Са спадзяваннямі на лепшае (1954–1961 гг.)
Наступныя восем гадоў у гісторыі БДУ, як і ў гісторыі ўсёй краіны, былі вельмі багатыя на падзеі. Змены ў грамадска-палітычным жыцці СССР, якія адбываліся пасля смерці I. В. Сталіна, не маглі не закрануць усіх сфер дзейнасці ўніверсітэта, у тым ліку навуковую, вучэбную, грамадскую, палітычную і інш.
Прафесар Жыдовіч М.А. са студэнткай 3-га курса філфака БДУ у час збору дыялектычнага матэрыялу ў Валожынскім раёне. 1954 г. |
Своеасаблівым сімвалам падзення «жалезнай заслоны» з’явілася правядзенне ў Маскве летам 1957 г. VI Сусветнага фестывалю моладзі і студэнцтва, актыўны ўдзел у якім прынялі студэнты, аспіранты і маладыя выкладчыкі БДУ. На ім у якасці перакладчыкаў з польскай мовы працавалі аспіранты нашага ўніверсітэта Я. С. Хвашчэўская, А. С. Кляўчэня, студэнт філфака 3. С. Маслоўскі. Каманда матацыклістаў універсітэта, якую ўзначальваў выкладчык кафедры гісторыі КПСС В. А. Рабцэвіч, па запрашэнні Савецкага падрыхтоўчага камітэта фестывалю прыняла ўдзел у мотапрабегу ўніверсітэтаў СССР, прысвечанаму святу юнацтва. Прабег стартаваў раніцай 26 ліпеня 1957 г. з Мінска.
Студэнты БДУ на цаліне. 1956 г. |
Працягваўся абмен студэнтамі і выкладчыкамі паміж БДУ і вышэйшымі навучальнымі ўстановамі замежных краін. У канцы жніўня 1955 г. на вучобу ў вядучую ВНУ Беларусі прыехала група студэнтаў з Польшчы, у 1956 г. – студэнт з Канады, у снежні 1958 г. універсітэт наведала дэлегацыя англійскіх студэнтаў. У рамках плана культурнага супрацоўніцтва СССР і Польскай Народнай Рэспублікі ў канцы 1958 г. на 6-тыднёвую стажыроўку ў БДУ былі прыняты магістры Пазнанскага ўніверсітэта, у будучым вядомыя польскія гісторыкі Станіслаў Касперчак і Станіслаў Александровіч. У жніўні 1955 г. акадэмікі А. Н. Сеўчанка, Ц. М. Годнеў, Б. I. Сцяпанаў прынялі ўдзел у Міжнароднай канферэнцыі па мірным выкарыстанні ядзернай энергіі ў Жэневе; восенню 1956 г. рэктар БДУ акадэмік К. I. Лукашоў удзельнічаў у рабоце XX Міжнароднага геалагічнага кангрэса ў Мексіцы, а акадэмік I. С. Лупіновіч выступіў з дакладам на VI Сусветным кангрэсе глебазнаўцаў у Парыжы. Летам 1955 г. быў камандзіраваны на год у Карэйскую Народна-Дэмакратычную Рэспубліку дацэнт геолага-геаграфічнага факультэта БДУ В. А. Дзяменцьеў; у студзені 1960 г. прафесар М. Р. Ларчанка і дацэнт Л. С. Абэцэдарскі былі запрошаны ў Варшаўскі ўніверсітэт для чытання лекцый на аддзяленні беларускай філалогіі.
Студэнты БДУ на цаліне. 1957 г. |
Цаліна! Гэта слова было на слыху студэнцтва універсітэта сярэдзіны 1950-х гг., а потым, праз пяць гадоў, ва ўжытак увайшлі новыя словы і выразы, прозвішчы: «космас», «Юрый Гагарын» і інш. Цалінная эпапея нарадзіла шмат песень, аб якіх сучасная моладзь ведае толькі што па старых кінафільмах ці ўспамінах дзядуль і бабуль.
