ДАКЛАДНАЯ ЗАПІСКА РЭКТАРА БДУ Я. П. КАРАНЕЎСКАГА АБ РЭАРГАНІЗАЦЫІ БДУ

18 сакавіка 1931 г.

У сувязі з запатрабаваннямі і шпаркімі тэмпамі развіцця індустрыялізацыі, сацыялістычнай рэканструкцыі сельскай гаспадаркі і вырашэння праблем культурнай рэвалюцыі ў сучасны перыяд сацыялізму ў нашай пралетарскай дзяржаве існуючыя шматфакультэтныя ВНУ, якім з’яўляецца зараз БДУ, павінны карэнным чынам рэарганізавацца. БДУ за 10 год свайго існавання развіўся ў магутную, але вельмі складаную, грамадскую па сваёй сутнасці вышэйшую навучальную ўстанову БССР.

Сучасны этап сацыялістычнага будаўніцтва настойліва вымагае падзяліць БДУ пафакультэтна (іх — 3) і па блізкіх па навучальных галінах аддзяленнях (іх — 15) на самастойныя інстытуты з рэзка выражанай спецыяльнасцю. Гэту задачу БДУ часткова ўжо вырашыў у пачатку 1930/31 навучальнага года, выдзеліўшы медфак і хімфак у самастойныя інстытуты. 3 застаўшыхся на сёння факультэтаў, акрамя рабфака, БДУ трэба, па маёй думцы, разбіць на наступныя самастойныя інстытуты: Педінстытут, Інстытут сав. буд. і права, Прамыслова-кааперацыйны інстытут і Фінансава-планавы інстытут. Аддзяленне савец. будаўніцтва камвуза трэба аб’яднаць з аддз. сав. будаўніцтва ін-та. Сельскагаспадарчае аддзяленне наргаса аб’яднаць з адпаведным аддз. Горацкай с/г акадэміі. У адпаведнасці з сучаснымі запатрабаваннямі сацыялістычнай рэканструкцыі сельскай гаспадаркі павінна быць падзелена на адпаведныя інстытуты і Горацкая с/г акадэмія.

У выніку падзелу БДУ і Горацкай с /г акадэміі і ўлічваючы ўжо існуючыя ВНУ, у БССР прыблізна будзе 20 ВНУ (іх зараз 13), дзе будуць падрыхтоўвацца высокакваліфікаваныя пралетарскія кадры вузкай спецыяльнасці для ўсіх галін народнай гаспадаркі БССР, савецкага будаўніцтва і педкадры для сямігодак і тэхнікумаў.

Побач з гэтым паўстае ва ўсёй сваёй велічыні пытанне, і яго трэба вырашыць, па маёй думцы, не адкладваючы на доўгі час, — гэта вось якое: якая вышэйшая навучальная ўстанова будзе ствараць у БССР кафедры для кадраў тыпу асістэнтаў, групаводаў, лабарантаў, навукова-даследчых працаўнікоў масавага тыпу, лабарантаў для навуковых лабараторый на фабрыках, заводах, камбінатах, доследных станцыях, буйных жывёлагадоўчых саўгасаў, саўгасаў-гігантаў на асушаных балотах і г. д. Ніжэйпрыведзеным я хачу абгрунтаваць усю рэальнасць і вялікую неабходнасць вышэйпамянёных кадраў.

Тая высокакваліфікаваная прафесура і дацэнтура, якая працуе ў нашых ВНУ, перагружана выкладчыцкай працай да немагчымага.

Ёсць шмат выпадкаў сярод праф. Мінска, калі прафесары маюць 1000 гадавых гадзін выкладч. працы. У выніку такой перагрузкі яны дэкваліфікуюцца, якасць іх працы пагаршаецца. Навукова-даследчай працай, так патрэбнай нам для паспяховага сацыялістычнага будаўніцтва, не займаюцца. Па БДУ за апошні год амаль ніхто з праф. не напісаў, за адсутнасцю патрэбнага часу, даследчай навуковай працы. Прафесура за рэдкімі выключэннямі не чытае найноўшай літаратуры і не сочыць за апошнімі дасягненнямі ў галіне навукі і тэхнікі, як па СССР, гэтак і замяжовай.

У сувязі з адміраннем лекцыйнага метаду ў ВНУ і пераходам да актыўнага лабараторнага метаду заняткаў пры адсутнасці дастатковай колькасці асістэнтаў, групаводаў, лабарантаў прафесура выкарыстоўваецца нерацыянальна. Заміж агульнага навуковага кіраўніцтва кафедрай, дысцыплінай, уключных і заключных канферэнцый прафесар з’яўляецца адначасова групаводам, выконвае абавязкі асістэнта і інш.

Актыўны метад выкладання ў ВНУ патрабуе шмат малодшых навуковых працаўнікоў. (У групе працуе усяго ад 10 да 26 студэнтаў.)

