Владимир Степанович Бобровницкий
1905 г. — ?
Ректор с 08 января 1938 г. по 12 июля 1938 г.
Нарадзіўся Уладзімір Сцяпанавіч Бабраўніцкі ў 1905 г. у мястэчку Койданава (сучасны Дзяржынск). Акрамя яго, у сям'і былі тры браты і дзве сястры. Пэўна, бацькі разумелі неабходнасць даць дзецям адукацыю — усе яны вучыліся ў школе. Уладзімір, скончыўшы ў 1923 г. сямігадовую школу, вырашыў працягваць вучобу далей. Ён прыязджае ў Мінск, дзе атрымлівае сярэднюю адукацыю. Яму раілі працягваць вучыцца, і юнак скіраваўся ў Беларускі інстытут сельскай і лясной гаспадаркі. Але ў інстытуце ўжо ішла рэарганізацыя — неўзабаве ён быў далучаны да Горы-Горыцкага сельскагаспадарчага інстытута, і ў 1925 г. была створана Беларуская дзяржаўная акадэмія сельскай гаспадаркі. У тым жа годзе Уладзімір паступіў вучыцца на лясны факультэт акадэміі.
У 1929 г. Уладзімір Бабраўніцкі завяршыў вучобу з прысваеннем яму звання інжынера-лесагаспадарніка. У верасні таго ж года ён быў залічаны ў аспірантуру па кафедры хімічнай тэхналогіі Гомельскага лесатэхнічнага інстытута, які быў створаны на базе ляснога факультэта БАСТ (сёння Беларускі тэхналагічны ўніверсітэт). Аспірантуру Уладзімір Бабраўніцкі скончыў датэрмінова, але без абароны дысертацыі 1 верасня 1930 г., пасля чаго пачаў працаваць асістэнтам кафедры хіміі таго ж інстытута.
У 1932 г. ён стаў дацэнтам. Аднак хімічнае аддзяленне ў інстытуце тады закрылі, і Уладзімір Сцяпанавіч некаторы час працаваў намеснікам дырэктара інстытута па вучэбнай частцы. Пасля, па парадзе сяброў і, пэўна, адчуваючы неабходнасць працягнуць вучобу, У. С. Бабраўніцкі ў жніўні 1934 г. пераехаў у Мінск і зноў паступіў у аспірантуру — на гэты раз Акадэміі навук БССР. Вынікам вучобы стала паспяховая абарона ў красавіку 1936 г. кандыдацкай дысертацыі на тэму «Каталітычная кандэнсацыя ацэтылена з хлорангідрыдамі ў прысутнасці напаўхлорыстай медзі».
У сакавіку 1936 г. У. С. Бабраўніцкі быў прызначаны часова выконваючым абавязкі дырэктара аддзялення падрыхтоўкі навукова-даследчых кадраў БелАН. Аднак прыём у аспірантуру АН быў спынены яшчэ ў 1934 г. і на канец 1936 г. у ёй засталося толькі 18 чалавек. У студзені 1937 г. па дакладу У. С. Бабраўніцкага Прэзідыум акадэміі прыняў рашэнне аб ліквідацыі аддзела.
Пры ўсёй занятасці на працы Уладзімір Сцяпанавіч працягваў працаваць ужо над доктарскай дысертацыяй, праводзячы вольны час у лабараторыі. Аднак скончыць гэтую працу не паспеў. У пачатку студзеня 1938 г. яго выклікалі ў Народны камісарыят асветы, дзе нарком У. I. Півавараў паведаміў аб рашэнні ЦК КП(б)Б і Усесаюзнага камітэта па справах вышэйшай школы пры СНК СССР аб прызначэнні яго рэктарам БДУ.
8 студзеня 1938 г. у. С. Бабраўніцкі прыняў справы ад выконваючага абавязкі рэктара А. Н. Андрушчанкі.
12 ліпеня 1938 г. ён быў арыштаваны прама ў сваім працоўным кабінеце. У. С. Бабраўніцкага абвінавацілі ў тым, што ён з’яўляецца «ўдзельнікам антысавецкай нацыянал-фашысцкай арганізацыі, праводзіў шкодніцкую работу ў АН Беларусі і Белдзяржуніверсітэце». 21 ліпеня рэктар пачаў даваць паказанні. Ён прызнаваўся ў тым, што падчас вучобы ў Горыцкай СГА зрываў «Дні леса», «вооружал» сялян супраць калектывізацыі, быў знаёмы з М. I. Гарэцкім, А. С. Вечарам, Я. М. Афанасьевым, М. А. Дарожкіным і іншымі «нацдэмамі», а ў Гомельскім лесатэхнічным інстытуце праводзіў заняткі па брыгадна-лабараторнаму метаду.
