З АРТЫКУЛА АКАДЭМІКА М. М. НІКОЛЬСКАГА «СЕМІНАРЫ - АСНОВА НАВУКОВА-ДАСЛЕДЧАЙ ПРАЦЫ СТУДЭНТАЎ»

19 сакавіка 1936 г*

Асноўная задача гістарычных факультэтаў заключаецца ў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных навуковых кадраў у галіне марксісцка-ленінскай гістарычнай навукі. Адсюль пытанне аб арганізацыі навукова-даследчай работы студэнтаў-гісторыкаў набывае першаступеннае значэнне.

Першай прадпасылкай арганізацыі навукова-даследчай работы студэнтаў-гісторыкаў павінна быць адпаведная арганізацыя семінарскіх заняткаў.

Гэтыя заняткі на гістарычных факультэтах павінны будавацца не па прынцыпу дапаможных заняткаў, у форме рэпетыцыі ці прапрацоўкі асобных пытанняў курса, а па прынцыпу свайго рода школы тэхнікі навукова-даследчай работы. Такі характар павінны насіць ужо прасемінарскія заняткі на першым курсе. Семінарскія заняткі на наступных курсах павінны будавацца так, каб па меры засваення гістарычнага матэрыялу і па меры аўладання тэхнікай гістарычнай даследчай работы маглі ставіцца і вырашацца даступныя для студэнтаў тэмы даследчага характару.

Зыходзячы з гэтага, я паставіў прасемінарскія заняткі на першым курсе 1934/35 года як заняткі прапедэўтычнага (падрыхтоўчага) тыпу.

Яны насілі форму галоўным чынам чытання і тлумачэння ўрыўкаў з першакрыніц пад кіраўніцтвам прафесара. Папярэдняя прапрацоўка ўрыўкаў праводзілася брыгадамі. Ад кожнай брыгады невялікі (5—10 мінут) цэлы даклад, які служыў зыходным пунктам для калектыўнай прапрацоўкі на занятках. Такім чынам, студэнты прывучаліся да карыстання першакрыніцамі, прычым у першую чаргу павінны былі засвоіць асноўныя элементарныя прыёмы гістарычнай крытыкі. Работа вялася як над дакументальным, так і над гістарычным матэрыялам.

На базе праробленай за 1934/35 год работы ў бягучым навучальным годзе мною пастаўлены заняткі нармальнага семінарскага тыпу. Кожны студэнт павінен распрацаваць адну тэму і прадставіць па ёй пісьмовы даклад. Для разборкі тэмы ўказваюцца: 1) асноўныя ўрыўкі з першакрыніц, 2) мінімальна неабходныя ўрыўкі з літаратуры, 3) установачныя выказванні Маркса і Энгельса па даных пытаннях.

Кожны студэнт павінен даказаць, што ён умее прымяніць да гістарычнага матэрыялу марксісцкі метад апрацоўкі і што ён можа разбірацца ў першакрыніцах і абгрунтоўваць іх матэрыялам свае палажэнні. Літаратурныя дапаможнікі павінны служыць пры гэтым іменна толькі дапаможнікамі, а да ўрыўкаў з буржуазнай гістарыяграфіі студэнт павінен праявіць і свае гістарычныя адносіны.

Асаблівасць маіх заняткаў гэтага года заключаецца яшчэ ў тым, што кожны студэнт, апрача свайго даклада, павінен прадставіць яшчэ падрабязны вусны крытычны разбор аднаго з дакладаў таварышаў, папярэдне прачытаўшы крытыкуемы даклад і ўвесь паказаны для апошняга матэрыял. Гэта заданне мае велізарнае метадалагічнае значэнне, бо яно не толькі прывучае студэнтаў да правільных прыёмаў крытычнай работы, але таксама дапамагае студэнтам унікнуць памылак пры рабоце над сваімі тэмамі.

У працэсе падрыхтавання работы я даю студэнтам кансультацыі па ўсіх пытаннях, па якіх яны сустракаюць труднасці. Гэтыя кансультацыі я лічу неабходнымі для кожнага дакладчыка. На кансультацыях мною даюцца метадалагічныя і тэхнічныя ўказанні, каб дапамагчы дакладчыку аўладаць і правільна выкарыстаць указаны яму матэрыял для распрацоўкі тэм.

Якія ж першыя вынікі семінарскіх заняткаў за апошняе паўгоддзе? За гэты час былі прадстаўлены, прачытаны і разабраны дзевяць дакладаў. 3 іх адзін аказаўся нездавальняючым, астатнія здавальняючымі. Хоць у некаторых з іх былі даволі буйныя недахопы, аднак іх аўтары добрасумленна прапрацавалі ўказаны матэрыял і па меры сваіх сіл і магчымасцей стараліся даць самастойныя работы.

Пакажу коратка асноўныя агульныя недахопы, выяўленыя за тры месяцы. Па-першае, выявілася, што далёка не ўсе студэнты добра ўсвоілі агульны курс старажытнай гісторыі. Гэта часткова сказалася ў дакладах, але часцей выяўляецца ў спрэчках. Між тым агульны курс — гэта фундамент для работы над кожнай спецыяльнай тэмай.

Зараз гэта ясна для ўсіх удзельнікаў семінара.

Па-другое, выступаўшыя дакладчыкі не ўмеюць тэхнічна правільна выкарыстоўваць установачныя выказванні Маркса і Энгельса.

Звычайна яны сканцэнтроўваюць гэты матэрыял ва ўводнай частцы, а ў гістарычнай частцы іншы раз аб ім забываюць. Толькі адзін даклад быў пабудаваны ў гэтых адносінах правільна. Але буйных метадалагічных памылак у дакладах да гэтага часу не было.

Па-трэцяе, дакладчыкі паказалі, што яны ўмеюць выбіраць з крыніц матэрыялы, але яшчэ слабыя ў галіне крытычнага аналізу.

Усякая крыніца, якім бы ні быў яе змест, звычайна называецца «дакументам», не высвятляецца ступень яго даставернасці, не зварочваецца ўвага на яго эпоху, на палітычныя погляды яго аўтараў і г. д. На апошніх занятках перамаганне гэтага недахопу пачалося ўжо з боку студэнтаў у спрэчках.

Па-чацвёртае, сказваецца агульная слабасць тэхнікі як агульна-літаратурнага парадку, так і спецыяльнай гістарычнай тэхнікі. Гэта праяўляецца ў недастатковай прапрацоўцы плана, у няўменні правільна вызначыць суадносіны асобных частак работы і выразна іх дыферэнцыяваць, у няўменні даваць цытаты ў такім выглядзе, каб яны адразу і поўнасцю дасягалі сваёй мэты і ў цэлым радзе іншых больш дробных недахопаў.

У гэтым паўгоддзі прадстаіць работа, якая дасць магчымасць зрабіць некаторыя канчатковыя вывады. Зараз можна толькі сказаць, што метадалагічная аснова ў студэнтаў дастатковая, але што фактычны фундамент — у выглядзе добрага ўсваення агульнага курса — слабы, і што на шляху аўладання тэхнікай зроблены яшчэ толькі першыя крокі...

За ленінскія кадры. 1936. 19 сак.

* Дата друкавання.

FaLang translation system by Faboba