Пасля таго як 8 студзеня 1955 г. у Мінскім акруговым Доме афіцэраў адбыўся сход камсамольцаў і моладзі Мінска і Мінскай вобласці, вялікая колькасць студэнтаў выказала жаданне паехаць у Казахстан на асваенне цалінных і абложных зямель. Камсамольская арганізацыя БДУ на сваім мітынгу вырашыла паслаць на цаліну атрад у складзе не менш за 400 чалавек.
У верасні 1956 г. адбылася сустрэча першай групы студэнтаў мінскіх ВНУ, якія прымалі ўдзел ва ўборцы ўраджаю ў Казахстане. Значную частку сярод іх складалі студэнты БДУ, якія з 28 ліпеня працавалі ў зернесаўгасе імя М. В. Фрунзе. Сноп цаліннай пшаніцы, які ўручыў прарэктару Г. А. Павецьеву сакратар камсамольскай арганізацыі ўніверсітэта Я. Бабосаў (сёння Я. М. Бабосаў – вядомы ў краіне вучоны-сацыёлаг, акадэмік НАН Беларусі), сімвалізаваў шчодры ўраджай, сабраны з дапамогай студэнтаў універсітэта (41,6 тыс. т з 29 тыс. га).
Па выніках 1957 г. за ўдзел у асваенні цалінных зямель многія студэнты атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды: значок «За асваенне новых зямель» – 100 студэнтаў; медаль «За асваенне цалінных зямель» – 20; Ганаровую грамату ЦК ВЛКСМ – 58; Ганаровую грамату ЦК ЛКСМБ – 85.
Узгадваючы 1954 г., трэба адзначыць, што ён пачынаўся з важных пераўтварэнняў, якія адыгралі станоўчую ролю ў далейшым развіцці ўніверсітэта. Так, была ліквідавана няўдалая ведамасная рэарганізацыя 1953 г., у выніку чаго восем ведамстваў, уключаючы і Міністэрства вышэйшай адукацыі СССР, якому быў падначалены БДУ, былі аб’яднаны ў Міністэрства культуры СССР. Для кіраўніцтва вышэйшай адукацыяй у краіне 9 сакавіка 1954 г. было створана агульнасаюзнае Міністэрства вышэйшай адукацыі СССР. Ужо ў снежні 1954 г. яно было пераўтворана ў саюзна-рэспубліканскае, а ў 1959 г. перайменавана ў Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Група замежных студэнтаў з |
Што ўяўляў на той час БДУ? У складзе ўніверсітэта было 6 факультэтаў: філалагічны з аддзяленнямі беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры, журналістыкі, логікі, псіхалогіі і рускай мовы; гістарычны з аддзяленнямі гісторыі і філасофіі; біёлага-глебавы з аддзяленнямі біялогіі і глебазнаўства; хімічны; геолага-геаграфічны з аддзяленнямі геалогіі і геаграфіі; фізіка-матэматычны з аддзяленнямі фізікі і матэматыкі. Акрамя таго, на філалагічным, гістарычным, геолага-геаграфічным і фізіка-матэматычным факультэтах дзейнічалі аддзяленні завочнага навучання. Ва ўніверсітэце налічвалася 27 факультэцкіх і 9 агульнаўніверсітэцкіх кафедраў (асноў марксізму-ленінізму, дыямату і гістмату, палітэканоміі, гісторыі філасофіі і логікі, англійскай мовы, нямецкай і французскай моў, педагогікі і псіхалогіі, фізвыхавання і спорту, спецпадрыхтоўкі). Працавалі 14 кабінетаў, 15 лабараторый, 2 музеі – заалагічны і мінералагічны. Універсітэт меў Батанічны сад, біястанцыю «Чырвонае Урочышча» з аддзяленнем на воз. Нарач, бібліятэку і друкарню. Загадам міністра вышэйшай адукацыі СССР ад 3 красавіка 1954 г. для забеспячэння выдання падручнікаў, навуковых дапаможнікаў і навуковых прац універсітэта, а таксама і іншых вышэйшых навучальных устаноў і навукова-даследчых устаноў Беларусі пры БДУ было створана «статутнае выдавецтва».