Аднак на фоне грымеўшых маскоўскіх працэсаў усе гэтыя «злачынствы» выглядалі нейкімі млявымі і непераканаўчымі. I ў сваіх паказаннях Уладзімір Сцяпанавіч вымушаны (як гэта рабілася, зразумела) прыпісаць практычнае шкодніцтва: «Я налил в литровый стакан соляной кислоты и влил в бутыль с азотной кислотой, а азотную налил в соляную». А пасля ён «прызнаецца» і ў шпіянажы, і ва ўдзеле ў «нацфашысцкай арганізацыі» разам з наркомам У. Л. Піваваравым, і ў стварэнні нацфашысцкай арганізацыі ў БДУ і АН. Аднак пісаць паказанні У. С. Бабраўніцкі не скончыў і не падпісаў іх.
У верасні 1938 г. у час допыту У. С. Бабраўніцкі заявіў, што «ўдзельнікам нацфашысцкай арганізацыі ніколі не з’яўляўся». У снежні ён пацвердзіў гэтыя свае словы, дадаўшы, што і шкодніцкай работы нідзе не праводзіў. На допытах у 1939 г. ён ізноў заявіў, што ніколі не быў удзельнікам нацфашысцкай арганізацыі і аб яе існаванні не ведаў. Усе ранейшыя прызнанні і паказанні пры вочных стаўках з М. А. Дарожкіным, У. Л. Піваваравым і іншымі былі зроблены ў выніку «фізічнага і маральнага ўздзеяння з боку следчых», з-за чаго Уладзімір Сцяпанавіч быў даведзены да «бессвядомага стану». У паказаннях ён, асмялеўшы, пісаў: «Мяне збівалі 4 сутак бесперапынна з 12 па 16 ліпеня 1938 г. без прад’яўлення ордэру на арышт (ордэр падпісаны і санкцыя дадзена 16 ліпеня)... Такое збіццё працягвалася да 20 верасня 1938 г.». Гэта і прымусіла яго паклёпнічаць на сябе і іншых.
Цяпер ужо У. С. Бабраўніцкаму інкрымінаваўся не ўдзел у фантастычных арганізацыях, а ліквідацыя аспірантуры ў АН і шкодніцкая дзейнасць у БДУ. Следчыя выклікалі студэнтаў, якія давалі паказанні аб тым, што былы рэктар скарачаў гадзіны па дыялектычным матэрыялізме, не вёў барацьбу з недысцыплінаванасцю, хаваў (!) ад ЦК КП(б)Б і СНК неабходнасць пабудовы інтэрната і г. д. Гэтыя высновы падмацоўваліся актам камісіі парткама ад 7 верасня 1938 г.3 5 «Аб кантррэвалюцыйнай дзейнасці былога рэктара Белдзяржуніверсітэта Бабраўніцкага У. С.».
Аднак былы рэктар адмаўляў сваю віну і пратакол аб заканчэнні следства падпісаць адмовіўся, як і ў першы раз, абвяргаючы абвінавачванні ў тым, што не ім прымаліся рашэнні аб закрыцці аспірантуры, а кватэры адмовіліся даць БДУ гарсавет і СНК. У. С. Бабраўніцкі хадайнічаў аб новых вочных стаўках з тымі асобамі, якія яго абвінавачвалі. Але яму было адмоўлена.
Нягледзячы на ўсю непераканаўчасць матэрыялаў, следствам было нададзена абвінаваўчае заключэнне, згодна з якім У. С. Бабраўніцкі абвінавачваўся ў тым, што ён «з’яўляўся ўдзельнікам нацфашысцкай арганізацыі... па заданню якой праводзіў шкодніцкую работу ў Белдзяржуніверсітэце і АН БССР». Тут у заключэнні ёсць цікавы момант: у сувязі з тым, што У. С. Бабраўніцкі адмовіўся ад сваіх паказанняў, а тыя, хто абвінавачваў яго, асуджаны, а неасуджаныя таксама адмовіліся ад сваіх ранейшых паказанняў, і акрамя таго, што Бабраўніцкі да арышту з’яўляўся сакрэтным супрацоўнікам 2 аператыўных аддзелаў, следства прызнавала немэтазгодным слухаць справу ў судзе, а накіраваць яе на разгляд Асобай Нарады НКУС СССР.
Тут справа У. С. Бабраўніцкага прыпынілася. У студзені 1940 г. яна была вернута на даследаванне. За гэты час сваякі Уладзіміра Сцяпанавіча, яго бацька, жонка, брат спрабавалі дабіцца справядлівасці, пісалі лісты на імя наркома НКУС СССР Л. П. Берыі, I. В. Сталіна і М. I. Калініна, у якіх хадайнічалі зноў разабрацца з абвінавачваннямі супраць іх сына, мужа, брата, прасілі паспрыяць палягчэнню рэжыму яго ўтрымання, бо зіму 1938/39 г. У. С. Бабраўніцкі правёў у летняй вопратцы, у якой быў арыштаваны, а цёплыя рэчы прыняць адмовіліся. Усе гэтыя лісты трапілі ў Пракуратуру БССР, а затым — у матэрыялы следства.
