Сяргей Уладзіміравіч Абламейка

24 верасня 1956 г.

Рэктар з 01 лістапада 2008 г. па 28 верасня 2017 г.

Абламейка Сяргей Уладзіміравіч, беларус, нарадзіўся ў 1956 г. у г. п. Воранава Гродзенскай вобласці. У 1978 г. скончыў БДУ па спецыяльнасці «Матэматыка». C 1978 да 2008 году — у Інстытуце тэхнічнай кібернетыкі АН БССР (з 2002 г. — Аб'яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі): стажор-даследчык, аспірант, малодшы навуковы супрацоўнік, старшы навуковы супрацоўнік, з 1986 г. — загадчык лабараторыі, з 1998 г. — намеснік дырэктара, у 2002–2008 гг. — генеральны дырэктар. З 2005 па 2012 г. — акадэмік-сакратар Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі НАН Беларусі. Адначасова з 1989 г. — дацэнт, затым прафесар БДУ (па сумяшчальніцтве). З 2008 года — рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У 1984 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 1990 г. — доктарскую дысертацыю. У 1992 г. прысвоена вучонае званне прафесара. У 2004 г. абраны членам-карэспандэнтам НАН Беларусі, у 2009 г. — акадэмікам.

С. У. Абламейка з'яўляецца вядомым вучоным у галіне інфармацыйных і касмічных тэхналогій, апрацоўкі малюнкаў і распазнавання вобразаў. Пад яго кіраўніцтвам і пры яго непасрэдным удзеле распрацаваны тэорыя, метады і алгарытмы апрацоўкі і распазнавання графічнай інфармацыі. Фундаментальныя вынікі, атрыманыя ў дадзенай галіне, набылі шырокую вядомасць. На гэтай аснове ў Беларусі сфарміравалася моцная навуковая школа, якая атрымала міжнароднае прызнанне. С. У. Абламейка ўнёс значны ўклад у развіццё інфарматыкі ў Рэспубліцы Беларусь. Пад яго навуковым кіраўніцтвам у 2002–2008 гадах створаны суперкамп'ютары "СКІФ", якія атрымалі шырокае сусветнае прызнанне, выкананы расійска-беларускія касмічныя праграмы і створана першая чарга Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.

Апублікаваў больш за 650 навуковых прац, у тым ліку 25 кніг, 40 сборнікаў прац пад яго рэдакцыяй. Кнігі С. У. Абламейкі выдадзены ў ЗША, Вялікабрытаніі, Нідэрландах, Польшчы і іншых краінах. Пад яго кіраўніцтвам і пры яго кансультаванні абаронена 10 кандыдацкіх дысертацый і 3 доктарскія дысертацыі.

С. У. Абламейка быў старшынёй і су-старшынёй больш за 50 міжнародных канферэнцый, якія праходзілі ў Германіі, Італіі, Польшчы, Расіі, Беларусі, і членам праграмных камітэтаў больш за 150 міжнародных канферэнцый.

Галоўны рэдактар часопісаў: «Весці НАН Беларусі». Серыя фізіка-матэматычных навук (2005–2013), «Веснік БДУ» (з 2012 г.), «Інфарматыка» (2004–2010 г.), намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Вышэйшая школа» (з 2009 г.), член рэдкалегіі шматлікіх міжнародных часопісаў, якія выдаюцца ў Еўропе, ЗША і Расіі.

У 1998 г. за вялікі ўклад у развіццё тэорыі апрацоўкі малюнкаў С. У. Абламейка першым з вучоных краін СНД і Усходняй Еўропы абраны галоўным членам (Fellow) Міжнароднай асацыяцыі па распазнаванні вобразаў (IAPR). У 2004–2006 гг. быў віцэ-прэзідэнтам, а ў 2006–2008 гг. — Першым віцэ-прэзідэнтам IAPR. Ніколі ў кіраўніцтве гэтай аўтарытэтнай міжнароднай асацыяцыі не было навукоўца з краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Абраны галоўным членам (Fellow) Брытанскага інстытута інжынераў па электратэхніцы (IEE) (1995), старшым членам (Senior Member) Амерыканскага інстытута інжынераў па электратэхніцы і электроніцы (IEEЕ) (1995), інжынерам па Хартыі (Chartered Engineer) Інжынерным Саветам Еўропы (2001 ). Ганаровы прафесар Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. М. В. Ламаносава (2014), Далянскага політэхнічнага ўніверсітэта (Кітай) (2013 год), Універсітэта Бінь Зыонг (г. Хашымін, В'етнам) (2014), Бялградскага Альфа БК універсітэта (Сербія) (2016), Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Янкі Купалы (Беларусь) (2012).

