З ПАСТАНОВЫ СНК БССР «ПРА РАБОТУ ХІМІКА-ТЭХНАЛАГІЧНАГА ФАКУЛЬТЭТА БДУ»

22 сакавіка 1930 г.

Савет народных камісараў БССР пастанаўляе:

1. Прыняць да ведама, што колькасны склад студэнтаў хіміка-тэхналагічнага факультэта БДУ адпавядае плану і што якасны склад з’яўляецца здавальняючым.

2. Адзначыць, што заняткі на хіміка-тэхналагічным факультэце праводзяцца больш-менш нармальна, прычым наглядаецца ўздым працоўнай дысцыпліны, дзякуючы чаму прагулы з 10 % у пачатку навучальнага года зменшыліся да 1,6 % у апошні час.

3. Адзначыць, што Народным камісарыятам асветы і Вышэйшым саветам народнай гаспадаркі не ўжыты належныя захады для забеспячэння студэнтаў факультэта вытворчаю практыкаю.

4. У звязку з адсутнасцю навуковых кадраў для факультэта, запрапанаваць Народнаму камісарыяту асветы і Беларускаму дзяржаўнаму універсітэту ўжыць рашучыя захады для прыцягнення навукова-выкладчыцкіх кадраў з іншых саюзных рэспублік, а таксама да закантрактавання канчаючых вышэйшыя тэхнічныя навучальныя ўстановы маладых спецыялістаў і прыцягнення да выкладання на факультэце інжынерна-тэхнічных работнікаў, якія працуюць на прадпрыемствах і ў гаспадарчых арганізацыях і ўстановах БССР, запрапанаваўшы апошнім даць магчымасць працуючым у іх інжынерам займацца выкладчыцкаю працаю на хіміка-тэхналагічным факультэце БДУ.

5. Запрапанаваць Беларускаму дзяржаўнаму універсітэту і Народнаму камісарыяту асветы разам з ВСНГ арганізаваць бюро вытворчага навучання студэнтаў і на працягу месяца скласці план размеркавання студэнтаў факультэта для вытворчай практыкі на прадпрыемствах БССР, распрацаваўшы праграму вытворчага навучання.

6. Запрапанаваць Вышэйшаму савету народнай гаспадаркі ўжыць захады да падрыхтоўкі прадпрыемстваў для прыняцця студэнтаў факультэта на вытворчую практыку, а таксама да кіравання гэтаю практыкаю інжынерна-тэхнічнымі сіламі прадпрыемстваў.

7. У звязку з тым, што ўплатненне праграмы хіміка-тэхналагічнага факультэта выклікае патрэбу павелічэння выдаткаў, даручыць Народнаму камісарыяту асветы і Народнаму камісарыяту фінансаў вышукаць патрэбныя сродкі на гэтую патрэбу.

8. Запрапанаваць Белдзяржбуду зараз жа пачаць мантаж хімічнага факультэта.

9. Запрапанаваць Вышэйшаму савету народнай гаспадаркі закантрактаваць у гэтым годзе не менш за 50 студэнтаў хіміка-тэхналагічнага факультэта.

10. Запрапанаваць Народнаму камісарыяту асветы пачаць у бягучым будаўнічым сезоне будаванне студэнцкага інтэрната для забеспячэння з наступнага года памяшканнямі студэнтаў хіміка-тэхналагічнага факультэта.

Даручыць Народнаму камісарыяту фінансаў і Народнаму камісарыяту асветы скласці каштарыс на будаванне гэтага інтэрната і падаць на зацвярджэнне Старшыні Савета народных камісараў...

11. Запрапанаваць Народнаму камісарыяту асветы і Беларускаму дзяржаўнаму універсітэту абмеркаваць пытанне аб мэтазгоднасці прымаць студэнтаў па трыместрах, што дасць магчымасць больш поўна скарыстаць памяшканні і лабараторыі.

12. Запрапанаваць Народнаму камісарыяту асветы забяспечыць прыём з наступнага года на хіміка-тэхналагічны факультэт досыць падрыхтаванымі асобамі праз рабфакі і курсы для падрыхтоўкі рабочых у вышэйшыя школы, для чаго вылучыць адзін рабфак з адпаведным ухілам і спецыялізаваць некаторыя курсы для падрыхтоўкі на хіміка-тэхналагічны факультэт.

Старшыня Савета народных камісараў БССР М. Галадзед
Нам. кіраўніка спраў Савета народных камісараў
і Эканамічнай нарады БССР Л. Дубавіцкі

Собрание законов и распоряжений Рабоче-крестьянского правительства БССР. 1930. Отд. II. М 15.

FaLang translation system by Faboba