Нанава дапытаныя сведкі адмовіліся ад сваіх ранейшых паказанняў, спаслаўшыся на тое, што пасля арышту У. С. Бабраўніцкага в. а. рэктара БДУ Ліхтарнікаў патрабаваў ад іх прадставіць быўшыя ў БДУ недахопы як вынік шкодніцкай дзейнасці былога рэктара. Зноў створаная камісія для даследавання практычнай работы былога рэктара БДУ прыйшла да высновы, што гэтая работа не была скіравана на зрыў падрыхтоўкі навуковых кадраў. Пры праверцы работы У. С. Бабраўніцкага ў Інстытуце хіміі АН БССР высветлілася, што там ён лічыўся як аспірант і ніякіх пасад не займаў. Паколькі і іншыя абвінавачванні не пацвердзіліся і шкодніцкая дзейнасць не была выяўлена, то пастановай 10 сакавіка 1940 г. справа была спынена, а сам Уладзімір Сцяпанавіч 16 сакавіка 1940 г. быў вызвалены з-пад варты.
Пасля вызвалення У. С. Бабраўніцкі быў адноўлены на працы ў БДУ. Да вайны ён працаваў дацэнтам кафедры арганічнай хіміі. 3 пачаткам вайны У. С. Бабраўніцкі эвакуіраваўся і быў прызначаны дырэктарам Мензялінскага педагагічнага вучылішча Татарскай АССР, дзе працаваў да 26 лістапада 1943 г. У снежні 1943 г. распараджэннем ЦК КП(б)Б ён быў адкліканы ў Маскву і скіраваны на работу ў Наркамат асветы БССР. Там ён да сакавіка 1947 г. працаваў у якасці кансультанта-метадыста Упраўлення вышэйшай школы і сакратаром партыйнай арганізацыі. Адначасова пасля вяртання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Мінск Уладзімір Сцяпанавіч зноў пачаў працаваць у ім. У БДУ ён чытаў курс лекцый па арганічнай хіміі на біяфаку, лесахімію і арганічны аналіз — на хімфаку. За выдатную працу ў галіне асветы ў ліпені 1945 г. У. С. Бабраўніцкі быў узнагароджаны Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, а ў 1946 г. — медалём «За доблестный труд в Великой Отечественной войне». Аднак праца ў апараце Міністэрства асветы не дазваляла яму ўдзяляць дастаткова ўвагі факультэту і навукова-даследчай працы. У. С. Бабраўніцкі надрукаваў пяць навуковых прац па пытаннях хіміі. Тым не менш 1 мая 1947 г. ён быў прызначаны намеснікам дырэктара НДІ хіміі БДУ, дзе працаваў да ліквідацыі інстытута ў сакавіку 1950 г. У хуткім часе Уладзімір Сцяпанавіч канчаткова перайшоў на выкладчыцкую работу ва ўніверсітэт.
Асабістае жыццё і адносіны з адміністрацыяй у У. С. Бабраўніцкага ніяк не складваліся. Пачасціліся спазненні на заняткі. Дзе шукаць карані гэтых зрываў — можа ў сям’і, у зламанай лёсам навуковай кар’еры? Ва ўсякім разе ні кіраўніцтва факультэта, ні рэктарат, здаецца, не імкнуліся высветліць прычыны гэтага. 3 паводзінамі У. С. Бабраўніцкага змагаліся выключна вымовамі і строгімі вымовамі.
Вынікам пропускаў партыйных сходаў стаў разгляд у чэрвені 1952 г. асабістай справы У. С. Бабраўніцкага і папярэджанне аб недапушчальнасці падобных паводзін.
I ў гэты час У. С. Бабраўніцкі працягваў займацца планавымі работамі над доктарскай дысертацыяй на тэму «Ператварэнне цярпенавых вуглевадародаў у прысутнасці бязводнага хлорыстага алюмінія». У чэрвені 1952 г. было разгледжана на сходзе кафедры арганічнай хіміі пытанне аб рэкамендацыі У. С. Бабраўніцкага ў дактарантуру. Кафедра рэкамендацыі не дала — была адзначана адрывачнасць выніковых дадзеных, адсутнасць неабходных друкаваных прац і нават літаратурнага агляду па тэме.
У характарыстыцы ад 29 красавіка 1954 г. адзначана, што лекцыйныя курсы і практычныя заняткі У. С. Бабраўніцкі вядзе на належным навуковым узроўні, прымае ўдзел у грамадскай працы, хоць было і дададзена, што за парушэнні працоўнай дысцыпліны ён меў спагнанні па адміністрацыйнай і партыйнай лініі. Больш, аднак, працаваць яму ў БДУ не прыйшлося. У ліпені 1955 г. у сувязі са скарачэннем аб’ёму педагагічнай нагрузкі на 1955/56 навучальны год ад працы ва ўніверсітэце быў вызвалены шэраг выкладчыкаў.
У іх ліку «скарацілі» і У. С. Бабраўніцкага.
По материалам: Яноўскі, А.А. Гісторыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў біяграфіях яго рэктараў / А.А. Яноўскі, А.Г. Зельскі - Мн.: БДУ, 2001. - 320 с.