Другім важным мерапрыемствам арганізацыйнага характару стала рэарганізацыя Мінскага юрыдычнага інстытута ў юрыдычны факультэт БДУ. Гэта адбылося ў адпаведнасці з загадам МВА СССР ад 7 кастрычніка 1954 г. Да 27 раней існуючых кафедраў універсітэта былі далучаны 5 кафедраў новастворанага факультэта: тэорыі і гісторыі дзяржавы і права; савецкай дзяржавы і права; грамадзянскага права і працэсу; савецкага крымінальнага працэсу; савецкага крымінальнага права.
Заканчваўся 1954 год. Падводзячы яго вынікі, шматтыражка ўніверсітэта «За сталінскія кадры» (з 23 чэрвеня 1955 г. газета стала выходзіць пад назвай «Беларускі універсітэт») адзначала, што ў БДУ на дзённым аддзяленні вучацца 3536 студэнтаў, на завочным – 2538; на 46 кафедрах працуюць 298 навуковых супрацоўнікаў, у тым ліку: 24 дактары і прафесары, 68 дацэнтаў, 115 кандыдатаў навук; у аспірантуры навучаюцца 139 чалавек. У 1955 г. доктарскі корпус універсітэта атрымаў папаўненне: абаранілі дысертацыі ў галіне філалагічных навук С. I. Карабан, М. Р. Ларчанка, біялагічных навук – I. М. Сяржанін, хімічных навук – Р. Л. Старобінец. Кіраўніцтва БДУ на чале з рэктарам і яго намеснікамі па навуковай рабоце (дацэнт Ф. П. Шмыгаў), па вучэбнай рабоце (прафесар Е. К. Азаранка), па адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце (А. С. Зюба), па завочным аддзяленні (А. С. Акінчыц), рэктарат, агульны Вучоны савет і створаныя ў 1952–1953 гг. два так званыя «малыя вучоныя саветы» надавалі вялікаю ўвагу развіццю навуковых даследаванняў. Ва ўніверсітэце быў распрацаваны і прадстаўлены ў АН СССР план навукова-даследчых работ па тэарэтычнай і ядзернай фізіцы, па выкарыстанні ядзерных выпраменьванняў і ізатопаў у навуцы, прамысловасці і сельскай гаспадарцы.
Лідэрамі навуковых даследаванняў выступалі загадчыкі кафедраў прафесары Б. I. Сцяпанаў (спектральнага аналізу), А. Н. Сеўчанка (фізічнай оптыкі), Ц. М. Годнеў (фізіялогіі раслін), Г. Г. Вінберг (заалогіі), Б. В. Ерафееў (каталізу), К. I. Лукашоў (геахіміі і карысных выкапняў), А. Д. Мышкіс (дыферэнцыяльных ураўненняў) і інш.
Універсітэт наладзіў трывалае творчае супрацоўніцтва з вядучымі заводамі сталіцы Беларусі – МТЗ, МАЗ, велазаводам, радыёзаводам і інш. Вынікі сваёй навуковай працы кафедры ўніверсітэта ўкаранялі ў вытворчасць, нягледзячы на недахоп абсталявання лабараторый, адсутнасць неабходнай колькасці апошніх, цяжкасці бытавых умоў работнікаў БДУ.
Асабліва багатым на падзеі ў галіне грамадскага, навуковага жыцця БДУ, як і ўсёй краіны, стаў 1956 год. Адбыўся XX з’езд КПСС, была прынята вядомая пастанова ЦК КПСС «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў». Універсітэт адзначыў 35-годдзе з дня заснавання. Прафесары БДУ М. А. Эльяшэвіч, У. I. Крылоў, А. В. Лыкаў, М. М. Сірата, М. П. Томін, М. П. Яругін былі абраны акадэмікамі АН БССР. Віцэ-прэзідэнтам АН БССР стаў рэктар БДУ акадэмік К. I. Лукашоў.
