала збегчы ад нямецкіх канваіраў, яе забілі.

Многія з тых, хто не паспеў эвакуіравацца, сталі актыўнымі ўдзельнікамі партызанскага руху. Выпускнік фізіка-матэматычнага факультэта У. А. Парахневіч спачатку з’яўляўся бабруйскім падпольшчыкам, потым пайшоў у партызанскі атрад, узначальваў там дыверсійную групу. Пры яго асабістым удзеле падрыўнікі пусцілі пад адхон 20 нямецкіх эшалонаў, знішчылі шмат жывой сілы і тэхнікі праціўніка. 15 жніўня 1944 г. У. А. Парахневіч быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

У першыя дні вайны ў Беразіно студэнты гістарычнага факультэта Ф. Глінскі і В. Віткоўская стварылі падпольную групу, дзейнасць якой пачалася з прыёму зводак Савінфармбюро і распаўсюджвання лістовак сярод насельніцтва. У канцы 1941 г. пры актыўным удзеле Ф. Глінскага быў створаны партызанскі атрад. У красавіку 1942 г. па даносе здрадніка Ф. Глінскі быў схоплены фашыстамі і пакараны смерцю.

Выпускніца фізічнага факультэта Н. Л. Федарковіч (Правільшчыкава) скончыла курсы разведчыкаў і была закінута ў тыл немцаў, на акупіраваную тэрыторыю Беларусі. Разведчыца спраўна выконвала ўсе баявыя даручэнні, за што была ўзнагароджана ордэнамі Айчыннай вайны і Чырвонай Зоркі.

Намеснікам камандзіра партызанскай брыгады Дубава быў выхаванец хімічнага факультэта С. В. Маркевіч; ён узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі, медалём «Партызану Айчыннай вайны» І ступені.

Актыўны ўдзел у партызанскай барацьбе прымалі студэнты Н. В. Поляк (хімфак), Р. Плашчынская (фізфак), М. В. Мяцельскі (мехмат), падрыўнік А. Вашкевіч, А. У. Царук (гістфак) і інш.

У. М. Шахавец скончыў 4 курсы фізмата, у пачатку вайны апынуўся ў партызанскай брыгадзе «Дзядзькі Колі» Бягомльска-Барысаўскага злучэння. Пасля вызвалення Беларусі ён пайшоў у дзеючую армію, браў удзел у штурме Берліна.

Г. А. Рабцаў скончыў хімічны факультэт якраз напярэдадні вайны. Праз некалькі дзён калона добраахвотнікаў, якая рухалася па Маскоўскай шашы, была абстраляна, і група мусіла прабірацца пад бамбёжкай да Крычава, дзе Г. А. Рабцаў быў залічаны ў армію. Прымаў удзел у баях за Крым, дзе трапіў у акружэнне, прабіўся з баямі ў Беларусь. Са жніўня 1942 г. у падполлі ён падтрымліваў сувязь з партызанскімі злучэннямі пад кіраўніцтвам В. І. Казлова і В. З. Каржа. Пасля вызвалення роднай зямлі ён застаўся ў вынішчальным атрадзе, які дзейнічаў у вызваленых раёнах.

Е. Я. Рызава ў 1940 г. скончыла фізмат. У пачатку вайны яна аказалася ў мінскім гета, але праз некаторы час ёй удалося звязацца з партызанамі, і яна ўступіла ў партызанскі атрад «Непераможныя» 3-й Мінскай брыгады, дзе прабыла да ліпеня 1944 г.

Студэнт 3-га курса фізмата Ф. Р. Кітуновіч быў сувязістам партызанскага атрада імя Кірава брыгады імя Фрунзе, якая дзейнічала ў Слуцкім раёне. Пасля вызвалення Слуцка ён пайшоў на фронт, прымаў удзел у вызваленні Польшчы, у час баёў на рацэ Вісле быў цяжка паранены.

В. І. Невядомскі скончыў фізмат у 1929 г. З красавіка 1942 г. знаходзіўся ў распараджэнні ЦК КП(б)Б на выкананні спецыяльных заданняў у тыле ворага ў Аршанскім раёне як парторг атрада «Бясстрашны». Адначасова выконваў абавязкі намесніка камісара штаба партызанскіх атрадаў Аршанскай зоны. З 1 чэрвеня 1943 г. па рашэнні ЦК КП(б)Б працаваў інструктарам ваеннага аддзела ЦК, выконваў даручэнні Цэнтральнага і Беларускага штабоў партызанскага руху.

