Парахневіч Уладзімір Аляксеевіч
Нарадзіўся 18 студзеня 1918 г. у в. Аўсімавічы Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці ў сям’і селяніна. Скончыў фізіка-матэматычны факультэт БДУ ў 1941 г. Са жніўня 1941 г. у падпольнай групе (Варатынскі сельсавет, Бабруйскі раён), з ліпеня 1942 г. – баец, затым камандзір дыверсійнай групы 537-га партызанскага атрада брыгады імя С. М. Кірава (Магілёўская вобласць). Пад яго кіраўніцтвам група пусціла пад адхон на ўчастку чыгункі Бабруйск – Жлобін 21 варожы эшалон. З лістапада 1943 г. з’яўляўся палітруком роты 539-га атрада 9-й патрызанскай брыгады імя С. М. Кірава.
Званне Героя Савецкага Саюза Уладзіміру Аляксеевічу Парахневічу прысвоена 15 жніўня 1944 г.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся на камсамольскай і педагагічнай працы ў Мінску. Займаў пасаду дырэктара СШ № 21 г. Мінска. Удастоены звання Заслужаны настаўнік БССР.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі і медалямі.
Памёр 28 ліпеня 1980 г. Яго імем названа вуліца ў Мінску.