З АРТЫКУЛАЎ I ПАВЕДАМЛЕННЯЎ УНІВЕРСІТЭЦКАЙ ШМАТТЫРАЖКІ «ЛЕНІНСКІМ ШЛЯХАМ»

 

Педфакаўцы, падцягніцеся.
Пастаўце працу ячэйкі МОПР на належную вышыню

1930 г.

Праца Мопраўскай ячэйкі педфака адчуваецца слаба. Аб ёй напамінае толькі насценгазета «Моправец» і выхад часопіса «Пуць МОПРа», які распаўсюджваецца ўпаўнаважанымі па МОПРы. Працуе толькі актыў. Аднак і пры гэтым маюцца некаторыя дасягненні. Так, на карысць МОПР студэнцтва педфака зрабіла падпіску яшчэ да пачатку навучальнага года на 30 руб. Разгорнута была зімовая дапамога палітзняволеным і іх сем’ям, сабрана сродкаў каля 400 руб. у той час, калі райкам МОПР даў заданне ў 100 руб.

Наша ячэйка шэфствуе над трыма мопраўскімі ячэйкамі вёскі, якім аказваецца дапамога ў працы, робяцца выезды з пастаноўкай адпаведных дакладаў, аказана дапамога ў выпісцы мопраўскай літаратуры.

Работу можна было б разгарнуць і шырэй пры большай актыўнасці студэнцтва і прафарганізацыі, бо дагэтуль студэнцтва і прафкам мала цікавіліся гэтай працай.

Шчуцкі

Ленінскім шляхам. 1930. 27 лют.

Дзе культкамісія?
Узяць над грамадскі кантроль
выкарыстоўванне часу студэнтамі

1930 г.

Ва ўмовах нашага універсітэта, калі кабінеты абстаўлены вельмі дрэнна, калі няма агульнай чытальні для студэнтаў, калі студэнт не мае такога прыстанішча, дзе ён бы мог сур’ёзна займацца над папаўненнем свайго тэарэтычнага багажу, вялікае значэнне маюць нашы інтэрнаты і ў сэнсе спакойнага адпачынку.

Як у тых, так і ў другіх адносінах нашы інтэрнаты зусім не прыстасаваны (вялікія, мала свету, няма абсталявання). Але гэта яшчэ палова бяды. Горш абстаяць справы, калі студэнты ператвараюць інтэрнат у дыскусійны клюб ці ў прыстанішча бяздзельнікаў. Прыкладам такога інтэрната можа служыць інтэрнат па Савецкай, 14, пак. 76. Зайдзі, і ты пачуеш неперасціхаючую музыку гітары, пачуеш дыспут аб будучыні студэнтаў, рамансы на розныя тэмы, балет і усё, што табе ўздумаецца. I гэта з 8 гадзін раніцы да 12 вечара. Як быццам няма чым займацца. Няма газет, няма кніг. «Не займацца, не адпачываць самім і не даваць другім». Такі дэвіз нашых інтэрнатаў.

Мы пытаем, дзе ж нашы эканом- і культкамісіі выканбюро і прафкаму, якія павінны сачыць за бытам студэнцтва ў інтэрнаце. Трэба ўзяць пад рашучы абстрэл самакрытыкі скарыстанне часу студэнтамі ў нашых інтэрнатах. Трэба ператварыць інтэрнаты ў кузні калектыўнай працы і адпачынку.

Студэнтка

Ленінскім шляхам. 1930. 27 лют.

Нашы задачы

1930 г.

Вялікія задачы, якія стаяць перад Савецкім Саюзам, не могуць не патрабаваць належнай змены і прыстасавання ўсёй структуры і ўсяго характару работ нашай сістэмы вышэйшай асветы. На вышэйшую школу ўскладаецца найважнейшая частка велізарнай задачы — падрыхтоўка кадраў. Ад развязання гэтай задачы, гаварыў тав. Сталін, залежыць у значнай ступені развязанне ўсіх задач, якія стаяць перад краінай, што будуе сацыялізм.

Як жа мы, у нашым універсітэце, спраўляемся з гэтай задачай?

Трэба прызнаць проста: дрэнна.

Праўда, тут былі, як кажуць, і абставіны «аб’ектыўнага» парадку (чыстка партарганізацыі, вучэбны перапынак), але яшчэ вельмі і вельмі многа залежыць ад недастатковай нашай дысцыплінаванасці, ад дрэннага тэмпу работы, ад няўмення правільна і точна працаваць.

I, можа быць, найбольш слаба праводзіцца справа рацыяналізацыі акадэмічнай работы. Тут менш усяго дасягненняў, а менавіта тут патрабуюцца найвялікшыя змены. У прыватнасці, прынятыя за апошні час у парадку выканання пастановы Пленума ЦК КПБ, пастановы аб скарачэнні тэрмінаў навучання, аб датэрміновых выпусках на ўсіх аддзяленнях педфака і праўгаса, аб увядзенні бесперапыннага навучальнага года, ставіць перад студэнцтвам і навуковымі працаўнікамі такія задачы, якія не могуць быць выкананы без велізарнага напружання сіл і якія павінны быць выкананы абавязкова і без агаворак.

Скарачэнне тэрмінаў навучання асаблівую цяжкасць ускладае менавіта на гэты навучальны год — у 1930 г. на ўсіх аддзяленнях педфака і праўгаса павінны быць два выпускі — выпускі цяперашняга 3-га і 4-га курсаў. У сувязі з гэтым стаіць баявая задача перагляду навучальных планаў у самы найкароткі тэрмін.