А. І. Барысевіч да 1941 г. паспела скончыць толькі 4 курсы. Калі пачалася вайна, яна апынулася ў Старадарожскім раёне. 12 верасня 1941 г. былі расстраляны яе бацькі. Праз нейкі час яна стала сувязной, перадавала партызанам медыкаменты і звесткі аб руху цягнікоў і вайсковых фарміраванняў. У 1943 г. уступіла ў партызанскую брыгаду № 161 імя Катоўскага, была там да вызвалення Беларусі.

П. П. Гурыновіч у 1939 г. скончыў СШ № 1 г. Чэрвеня і вырашыў паступаць на хімічны факультэт БДУ. Але вайна перапыніла вучобу. Вярнуўшыся дахаты, ён разам з сябрамі ўступіў у партызанскі атрад брыгады імя А. К. Флегантава «За Радзіму!». Да верасня 1943 г. атрад, у якім ваяваў П. П. Гурыновіч, дзейнічаў у Чэрвенскім раёне, потым быў перадыслацыраваны ў Брэсцкую вобласць. У сакавіку 1944 г. ён захварэў і быў накіраваны ў тыл.
М. П. Зубкова вучылася на 3-м курсе фізіка-матэматычнага факультэта БДУ. Калі пачалася вайна, мусіла застацца ў Мінску, акупіраваным фашыстамі. Яна і яе муж Г. І. Лобач уключыліся ў дзейнасць Мінскага патрыятычнага падполля. М. П. Зубкова капіравала планы, карты асобных раёнаў Мінска, будынкаў, распаўсюджвала лістоўкі, перадавала на явачныя кватэры медыкаменты, лістоўкі, збірала зброю.

В. В. Кахомская ў 1940 г. скончыла школу і паступіла на 1-ы курс хімічнага факультэта. Тут яна і сустрэла 22 чэрвеня 1941 г. У гады вайны знаходзілася ў акупіраваным Мінску. З 1942 г. працавала на заводзе імя Варашылава, уваходзіла ў падпольную арганізацыю, была сувязной. На гэтым заводзе акупанты рамантавалі сваю зброю, у прыватнасці танкі «Фердынанд» і «Пантэра», пра якія ў савецкага камандавання яшчэ не было звестак. На заводзе меліся тэхнічныя даныя пра нямецкую зброю, і кожны тыдзень В. В. Кахомская перадавала іх у партызанскі атрад. У чэрвені 1943 г. яна далучылася да партызан, ваявала ў атрадзе Суворава 18-й партызанскай брыгады імя Фрунзе Баранавіцкага злучэння. За заслугі перад Радзімай яе ўзнагародзілі шасцю медалямі.

Пакінуць Мінск перад яго акупацыяй не змагла студэнтка 2-га курса фізіка-матэматычнага факультэта Я. В. Аўсянская. Застаўшыся ў горадзе, стала партызанскай сувязной, распаўсюджвала лістоўкі, здабывала і перапраўляла партызанам медыкаменты і важныя звесткі пра ворага. Узнагароджана медалямі «За адвагу», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.». Закончыць універсітэт Я. В. Аўсянская змагла толькі пасля вайны, у 1947 г.

Студэнты і выкладчыкі БДУ не толькі змагаліся з ворагам на франтах у складзе дзеючай арміі, удзельнічалі ў партызанскім і падпольным руху Беларусі, але і вялі актыўную барацьбу ў шэрагах еўрапейскага Супраціўлення. Напрыклад, студэнтка геаграфічнага факультэта Н. Лісавец у гады вайны актыўна ўдзельнічала ў мінскім падполлі. У студзені 1944 г. фашысты схапілі яе і адправілі ў канцлагер. Але ўжо ў маі ёй пашчасціла ўцячы з лагера Эрувіль разам з іншымі жанчынамі-вязнямі. Яна ўзначаліла створаны з іх жаночы партызанскі атрад «Радзіма», які дзейнічаў на тэрыторыі Францыі. За баявыя заслугі ёй было прысвоена званне лейтэнанта французскай арміі, а ўрад Францыі ўзнагародзіў яе ордэнамі і медалямі.

FaLang translation system by Faboba