С. У. Абламейка з'яўляецца акадэмікам (сапраўдным членам) Еўрапейскай акадэміі (2011), Расійскай акадэміі касманаўтыкі ім. К. Э. Цыялкоўскага (2012), Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук (2015), Іспанскай каралеўскай акадэміі дактароў (2009), Еўрапейскай акадэміі эканомікі і кіравання (2010), Беларускай інжынернай акадэміі, Мінск (1995), Міжнароднай акадэміі навук інфармацыі, інфармацыйных працэсаў і тэхналогій, Масква (1995), Іспанскай каралеўскай акадэміі эканомікі і фінансаў (2016) і шэрагу іншых акадэмій.

Дзейнасць С.У. Абламейка як рэктара накіравана на павышэнне якаснага ўзроўню ўніверсітэцкай адукацыі, удасканаленне структуры кіравання ўніверсітэтам. Пад кіраўніцтвам С.У. Абламейка Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт значна палепшыў свае паказчыкі ў сусветнай навукова-адукацыйнай прасторы, у прыватнасці, падняўшыся з 1916 месца ў 2009 г. на 612 месца ў 2016 г. у рэйтынгу Webometrics. БДУ упершыню ўвайшоў у лік лепшых 400 універсітэтаў свету (рэйтынг брытанскага агенцтва QS, 2016 г.) і ў лік трох лепшых універсітэтаў СНД (рэйтынг агенцтва Інтэрфакс 2013 г. i рэйтынг агенцтва Эксперт-РА 2014 г.).

У рамках рэалізацыі навуковых праектаў і праграм ва ўніверсітэце за апошні час створаны 350 аб'ектаў навуковай тэхнікі, у вытворчасць укаранёны звыш 220 распрацовак, якія выкарыстоўваюцца ў народнай гаспадарцы і навучальным працэсе. З 2011 па 2015 гг. супрацоўнікі і аспіранты БДУ абаранілі 30 доктарскіх і 260 кандыдацкіх дысертацый. За тры гады адкрыты 13 новых спецыяльнасцяў і 6 напрамкаў спецыяльнасцей атрымання вышэйшай адукацыі.

Па дадзеных кампаніі Thomson Reuters, якая вядзе самую аўтарытэтную ў свеце базу даных публікацый і цытавання Web of Science, колькасць публікацый за апошнія 5 гадоў супрацоўнікамі БДУ ў міжнародных часопісах, уключаных у гэтую базу, перавышае агульную колькасць артыкулаў, апублікаваных у гэтых часопісах супрацоўнікамі ўсіх астатніх універсітэтаў Беларусі разам узятых.

Праводзіцца актыўная работа па пашырэнні міжнародных сувязей БДУ. За 2014 г. падпісана 42 пагадненні аб супрацоўніцтве з універсітэтамі і навуковымі ўстановамі 20 краін свету. За 2014 г. экспарт склаў 9445,7 тыс. $, у тым ліку экспарт паслуг 7704,7 тыс. $, навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі — 1802,2 тыс. $. Вялікая работа праводзіцца па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы. Толькі ў 2014 годзе выдзелена уласных сродкаў: на капітальны рамонт — 3,05 млрд. руб., бягучы рамонт — 2,36 млрд. руб., абсталяванне — 4575,3 млн. руб.

БДУ ў 2009 г. стаў членам Еўрапейскай асацыяцыі ўніверсітэтаў, адкрыты Інфармацыйны пункт Савета Еўропы ў г. Мінску, у 2011 г. — Інстытут нямецкіх даследаванняў.

Значна вырас экспарт адукацыйных паслуг. Колькасць замежных грамадзян з 53 краін свету, якія атрымліваюць адукацыю ў БДУ, складае ў 2016 г. 2500 чалавек, што перавышае паказчык 2007 г. у 2 разы.