Але гэтае скарачэнне тэрмінаў навучання ніякім чынам не можа быць зроблена за лік зніжэння якаснага ўзроўню людзей, якія выпускаюцца з універсітэта, — спецыялістаў. Не можа быць і таму гэтае зніжэнне, што ўзровень і без таго недастаткова высокі і яшчэ таму, што патрабаванне цяпер да спецыялістаў не зніжаецца, а павышаецца.

Ні для каго не сакрэт, што адным з асноўных дэфектаў усёй сістэмы асветы, асабліва ў нас у БДУ, з’яўлялася неадпаведнасць паміж характарамі заняткаў і тыпам працаўніка, якога падрыхтоўваў універсітэт. Не сакрэт, што амаль усе лекцыйныя курсы адрозніваліся тым, што лектар чытаў не тое, што патрэбна студэнтам, а тое, што цікавіла яго. Нават тады, калі ўвесь курс чытаўся па праграме, дык і тады звычайнай і атрымаўшай права грамадзянства ва ўсіх лекцыйных курсах з’яўлялася своеасаблівая архітэктоніка курсу: цэлыя аддзелы праграмы комкаліся, іншы раз найбольш важныя для студэнтаў, а некаторыя аддзелы штучна расшыраліся і чыталіся амаль увесь семестр, калі дастаткова было двух навучальных тыдняў.

Не сакрэт таксама і тое, што да апошняга часу ў нас захоўваўся шэраг дысцыплін, не маючых сур’ёзнага значэння, як правільна ўказвае ў сваёй пастанове Бюро парткалектыву, «ні для фарміравання марксісцка-ленінскага светапогляду, ні для будучай практычнай працы спецыялістаў.

У нас меліся і такія дысцыпліны, аб якіх прыходзіцца, па сутнасці, сказаць тое, што Маркс гаварыў аб буржуазных тэорыях: «Этыкетка ашуквае». Судзячы па назве, па належнаму зместу дысцыпліны, яе сапраўды неабходна выкладаць усе 3 вучэбныя гады, але пры бліжэйшым жа набліжэнні да сапраўднага зместу выкладаемага прадмета аказваецца, у сілу розных прычын, што ўсё тое карыснае і патрэбнае... з поспехам можа быць усвоена студэнцтвам у значна меншы тэрмін.

Раўналежна і побач з гэтым неабходна звярнуць сур’ёзную ўвагу на характар і змест метадалагічных дысцыплін. Не толькі не адмовіцца ад дысцыплін, якія выхоўваюць ідэйна-палітычны светапогляд студэнцтва, але і павялічыць гэтыя заняткі, і палепшыць метады прапрацоўкі.

Сорамна і смешна: у гады вялікай ломкі і перабудовы ўсяго нашага жыцця мы па-старому жуём сухую жвачку агульных разважанняў аб залежнасці зместу філасофіі (наогул) ад развіцця вытворчых сіл (наогул), калі ўсё багацце ўсіх дыялектычных катэгорый можна выцягнуць з практыкі калгаснага руху, калі, напрыклад, калгасная рэвалюцыя растлумачыць змест і сутнасць асноўных законаў дыялектыкі. Як часта мы грызём сухую костку абстрактнай працы, не ўмеючы знайсці моста ад тэорыі працоўнай вартасці да эканомікі працоўнага часу: як часта ў нас нават і не шукаюць гэтага моста!

Скарачэнне тэрмінаў навучання не адхіляе, а вастрэй ставіць пытанне аб усіх тых дысцыплінах, якія павінны фарміраваць марксісцка-ленінскі светапогляд. Тут пагроза не ў тым, што мы за 3 гады атрымаем менш, як раней за 4 гады, пагроза ў тым, што мы за 3 гады будзем атрымліваць таксама мала, як раней за 4.

I тут мы павінны забіць трывогу. У нас, на жаль, няма матэрыялу для лічбавага выражэння выканання нашага універсітэцкага «прамфінплана», але мы не сумняваемся, што па размерах выканання мы можам канкурыраваць з горшымі вытворчымі адзінкамі Беларусі.

Далейшае замядленне немагчыма. Яно зробіць немагчымым выкананне рашэння Пленума ЦК КП(б)Б.

Мы патрабуем:

1. Неадкладнага перагляду ўсіх вучэбных планаў з пункту погляду задач падрыхтоўкі спецыялістаў азначанага тыпу.

2. Праверкі зместу фактычна чытаемых дысцыплін з пункту погляду адпаведнасці пісаных праграм.

3. Неадкладнай выпрацоўкі плана работ дысцыплін, пераходзячых на актыўны метад выкладання з дакладным падэкадным указаннем характару прапрацоўваемых праблем, праводзімых работ, тэмпу дадатковых лекцый і г. д.

4. Неадкладных точных указанняў на змены ў далейшай рабоце па ўсіх дысцыплінах усіх трэціх курсаў і аддзяленняў факультэтаў, якія выпускаюцца датэрмінова.

Гэта той мінімум, які павінен быць выкананы ў першы ж тыдзень.

Выкананне гэтага мінімуму патрабуе напружанай працы, але тут няма месца агаворкам. У выкананні пастаўленых рэзалюцыяй задач на ўсіх участках баявога фронту, фронту сацыялістычнага будаўніцтва, партыя не ведае дрэнных умоў, яна ведае толькі дрэнных працаўнікоў.

Ленінскім шляхам. 1930. 27 лют.

FaLang translation system by Faboba