Вучоны савет БДУ. 1957 г. |
Падводзячы вынікі 35-гадовай дзейнасці БДУ, рэктар К. I. Лукашоў падкрэсліваў, што ўніверсітэт з’яўляецца не толькі першай вышэйшай навучальнай установай рэспублікі, але і базай для стварэння шэрага самастойных вышэйшых навучальных і навукова-даследчых устаноў. За гады сваёй дзейнасці ўніверсітэт падрыхтаваў 12 тыс. кваліфікаваных спецыялістаў па розных галінах ведаў, выгадаваў значную колькасць навуковых кадраў. Рэктар адзначаў, што вучонымі ўніверсітэта праведзены важныя даследаванні прыродных багаццяў, флоры і фаўны Беларусі, унесены каштоўны ўклад у вывучэнне гісторыі, этнаграфіі, літаратуры і мовы беларускага народа, распачаты комплексныя даследаванні ў галіне фізікі паўправаднікоў і дыэлектрыкаў, фотасінтэзу раслін і па іншых важных праблемах прыродазнаўчых і гуманітарных навук.
«Асноўная задача, якая сёння стаіць перад універсітэцкім калектывам, – гаварыў К. I. Лукашоў, – далейшае паляпшэнне падрыхтоўкі спецыялістаў з улікам патрэб жыцця. Вучоным у гэтай сувязі неабходна штодзённа павышаць якасць лекцый, семінарскіх і лабараторных заняткаў, прывіваць студэнтам навыкі самастойнай працы, бязлітасна зжываючы метады шкалярства, дагматызму ў практыцы выкладання той ці іншай навукі».
Своеасаблівым паказальнікам перамен у бок дэмакратызацыі грамадскага жыцця ўніверсітэта з’явіўся агульны сход партыйнай арганізацыі БДУ, які адбыўся 17 снежня 1956 г. Ён быў прысвечаны «некаторым пытанням ідэалагічнай работы і задачам партарганізацыі БДУ імя У. I. Леніна». 3 асноўным дакладам на сходзе выступіў сакратар ЦК КПБ Ц. С. Гарбуноў. Дакладчык звярнуў увагу на неабходнасць узмацнення ідэалагічнай барацьбы супраць буржуазнай ідэалогіі; ён заклікаў разглядаць рашэнні XX з’езда КПСС не толькі як барацьбу з пераадоленнем культу асобы, але і як «праграму далейшага развіцця нашага грамадства да камунізму». Далей сакратар ЦК падверг рэзкай крытыцы надрукаваны 17 лістапада 1956 г. у газеце «Літаратура і мастацтва» дыскусійны артыкул загадчыка кафедры БДУ прафесара М. Р. Ларчанкі «Некаторыя пытанні беларускай літаратуры», у якім аўтар звярнуў увагу на неабходнасць аб’ектыўнага вывучэння творчасці некаторых беларускіх пісьменнікаў, а таксама перагляду існаваўшых у беларускай гістарыяграфіі ацэнак газеты «Наша ніва».
Пасля такога даклада сакратара ЦК раней непазбежна рабіліся аргвывады, а цяпер гэтага не здарылася. Больш таго, калегі М. Р. Ларчанкі ўзялі яго пад абарону, не пагадзіўшыся з неаб’ектыўнымі, на іх думку, ацэнкамі, якія змяшчаліся ў дакладзе «галоўнага ідэёлага Беларусі». Так, загадчык кафедры Ф. П. Шмыгаў падкрэсліў, што «тав. Ларчанка зусім слушна паставіў у сваім артыкуле пытанне аб неабходнасці ўважлівага вывучэння мінулага ў беларускай культуры і літаратуры дзеля таго, каб правільна падысці да ацэнкі творчасці беларускіх пісьменнікаў, адарваць рэакцыйнае ад прагрэсіўнага, перадавога і ўзяць гэта прагрэсіўнае на наша ўзбраенне». Яго падтрымаў і прафесар I. М. Лушчыцкі, які падкрэсліў, што «няма падстаў для абвінавачання тав. Ларчанкі ў буржуазным нацыяналізме». У сваім заключным слове Ц. С. Гарбуноў вымушаны быў прызнаць, «што ён не лічыць тав. Ларчанку нацыяналістам».