Дапамогу студэнтам у часе распрацоўкі кожнага задання павінен даваць у групе групавод, прымаць ад студ. распрацаванае заданне — асістэнт, а канферэнцыі ўступныя і заключныя, а таксама і неабходныя лекцыі павінен праводзіць прафесар — высокакваліфікаваны навуковы працаўнік. Такога становішча, на жаль, за адсутнасцю дастатковай патрэбнай колькасці навуковых працаўнікоў малодшага складу ў ВНУ мы не маем. Усё гэта дрэнна адбіваецца на прадукцыйнасці працы студэнтаў, якасці іх падрыхтоўкі і з’яўляецца немэтазгодным выкарыстоўванне высокакваліфікаваных і каштоўных для навукова-даследчай працы навуковых працаўнікоў, якія пры перагрузах выкладчыцкай працай год ад году дэкваліфікуюцца.

Арганізаваны з гэтага года інстытут аспірантуры пры БАН павінен рыхтаваць дацэнтаў па сацыяльна-эканамічных дысцыплінах для ВНУ.

Хімія, фізіка, біялагічныя навукі, метэаралогія і інш. прыродазнаўчыя навукі набываюць у сацыялістычным будаўніцтве і абароне Савецкага Саюза асабліва велізарнае значэнне. Зусім відавочна, што ў бліжэйшыя гады нашы буйныя заводы, фабрыкі, саўгасы, даследчыя станцыі, сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы павялічаць значна колькасць для іх нармальнай працы, спецыяльных навуковых лабараторый і кабінетаў. Навука і тэхніка безадкладна павінны поўнасцю і цалкам стаць на службу пралетарыяту праз спецыяльныя навуковыя лабараторыі і фабрыкі — ВТУЗы і ВУЗы на самой вытворчасці.

У галіне прамысловасці такая фабрыка, як Магілёўская фабрыка штучнага валакна, Добрушская папяровая фабрыка, запалкавая фабрыка, гуты, асабліва па выпрацоўцы хімічнай пасуды, тэкстыльная прамысловасць, скураная прамысловасць і інш. павінны мець на самой вытворчасці навукова-даследчыя лабараторыі для сістэматычнага навуковага ўплыву на паляпшэнне якасці прадукцыі.

У галіне сельскай гаспадаркі хімічныя лабараторыі, зоатэхнічныя, біялагічныя, метэаралагічныя станцыі і інш. павінны існаваць у кожным буйным саўгасе, даследчых станцыях, камбінатах па перапрацоўцы сельскагаспадарчых прадуктаў і г. д.

Асабліва вялікае значэнне будуць адыгрываць для правільнага паспяховага вядзення сельскай гаспадаркі навуковыя лабараторыі ў саўгасе на тарфяных масівах БССР, якія займаюць звыш 1 мільёна га і будуць асушаны ў бліжэйшыя гады, на якіх раскінуцца магутныя сацыялістычныя фабрыкі — тэхнічных і збожжавых культур.

Адна Мінская цэнтральная балотная станцыя ні ў якім разе не справіцца абслужыць саўгасы і калгасы на меліяраваных балотах, якія ўжо арганізаваны і будуць яшчэ больш утвораны ў бліжэйшыя 2—3 гады. Вырашэнне жывёлагадоўчай праблемы на сацыялістычных асновах патрабуе таксама належнага і дастатковага навуковага абслугоўвання жывёлагадоўчых калгасаў і саўгасаў і даследчых станцый, асабліва па эпізаотыі. Лясная гаспадарка ў эканоміцы БССР і Савецкага Саюзу адыгрывае велізарную ролю. Для правільнага сацыялістычнага вядзення лясной гаспадаркі навуковае абслугоўванне яе з’яўляецца неабходнейшай справай.

У галіне аховы здароўя — пры бальніцах, клініках, санаторыях, дамах адпачынку, пастэраўскіх, бактэрыялагічных інстытутах — для абслугоўвання іх лабараторыі патрэбна значная колькасць лабарантаў і, наогул, малодшых навукова-даследчых працаўнікоў.

Лабараторыі ВНУ, даследчых інстытутаў і даследчых станцый БССР абслугоўваюцца зараз выпадковымі і ў сваёй большасці непадрыхтаванымі людзьмі з малодшага складу навуковых працаўнікоў.

Прычым і гэтакіх зараз атрымаць на працу вельмі цяжка, бо іх ні адна ўстанова нідзе пакуль што не рыхтуе.

Рабочае вынаходніцтва павінна атрымліваць належную сабе навуковую дапамогу, шляхам кансультацыі перш за ўсё тут жа на вытворчасці ў навукова-даследчых лабараторыях, кабінетах. Для далейшага ўдасканалення вынаходцаў па пэўнай спецыяльнасці і атрымання неабходных навуковых і тэхнічных ведаў яны (вынаходцы) павіннымець для сябе спецыяльны сектар у вышэйшай навучальнай установе тыпу універсітэта. Гэтага мы, на жаль, пакуль што ў ВНУ не маем.