Ва ўніверсітэце распрацаваны шэраг мер, накіраваных на ўдасканаленне сістэмы маральнага стымулявання дзейнасці выкладчыкаў і супрацоўнікаў: зацверджана Палажэнне аб прысуджэнні ганаровага звання “Заслужаны работнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта” (першае ўручэнне адбылося на пасяджэнні Вучонага савета БДУ 29.10.2010 г.), заснавана Дошка гонару Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (снежань 2010 г.).

У 2010 г. уведзены ў эксплуатацыю суперкамп’ютарны кластар "СКІФ", які з'яўляецца важным элементам інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктуры БДУ. У 2009 г. упершыню было арганізавана прамое інтэрнэт-вяшчанне з сайта БДУ, у 2011 г. арганізавана прамая трансляцыя ў інтэрнэце працэдуры залічэння студэнтаў. З 2010 г арганізаваны бесправадны інтэрнэт у галоўным корпусе БДУ. У 2010 г. інтэрнэт-сайт БДУ заняў першае месца ў намінацыі «Навука і адукацыя» на інтэрнэт-конкурсе.

С. У. Абламейка з'яўляецца Членам Прэзідыума НАН Беларусі, Прэзідыума Рэспубліканскага савета рэктараў, Прэзідыума Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў, калегіі Міністэрства адукацыі. Старшыня савета па абароне доктарскіх дысертацый пры БДУ. Старшыня Савета Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў (з 2014 года). Віцэ-прэзідэнт Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў (з 2015 года).

Навуковы кіраўнік і старшыня навукова-тэхнічнага савета шэрага дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў. Навуковы кіраўнік дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў «Інфарматыка і космас» (2011–2015). Быў навуковым кіраўніком расійска-беларускіх праграм «Космас-БР» (2002) (нам. навуковага кіраўніка — 1999–2002 гг.), «Космас-СД» (2004–2007), «Космас-НТ» (2008–2010), «Суперкамп’ютары СКІФ» (2002–2004), «СКІФ-Грыд» (2007–2010). З'яўляўся кіраўніком шматлікіх міжнародных праектаў па праграмах КАПЕРНІКУС, ІНТАС, МНТЦ. Быў намеснікам навуковага кіраўніка работ па стварэнні шматфункцыянальнай касмічнай сістэмы Саюзнай дзяржавы (з 2008 г.).

С. У. Абламейка быў вучоным сакратаром (1999–2003) і з 2003 па 2012 гг. намеснікам старшыні Нацыянальнага савета па космасе Рэспублікі Беларусь. Член Камісіі па пытаннях дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, Савета па інфарматызацыі пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і шэрагу іншых навуковых саветаў. У 2006–2008 гг. быў кіраўніком работ па стварэнні Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі (2003), прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1990), прэміі НАН Беларусі за лепшую манаграфію (1998), прэміі НАН Беларусі за лепшую навуковую працу (2007), сумеснай прэміі НАН Беларусі і Расійскай акадэміі навук (2010) за стварэнне суперкамп’ютараў СКІФ.

За працы ў галіне інфармацыйных тэхналогій узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (Дзяржаўная ўзнагарода Рэспублікі Беларусь), Ордэнам Дружбы (Дзяржаўная ўзнагарода Расійскай Федэрацыі), медалём Саюзнай дзяржавы «За супрацоўніцтва», юбілейным знакам Саюзнай дзяржавы «10 гадоў з Дня яднання народаў Беларусі і Расіі», знакамі расійскага касмічнага агенцтва «За заслугі ў касманаўтыцы», «За міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне касманаўтыкі», «За заслугі ў арганізацыі касмічнай дзейнасці», медалём Ю. А. Гагарына, медалём Г. С. Цітова Федэрацыі касманаўтыкі Расіі, юбілейным медалём расійскага касмічнага агенцтва «50 гадоў касмічнай эры», медалём «90 гадоў Дзяржаўнаму касмічнаму навукова-вытворчаму цэнтру ім. М. В. Хрунічова», медалём Ваенна-касмічных сіл Расійскай Федэрацыі «За выдатны ўклад у развіццё касманаўтыкі. Дзевяноста гадоў з дня нараджэння А. А. Максімава», юбілейным медалём «У гонар 80-годдзя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», медалём «За ўклад у еўразійскае супрацоўніцтва» Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў, бронзавым медалём Норберта Вінера і многімі іншымі ўзнагародамі. У 2006 годзе яму прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці», яго малой радзімы.

FaLang translation system by Faboba