А. Н. Сеўчанка |
Дэмакратызацыя не магла не закрануць і студэнцтва. Маладыя людзі жадалі больш ведаць аб тым, як жывуць іх аднагодкі за мяжой; яны хацелі прымаць удзел у дыскусіях па вострых пытаннях літаратуры, палітыкі, ідэалогіі. «Трэба больш і лепш растлумачваць студэнтам хвалюючыя іх пытанні, – гаварыў, выступаючы на сходзе партарганізацыі БДУ 3 студзеня 1957 г., студэнт 5-га курса гістарычнага факультэта У. Салашэнка, у будучым доктар гістарычных навук, прафесар. – Чаму адмянілі дыспут паводле рамана Дудзінцава? Калі ўжо яго прызначылі, то трэба было б давесці справу да канца; у нас хапіла б сіл, каб растлумачыць студэнтам няправільнасць і шкоднасць гэтага. А я не за тое, каб цяпер выцягваць гэту кнігу і дыскутаваць па ёй. Я за тое, каб не хавацца ад вострых пытанняў».
3 грамадска-палітычнымі падзеямі, якія праходзілі ў краіне, супалі і арганізацыйныя пераўтварэнні ва ўніверсітэце. У сувязі з абраннем К. I. Лукашова віцэ-прэзідэнтам АН БССР паўстала пытанне аб новым рэктары. На гэту пасаду рашэннем Бюро ЦК КПБ ад 9 красавіка 1957 г. быў зацверджаны А. Н. Сеўчанка. Ён, як адзначаюць сучасныя даследчыкі, ведаў універсітэт і яго жыццё, меў поўнае ўяўленне аб справах, падзеях, узначальваючы кафедру фізічнай оптыкі. Своеасаблівым рэктарскім «крэда» А. Н. Сеўчанкі стала выступленне на адным з пасяджэнняў Вучонага савета БДУ, дзе ён заявіў наступнае: «Трэба рыхтаваць маладыя кадры, якія б маглі тварыць і рабіць вялікія адкрыцці». Што датычыцца задач, якія перш за ўсё павінен быў вырашаць універсітэт, то яны, на думку рэктара, заключаліся ў падрыхтоўцы вучоных, «якія могуць развіваць навуку».
Аднак падрыхтоўка высокакваліфікаваных вучоных была немагчымай без належных умоў. Патрабаваліся новыя памяшканні для заняткаў, лабараторыі, інтэрнаты для пражывання студэнтаў, кватэры для прафесарска-выкладчыцкага складу і г. д. Улічваючы ўсё гэта, 21 мая 1957 г. урад рэспублікі прыняў пастанову аб будаўніцтве ў 1957–1959 гг. галоўнага корпуса ўніверсітэта; потым гэта пастанова была дапоўнена новым дакументам, які прадугледжваў і пабудову інтэрната на 800 месцаў, жылога дома для работнікаў БДУ, студэнцкай сталовай. Фундамент новага галоўнага корпуса ўніверсітэта быў закладзены 2 ліпеня 1958 г. Праект распрацавалі архітэктары М. Бакланаў і А. Духан.
Актыўны ўдзел у будаўніцтве ўніверсітэцкіх аб’ектаў прымалі студэнты, якія на працягу 1958–1959 гг. працавалі групамі па 50–100 чалавек. Ужо ў канцы 1960 г. быў уведзены ў эксплуатацыю інтэрнат на 831 месца на вул. Дзімітрова. К 40-годдзю БДУ, нягледзячы на цяжкасці, было скончана будаўніцтва і галоўнага корпуса.
Поспехі савецкай навукі ў асваенні космасу садзейнічалі актывізацыі даследаванняў у гэтай галіне. Запуск штучнага спадарожніка, які адбыўся 4 кастрычніка 1957 г., вучоныя ўніверсітэта расцэньвалі як вельмі важную і перспектыўную падзею. «Першы штучны спадарожнік і наступныя, – падкрэсліваў прафесар БДУ Б. I. Сцяпанаў, – будуць мець самае непасрэднае навуковае значэнне перш за ўсё для вывучэння верхніх слаёў атмасферы... Працэсы, якія адбываюцца ў іх, ствараюць умовы для распаўсюджвання радыёхваль, вызначаюць метэаралагічныя з’явы. Атмасферу Зямлі неабходна ведаць – яна вызначае асноўныя ўмовы жыцця чалавека». Хутка ў БДУ была створана візуальна-аптычная станцыя па назіранні за штучнымі спадарожнікамі Зямлі. А калі 12 красавіка 1961 г. прыйшло паведамленне аб запуску касмічнага карабля з чалавекам на борце, амаль што ўсе студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта выйшлі на імправізаваны мітынг.