Я думаю, што зусім дастаткова пералічаных тут мной меркаванняў адносна патрэб у інтарэсах нашага паспяховага сацыялістычнага будаўніцтва на ўсіх франтах, каб зрабіць на аснове гэтага наступныя вывады ў сувязі з надыходзячай рэарганізацыяй БДУ і Горацкай с/г акадэміі.

Педфак БДУ патрэбна рэарганізаваць у самастойны вышэйшы педінстытут, які будзе рыхтаваць педагагічныя кадры для III канцэнтру політэхнічнай школы і тэхнікумаў, падпарадкаваўшы яго НКА.

Існуючы рабфак пры БДУ цалкам перадаць педінстытуту.

Факультэт народнай гаспадаркі (наргас), які складаецца зараз з 5 аддзяленняў (прамысловае, кааперацыйнае, фінансавае, планавае і сельскагаспадарчае), раздзяліць на два самастойныя інстытуты, выдзеліўшы з яго цяперашняга складу с/г аддзяленне і злучыўшы яго з адпаведным факультэтам Горацкай с/г акадэміі. 3 наргасу стварыць:

а) прамыслова-кааперацыйны інстытут (з прамысловым і кааперац. фак.), які будзе рыхтаваць кадры эканамічных інжынераў для прамысловасці і кааперацыйнай сістэмы. Інстытут гэты перадаць ВСНГ,

б) планава-фінансавы інстытут (з планавым і фінан. фак.), які будзе рыхтаваць эканамістаў-планавікоў для Дзяржплана, фінансавых органаў (і для раёнаў), банкаўскай сістэмы і ашчадкас. Гэты інстытут перадаць НКФ альбо Дзяржплану.

Факультэт савецкага будаўніцтва і права з рацыяналізатарскім аддзяленнем, якое адчыняецца пры ім з І/ІУ, рэарганізаваць у самастойны інстытут савецкага будаўніцтва і права, пры чым аддз. савец. будаўніцтва пры камвузе зачыніць, злучыўшы яго з адпаведным аддз. інстытута. Інстытут будзе рыхтаваць кадры для НКЮ (юрыстаў) для РСІ, ЦВК, РВК, інструктараў і рацыяналізатараў для савецкіх, прафесійных, кааперац. устаноў, буйных прамысловых прадпрыемстваў і саўгасаў. Інстытут савецкага будаўніцтва і права перадаць ЦВК альбо НКЮ. 

Усю працу па рэарганізацыі і выдзяленні вышэйпералічаных інстытутаў скончыць да асенняга набору, даручыўшы гэту справу Урадавай камісіі пры СНК.

Для гаспадарчага абслугоўвання інстытутаў, якія будуць змешчаны на тэрыторыі Універсітэцкага гарадка, утварыць асобную гаспадарчую ўстанову па забеспячэнні інстытутаў апалам, электрычнасцю, газам, з супрацьпажарнай і надворнай аховай, некаторых дапаможных устаноў вайсковай кафедры (агульны цір, склад аружжа, баявых прыпасаў і інш.).

Гэта гаспадарчае кіраўніцтва трэба ўтварыць як найхутчэй з тым, каб акрамя неабходнага дастатковага абслугоўвання будынкаў Універсітэцкага гарадка перадаць яму справу па заканчэнні будаўнічых работ па гарадку.

Замест існуючай зараз структуры і мэтавай устаноўкі БДУ пасля рэарганізацыі факультэтаў у самастойныя інстытуты рэарганізаваць БДУ па прыкладу РСФСР у вышэйшую навуковую ўстанову, якая будзе рыхтаваць выкладчыкаў для ВНУ тыпу асістэнтаў, групаводаў і навукова-даследчых работнікаў масавага тыпу, а таксама лабарантаў ВНУ, даследчых інстытутаў, медычных устаноў, завадскіх навуковых лабараторый, даследчых станцый і да т. п.

Універсітэт будзе рыхтаваць працаўнікоў паказанага вышэй тыпу прыродным і дакладным навукам (хімія, біялогія, матэматыка, фізіка, астраномія і г. д.).

Па сацыяльна-эканамічных навуках навуковыя кадры будзе рыхтаваць Інстытут аспірантуры пры БАН, альбо ў складзе універсітэта можа існаваць сектар па сацыяльна-эканамічных дысцыплінах. Першы прыём у рэарганізаваны універсітэт патрэбна будзе зрабіць у восень бягучага года.

Універсітэт гэты падпарадкаваць трэба НКА, якому належаць функцыі падрыхтоўкі і планавання навуковымі кадрамі БССР.

Дадатак. Копія пастановы Калегіі НКА РСФСР аб рэарганізацыі універсітэта*.

Рэктар БДУ Я. Каранеўскі**

НАРБ. Ф. 4-п. Воп. 14. Спр. 42. Л. 74— 77. Машынапіс. коп.

* Не друкуецца.
** Подпіс адсутнічае.

FaLang translation system by Faboba