Студэнты БДУ на раскопках. 1958 г. |
У канцы 1950-х гг. працягвалася ўдасканаленне структуры ўніверсітэта, ствараліся новыя факультэты, кафедры, лабараторыі, інстытуты. Так, у сувязі з павелічэннем кантынгенту студэнтаў фізіка-матэматычнага факультэта апошні быў падзелены ў адпаведнасці з загадам міністра вышэйшай адукацыі СССР ад 3 кастрычніка 1958 г. на фізічны і матэматычны. У гэтым жа годзе быў створаны вячэрні факультэт (з 1960 г. – вячэрняе аддзяленне). Біёлага-глебавы і геолага-геаграфічны факультэты 3 чэрвеня 1959 г. былі пераўтвораны ў біялагічны і геаграфічны. У верасні 1960 г. на геаграфічным факультэце пачала сваю дзейнасць кафедра глебазнаўства і геалогіі, якую ўзначаліў нядаўна абраны акадэмікам Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР прафесар А. Р. Мядзведзеў; у наступным месяцы на гістарычным факультэце пачаў дзейнічаць Гісторыка-археалагічны музей. У 1961 г. былі створаны кафедры вышэйшай матэматыкі і матэматычнай фізікі (загадчык прафесар А. X. Турэцкі), фізічнай геаграфіі замежных краін (загадчык прафесар В. Р. Заўрыеў), ядзернай фізікі і прымянення атамнай энергіі (загадчык дацэнт А. М. Пісарэўскі); на базе кафедры агульнай і эксперыментальнай фізікі створана кафедра агульнай фізікі.
Універсітэт уносіў важкі ўклад у падрыхтоўку кадраў для эканамічна слабаразвітых, каланіяльных і залежных краін. 3 гэтай мэтай на падставе рашэння Савета Міністраў БССР ад 17 лістапада 1961 г. у БДУ быў створаны падрыхтоўчы факультэт.
Напярэдадні 40-годдзя БДУ, якое шырока адзначалася ў краіне, вялікая група выкладчыкаў універсітэта была адзначана высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. Ордэн Леніна атрымалі рэктар А. Н. Сеўчанка, загадчыкі кафедраў М. Ф. Ярмоленка, I. Р. Некрашэвіч, прафесар Ц. М. Годнеў; ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга – прарэктар А. Я. Малышаў, загадчыкі кафедраў Б. I. Сцяпанаў і В. I. Сцяпанаў; ордэн «Знак Пашаны» – дэканы факультэтаў У. Р. Івашын, Дз. А. Супруненка, загадчыкі кафедраў Р. В. Булацкі, I. М. Лушчыцкі, М. М. Паўлючэнка, Ф. П. Шмыгаў. Медалём «За працоўную доблесць» былі ўзнагароджаны дэканы факультэтаў М. Р. Ларчанка, П. 3. Савачкін, загадчык кафедры Л. С. Абэцэдарскі; медалём «За працоўную адзнаку» – прарэктар Г. А. Павецьеў, дэканы факультэтаў I. Р. Цішчанка, I. I. Трухан, загадчыкі кафедраў М. I. Жыркевіч, У. А. Тамашэвіч.
У паведамленні шматтыражкі «Беларускі універсітэт» аб урачыстасцях, прысвечаных 40-годдзю БДУ, адзначалася, што, «нягледзячы на восень, здаецца, крочыць сама Вясна. Гэта моладзь з яе жыццярадаснасцю, бадзёрасцю... Крочыць моладзь пад разгорнутымі чырвонымі сцягамі, крочыць у жыццё...».